Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе квэст, прысьвечаны савецкім рэпрэсіям


Менск да паваеннай перабудовы.
Фота з архіву Беларускага добраахвотнага таварыста аховы помнікаў гісторыі і культуры ўзычана Антонам Астаповічам
Менск да паваеннай перабудовы. Фота з архіву Беларускага добраахвотнага таварыста аховы помнікаў гісторыі і культуры ўзычана Антонам Астаповічам

31 кастрычніка Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсіяў ладзіць гарадзкі квэст, прысьвечаны трагічным падзеям 29–30 кастрычніка 1937 году, калі па загадзе Сталіна было зьнішчана больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.

«Квэст уяўляе сабой камандную гарадзкую гульню, якая дазволіць акунуцца ў атмасфэру даваеннага Менску і дасьледаваць гісторыю тых цяжкіх дзён. Каб перамагчы і атрымаць каштоўны прыз, камандам давядзецца як мага хутчэй выканаць шэраг заданьняў на сталічных вулачках», — тлумачаць арганізатары першага падобнага квэсту.

Адзін з арганізатараў, Уладзімер Багач, распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Гэта будзе больш краязнаўчае мерапрыемства, дзе людзям давядзецца выконваць пэўныя заданьні і прайсьціся па менскіх вулачках, па цэнтры, паглядзець будынкі, зьвязаныя з рэпрэсіямі, ці тыя, дзе жылі найбольш вядомыя ахвяры рэпрэсіяў, прадстаўнікі нашай інтэлігенцыі. Удзельнікі гэтага квэсту змогуць больш даведацца пра гісторыю Менску. У сацыяльных сетках ужо чалавек 25 выказалі гатоўнасьць прыняць удзел».

Уладзімер ня стаў раскрываць аб’екты, якія ўключаныя ў гульню, але адзначыў, што ва ўрочышча Курапаты ўдзельнікам гульні трапіць не давядзецца.

Гульня — гэта не абавязкова забаўка. Сучасная моладзь не гатовая чытаць кнігі, ёй больш падыходзіць такі інтэрактыўны мэтад адукацыі

«Гэта наш першы квэст, і мы яго прысьвяцілі 29–30 кастрычніка. А ў будучыні плянуем правесьці некалькі мерапрыемстваў, прысьвечаных іншым падзеям, зьвязаным з савецкімі рэпрэсіямі. Гульня — гэта не абавязкова забаўка. Гэта можа быць і адукацыйная гульня, якая дазволіць нашай моладзі больш даведацца пра гэтыя сумныя старонкі гісторыі. Бо сучасная моладзь не гатовая чытаць кнігі, ёй больш падыходзіць такі інтэрактыўны мэтад адукацыі. Таму мы вырашылі, што гэта будзе добрая нагода прыцягнуць моладзь да гэтай тэматыкі. Падчас квэсту людзям давядзецца самастойна шукаць інфармацыю — часткова ў інтэрнэце, часткова на нашых вуліцах. Ня кожны пойдзе на палітычную акцыю. А наш квэст і наш музэй — гэта незалежная падзея, ніякіх палітычных мэтаў мы ня ставім. Наша мэта — адукацыя моладзі».

Квэст — гэта гульня з пагружэньнем у нейкую гісторыю. Прыдумалі іх у 80-я гады — у выглядзе кампутарных гульняў. У Менску гарадзкія квэсты ладзяцца з канца 90-х гадоў.

Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій — грамадзянская некамэрцыйная ініцыятыва, асноўная мэта якой палягае ў захоўваньні памяці пра рэпрэсаваных у СССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG