Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 4 лістапада: Прэзэнтацыя кнігі Адама Глобуса «Гісторыі пра Менск і ваколіцы»


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

Менск. У Літаратурным музэі Петруся Броўкі ў рамках праекту «Сустрэча з аўтарам» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Адама Глобуса «Гісторыі пра Менск і ваколіцы». Запрошаны госьць — актор і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі. Уваход вольны. Пачатак у 19.00.

Менгарвыканкам праводзіць грамадзкія абмеркаваньні горадабудаўнічага праекту: Генэральны плян Менску (карэктаваньне). Азнаёміцца з праектам і пакінуць заўвагі і прапановы можна з панядзелка па пятніцу — з 14.00 да 18.00, у суботу і нядзелю — з 10.00 па 15.00) у будынку «Менскграда» (вул. Камсамольская, 8, 2 паверх, каб. 204).

Менск. Напярэдадні 22-га кінафэстывалю «Лістапад» конкурсная пляцоўка фэстывалю кінатэатар «Піянэр» запускае мініфэстываль «Іншая анімацыя» — недзіцячыя мультфільмы ў жанрах ад хорару да нуара.

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыцьцё выставы «Варыяцыі Існасьці», на якой будуць экспанавацца жывапісныя і графічныя работы, скульптура, а таксама творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, батык, прадстаўленыя сябрамі Магілёўскай і Бабруйскай арганізацый Беларускага саюза мастакоў.

Гэты дзень у гісторыі

1661 — у бітве пад Кушлікамі войска Рэчы Паспалітай атрымала перамогу над войскамі Маскоўскай дзяржавы.

1863 — расейскія карнікі схапілі паўстанцкага камісара Менскай губэрні Міхала Аскерку. Ён быў расстраляны, нягледзячы на тое, што родныя і сябры здолелі атрымаць ад Мураўёва дакумэнты пра зьмякчэньне прысуду. Але паведамленьне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня было накіравана ў Магілёў у вечар пасьля экзэкуцыі. Гэты эпізод апісаны Ўладзімерам Караткевічам у рамане «Нельга забыць».

1924 — у Віцебску адкрыўся вэтэрынарны інстытут.

1956 — савецкія войскі правялі апэрацыю «Віхар» для падаўленьня вугорскай рэвалюцыі. Адным зь ініцыятараў сілавога ўмяшальніцтва быў тагачасны амбасадар СССР у Вугоршчыне Юры Андропаў.

У гэты дзень нарадзіліся:

1887 — Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) — беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч.

1929 — Сяргей Карніловіч, дзяяч беларускай эміграцыі.

1940 — Яўген Гучок, беларускі паэт.

У гэты дзень памерлі:

1937 — расстраляны Аляксандар Вальковіч, дзяяч БНР, народны сакратар фінансаў БНР. У 1920 годзе эміграваў, у 1925 — вярнуўся ў БССР. У 1937-м асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да вышэйшай меры пакараньня.

1937 — расстраляныя беларускі мастак Хрыстафор Даркевіч і ягоны брат, мастацтвазнаўца Пятро Даркевіч.

1995 — забіты Іцхак Рабін, прэм’ер-міністар Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

Цытата на памяць:

«Жыцьцё мае гэткую сілу, гэткае лякарства, што яно заўсёды вылечвае ад застарэўшае хваробы... Мы павінны спадзявацца, што ўжо не за гарамі тая пара, калі і наша Беларусь стане на той самай ступені разьвіцьця, на якой стаяць і суседнія старонкі, да якога падняліся і братнія нам народы — славяне, як украінцы, чэхі, велікарусы, палякі і др.; што скора зьявіцца і к нам цёплая жывіцельная вясна, прыедзе вясёлай, маладой, на сьветлым, белым кані — адраджэньні — і разам растопіць халодны лёд, што аблёг шчыльна змучанае цела нашае родзіны. Беларусь прачнецца і зажыве, як другія народы і староны, — новая, свежая, маладая! Эх, праўда! Ці ж не чуваць, як ужо пяе першы жаваранак ідучага адраджэньня?! Ці ж не заметны пучкі сьвету, што падаюць на смуглы твар нашае Беларусі?..»

Цішка Гартны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG