Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкам не вяртаюць інструмэнты і гукавую апаратуру, адабраную пры разгоне панк-канцэрту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вольга — грамадзянка Расеі, але рэгулярна бывае ў Менску, захапляецца сучаснай музыкай і сябруе зь беларускімі панк-музыкамі. Больш як тры месяцы Вольга дамагаецца ад менскай раённай міліцыі, каб ёй вярнулі музычнае і гукавое абсталяваньне коштам звыш 4 тысяч даляраў. Гэтую Вользіну ўласнасьць міліцыянты адабралі 1 жніўня, калі разагналі ў лесе пад Ратамкай Augustowski Forest Gig — імправізаваны канцэрт з удзелам Destroyers, Chaos Machine, Grossman, Time2Begin, The Small ды іншых групаў. Тады амапаўцы ня проста спынілі канцэрт, але і затрымалі некалькі музыкаў. На затрыманых завялі адміністрацыйную справу аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але да суду яна не дайшла, справу закрылі. А вось адабраныя ў музыкаў інструмэнты дагэтуль не вярнулі. Музыкі засьведчылі ў міліцыі, што інструмэнты належаць Вользе, але яе самой на канцэрце не было — атрымліваецца, уласнасьць невядома чыя і яе можна не вяртаць? Вольга марна пісала заявы ў Менскі РУУС, сустракалася са сьледчай, скардзілася ў абласную міліцыю.

«Усё, што трэба было для канцэрту — больш за 20 найменьняў, — гэта забралі. Тры гітары, барабанная ўстаноўка, калёнкі розных відаў, правады, мікрафоны, стойкі для мікрафонаў, узмацняльнікі, мікшэрны пульт — бо мелася быць яшчэ і дыскатэка. Чэкаў на гэтыя рэчы ў мяне, зразумела, няма, бо навошта было іх зьбіраць? Большасьць куплялася ў Эўропе, рознымі шляхамі сюды прывозілі, перакуплялі. Ёсьць скрыні ад некаторых інструмэнтаў, але міліцыянты кажуць, што гэтага недастаткова, каб пацьвердзіць права на ўласнасьць. Яшчэ сказалі, што прымуць заявы ад тых, хто карыстаўся інструмэнтамі, што яны ўзялі іх у мяне, але такіх заяў усяго на некалькі пазыцыяў. А што рабіць з астатнім?»

Заявы на амапаўцаў аб зьбіцьці, якія напісалі два ўдзельнікі панк-канцэрту пад Ратамкай, правяраюць у Сьледчым камітэце. Але, паводле пацярпелых, неяк дзіўна. «За тры месяцы апыталі некалькі сьведак — і ўсё, цішыня. Больш ніякіх дзеяньняў. Справа недзе завісла», — распавёў адзін з пацярпелых музыкаў.

Нядаўна музыкі запісалі відэазварот, які выклалі ў інтэрнэце. «На мяне ляцела шэрая хваля — гэта быў АМАП», «Падчас канцэрту ўбачыў, што на танцполе людзі пачынаюць літаральна разьлятацца — гэта ўварвалася міліцыя», «Мяне зьбівалі ў пастарунку за тое, што патрабаваў ад міліцыянтаў назвацца», — згадвалі музыкі. На стужцы яны падрабязна распавялі ня толькі пра разгон канцэрту і гвалт з боку АМАПу, але і пра лёс апаратуры. «Заклікаем вярнуць нашу апаратуру. Дзейнічаць гэтак — прыкмета таго, што ў вас пачынаецца маразм», — зьвярнуўся адзін з музыкаў да ўладаў. «Мы будзем дзейнічаць далей і зьвяртацца ўсё вышэй», — папярэдзіла ў відэазвароце Вольга.

Пакуль вынікі відэазвароту некаторыя яго аўтары адчулі толькі ў тым, што іхнімі асобамі зацікавілася міліцыя. Гэтак, днямі на кватэру, дзе ў Менску жыве Вольга, прыходзілі два міліцыянты, каб спраўдзіць яе рэгістрацыю. Але што да лёсу апаратуры, у міліцыі Менскага раёну дзяўчыне нічога ня кажуць, калі яе вернуць. «Сёньня званіла ў райаддзел. Назвалі прозьвішча іншага міліцыянта, які будзе займацца гэтай справай. Але па сутнасьці нічога не зьмянілася», — паведаміла 9 лістапада Вольга карэспандэнту Свабоды.

Навошта было разганяць панк-канцэрт і адбіраць у музыкаў інструмэнты ды апаратуру? Вольга мяркуе, што такія дзеяньні адпавядаюць агульнай палітыцы што да моладзевай актыўнасьці.

«Такое не ўпершыню адбываецца з канцэртамі ў Менску ды іншых гарадах Беларусі. Ня толькі панк-канцэрты спыняюць і разганяюць, падключаючы АМАП. Прыяжджаюць нібыта шукаць наркотыкі, але заканчваецца тым, што нічога не знаходзяць, затое забіраюць апаратуру ды затрымліваюць музыкаў. Навошта? Мяркую, проста хочуць нас запалохаць. Ім ня трэба, каб мы самаарганізоўваліся, праводзілі для сябе нейкія канцэрты, якія нам цікавыя. Ім трэба, каб мы толькі працавалі ды пілі ўвечары ў пад’езьдзе».

Ці мае міліцыя права ўтрымліваць уласнасьць людзей, на якіх быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэньні? Былы сьледчы, праваабаронца Алег Воўчак кажа, што гэтае права абмежавана тэрмінамі адміністрацыйнай справы і пастановай суду. Калі ж справу закрылі да суду, уласнасьць мусяць вярнуць адразу.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Пасьля заяваў затрыманых, а яны давалі тлумачэньні, стала адразу зразумела, чые гэта інструмэнты і апаратура. Уласьніку ў такім выпадку ня трэба даказваць права на ўласнасьць, гэта міліцыя мусіць даказаць, што ўласнасьць належыць іншаму чалавеку, калі ёсьць нейкія падазрэньні. Таму, калі не аддаюць, трэба пісаць заяву ў пракуратуру, што незаконна ўтрымліваюць інструмэнты і апаратуру. Ды быць гатовым зьвяртацца ў суд», — кажа кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG