Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў атрымаў украінскае грамадзянства


Васіль Парфянкоў з бацькам, пасьля раненьня ў зоне АТА, у Адэскім шпіталі. Адэса, 20 верасьня 2015 году
Васіль Парфянкоў з бацькам, пасьля раненьня ў зоне АТА, у Адэскім шпіталі. Адэса, 20 верасьня 2015 году

Камандзір Добраахвотніцкага корпусу АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў») Мікола Каханоўскі паведаміў, што Васілю Парфянкову, які ваюе ў складзе гэтага падразьдзяленьня, нададзена ўкраінскае грамадзянства.

«Сябры, з радасьцю павінен канстатаваць: справа прадастаўленьня грамадзянства байцам АУН зрушылася зь месца. Першы з АУНаўцаў атрымаў грамадзянства Сябро. Уласна, Васіль Парфянкоў „Сябро“ — фігура даволі вядомая ў Беларусі як заўзяты змагар з рэжымам Лукашэнкі. Ва Ўкраіне вызначыўся таксама як сьмелы і дысцыплінаваны воін Дабрабату АУН. Гэта значыць, добра ваяваў у Пясках, два месяцы таму быў паранены, цяпер на рэабілітацыі».

Каханоўскі паведамляе, што Парфянкоў падаў дакумэнты ў міграцыйную службу, пазьней яго выклікалі ў СБУ і спыталі, чаму ён ня можа вярнуцца ў Беларусь.

«Сябро распавёў, што на яго ў Беларусі адкрытыя дзьве справы: першая — па нацыянальнай дзейнасьці ў Беларусі, другая — за найміцтва за яе межамі, а менавіта ва Ўкраіне. СБУ накіравала запыт у беларускі КДБ, словы Сябры пацьвердзіліся. І вось нядаўна наш субрат атрымаў пашпарт грамадзяніна Ўкраіны!»

Мікола Каханоўскі патлумачыў Свабодзе, якім чынам былы беларускі палітычны вязень Васіль Парфянкоў атрымаў украінскі пашпарт:

«Рашэньне было прынята на ўзроўні Службы бясьпекі Ўкраіны. Васіль падаў у міграцыйную службу ўсе патрэбныя дакумэнты, а таксама даведку пра тое, што ваяваў у маім батальёне і быў паранены. Ня ведаю, ці быў нейкі ўказ прэзыдэнта, але празь некаторы час Васіль Парфянкоў атрымаў у пашпартным стале пашпарт грамадзяніна Ўкраіны. Перад гэтым СБУ знайшло пацьверджаньне, што ён быў перасьледаваны ў Беларусі».

Спадар Каханоўскі ня ведае, ці атрымалі ўкраінскі пашпарт іншыя беларусы, якія паехалі ваяваць на баку Ўкраіны:

«Я ведаю, што ёсьць яшчэ беларускія добраахвотнікі, якім неабходна атрымаць украінскае грамадзянства. Але не магу сказаць, ці ўдалося гэта каму яшчэ. У маім батальёне толькі адзін беларус — я дапамагаў яму ў гэтай справе як мог».

Мікола Каханоўскі таксама паведаміў, што Васіль Парфянкоў цяпер на рэабілітацыі ў Заходняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG