Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: Лепей бы Эўразьвяз зрабіў бязьвізавым уезд для беларусаў


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Урады краін Эўразьвязу 29 кастрычніка прыпынілі на чатыры месяцы дзеяньне санкцыяў супраць 171 грамадзяніна Беларусі, перадае Reuters. Акрамя таго, санкцыі прыпыненыя і супраць усіх 14 юрыдычных асобаў.​

Былы дэпутат парлямэнту і палітвязень Сяргей Скрабец кажа, што ён ня бачыць ніякай лёгікі ў гэтым рашэньні, і згадвае, што апазыцыя ўжо гадоў дзесяць безвынікова просіць Брусэль адмяніць шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі:

«Лепей бы Эўразьвяз адмяніў візы для беларусаў, каб яны маглі свабодна перасоўвацца па Эўропе. Пра гэта гаворка ідзе вельмі даўно. А ў выніку стала зь візамі не лягчэй, а цяжэй. Яшчэ цяпер і адбіткі пальцаў трэба здаваць. Дый консульскі збор немалы трэба плаціць. Чаму так адбываецца? Для мяне гэтае пытаньне больш актуальнае. Вось сотні тысяч уцекачоў з Сырыі ды іншых краін зьбеглі ў Эўропу. І іх прапускаюць, і ніхто ў іх не пытаецца пра адбіткі пальцаў.

Па-другое, калі санкцыі прыпынілі, узьнікае законнае пытаньне: у сувязі з чым? Калі ў Брусэлі лічаць, што ў Беларусі адбылося нейкае істотнае дэмакратычнае зьмяненьне, то гэта хлусьня. Нехта кажа, што цяпер у Беларусі няма палітвязьняў. А я лічу, што яны ёсьць — гэта і той жа Бандарэнка, і Жамчужны зь ягонай арганізацыі. А паглядзіце, якія вялікія штрафы далі Лябедзьку, Статкевічу...

Перасьлед грамадзянскіх актывістаў працягваецца. А па свабодзе слова, свабодзе інтэрнэту мы на апошніх месцах ня тое што ў Эўропе, а ва ўсім сьвеце. Прадпрымальнікаў зьнішчаюць як кляс. Наагул, няма ніякіх падставаў для таго, каб прыпыніць санкцыі з той нагоды, што нашы ўлады нешта палепшылі. Казаць, што беларускія ўлады зрабілі крокі ў бок дэмакратыі, нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG