Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец прапанаваў намаляваць на рэтра-аўтобусах і тралейбусах нацыянальных герояў


Вялікі князь Вітаўт і кароль Стэфан Баторы — #гонар_гродна.

Студэнт 4 курсу факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ Аляксандар Перагудаў прапанаваў папулярызаваць беларускую гісторыю празь вялізныя малюнкі на гарадзкім транспарце. На эскізах — абліччы Стэфана Баторыя і князя Вітаўта на старых аўтобусах «Ікарус», што хадзілі па горадзе яшчэ некалькі год таму. Таксама гістарычных дзеячаў ён прапануе маляваць на тралейбусах ЗІУ-682, якія шырока выкарыстоўваліся ў горадзе 10–15 год таму. Побач з партрэтамі стаіць хэштэг: #гонар_гродна.

«Я адштурхоўваўся ад ідэі рэтра-аўтобуса, — распавядае Аляксандар Свабодзе. — Транспарт, які раней рэальна выкарыстоўваўся на вуліцах нашага гораду, а цяпер — частка гісторыі. Мне падаецца, тым, хто нарадзіўся ў СССР, прыемна ўспомніць сваё дзяцінства, часам гэта нават настальгічна. Плюс разьмяшчэньня такой рэклямы — яна мабільная, вандруе па горадзе, шмат людзей яе бачыць. А калі яна яшчэ і прыгожая, увогуле добра. Нічога інавацыйнага я не прапаноўваў, гэта яшчэ адна спроба папулярызацыі нашай гісторыі і культуры. Вырашыў выкарыстоўваць манархаў, бо горад наш каралеўскі, гэта наш гонар. А асобы могуць быць прадстаўленыя самыя розныя: Максім Багдановіч, Эліза Ажэшка, Кастусь Каліноўскі і іншыя. Але з Баторыем яшчэ цікава і тое, што ёсьць нейкая паралель: ён нарадзіўся ў Вугоршчыне, там жа рабілі „Ікарусы“».

Аляксандар не выключае, што гарадзкія ўлады могуць пачуць ідэю і рэалізаваць яе — калі не на рэтра-транспарце, дык на сучасным. Аўтар эскізу бачыць пазытыўную тэндэнцыю: у Гародні гарадзкія ўлады пайшлі на шырокую супрацу з грамадзкасьцю:

«Нечакана некаторыя праекты знайшлі водгук ва ўладаў: пры іх падтрымцы было зроблена вялікае гістарычнае графіці на сьцяне побач з замкамі, быў праведзены конкурс эскізаў паркавай скульптуры са старога ясеня, хутка будзе выкананая і сама скульптура, спадзяюся. Улады сталі прыслухоўвацца да моладзевых ініцыятываў у тым, як зрабіць наш горад лепшым, цікавейшым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG