Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры Лукашэнку вясковыя людзі практычна перасталі трымаць жывёлу ва ўласнай гаспадарцы...»


Тэматыка пошты, якую мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні, тыповая для першых пасьлявыбарчых тыдняў. Выбары мінулі (для многіх нават незаўважна, бо ніякай інтрыгі ў іхным выніку не было) — а сацыяльныя праблемы ня толькі засталіся, але і працягваюць абвастрацца на тле жорсткага эканамічнага крызісу.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў піша:

«Увесь гэты нібыта „парадак“, што падтрымлівае Лукашэнкава вэртыкаль улады — толькі паказуха, фікцыя, марная праца. А насамрэч створана такая сыстэма, якая не дае беларусам разьвівацца. Ну скажыце, дзе ў Беларусі сумленнай працай можна зарабіць на кватэру ці машыну? Ды нідзе. Усе здольныя ды працавітыя мужыкі выпраўляюцца на заробкі — у Расею, на Поўнач, у Эўропу...А ці едзе хто на заробкі ў Беларусь? Нешта не сустракаў такіх.

...Лічыцца, што Лукашэнка дужа добра разьбіраецца ў сельскай гаспадарцы. А я дык вось нешта сумняюся. Гэта пры ім вясковыя людзі практычна перасталі трымаць жывёлу ва ўласнай гаспадарцы. Ня тое што на балотах ды сенажацях — нават на вясковых вуліцах ніхто касой не махне. Балоты даасушвалі да таго, што ўжо і Прыпяць басанож можна ўброд перайсьці.

У вёсках людзі трымаюць у лепшым выпадку толькі курэй. І то трэба сьцерагчы, каб шашок не падушыў. Вадаёмы наўкол атручаны хіміяй, якая трапляе і ў калодзежы. Якое тут можа быць здароўе ў людзей? Вось яны і мруць як мухі. А для Лукашэнкі галоўнае — гэта ўлада. Дзеля яе ён гатовы на ўсё. А апазыцыя наша нічога ня вартая: сьляпая, глухая ды нямоглая», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Лешык з Баранавічаў.

Сапраўды, спадар Аляксандар, у ня надта далёкім мінулым — гадоў дваццаць-трыццаць таму — у вёсках (асабліва ў Заходняй Беларусі) цяжка было знайсьці хату, гаспадары якой ня мелі б уласнай жывёлы — каровы, сьвіней, а часам і авечак, і коз.

Тут, аднак, варта ўлічваць некалькі важных абставінаў.

Па-першае, сярэдні ўзрост насельнікаў тагачаснай вёскі быў зусім не такі, як цяпер: гэта былі людзі пераважна сярэдняга веку, якія маглі і ўмелі працаваць на зямлі. А па-другое, ня маючы ўласнай жывёлы, паўнавартасна харчавацца тады ў вёсцы было немагчыма. І справа была ня толькі ў наяўнасьці ці адсутнасьці грошай. Савецкая ўлада не лічыла патрэбным забясьпечваць вясковыя крамы малаком, мясам, яйкамі ці сьвежай гароднінай. Наколькі я памятаю, у сяльпоўскіх крамах у сярэдзіне і напрыканцы 70-х гадоў нават лядоўняў не было, каб захоўваць прадукты, што хутка псуюцца. Дый навошта былі тыя лядоўні: для макароны, хлеба, цукру ды рыбных кансэрваў яны без патрэбы. А нічога іншага ў савецкіх сяльпо і не прадавалася.

Адна з найбольш адметных і радасных для Беларусі падзей апошняга часу — прысуджэньне літаратурнага Нобэля Сьвятлане Алексіевіч. Першая ў нацыянальнай гісторыі Нобэлеўская прэмія — падстава для гонару краіны. Беларускія ўлады, аднак, адрэагавалі на падзею больш чым стрымана. Прычына зразумелая: Сьвятлану Алексіевіч ніяк не залічыш у прыхільнікі Лукашэнкавай палітыкі. З падазрэньнем паставіліся да трыюмфу беларускай пісьменьніцы і некаторыя нашы слухачы. У прыватнасьці, вось што піша Барыс Руцько зь Менску:

«Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч — гэта пачатак ажыцьцяўленьня адмысловага пляну супраць Беларусі, мэта якога — стварэньне хаосу дзеля таго, каб зрынуць Лукашэнку. Асабіста я чакаю, што Алексіевіч неўзабаве стане лідэрам беларускай апазыцыі, а потым — і кандыдатам у прэзыдэнты ад гэтай апазыцыі. Прычым, хутчэй за ўсё, не празь пяць гадоў, а гады праз два-тры.

Нобэлеўскія прэміі Захад дае не за геніяльнасьць і не за забесьпячэньне міру, а дзеля таго, каб вядомая асоба стала агентам уплыву. Ну, вось Салжаніцын хіба ня быў агентам уплыву Захаду? Ці Сахараў? Дый Пастарнак таксама, хоць, мабыць, толькі напалову...

Так што Алексіевіч цяпер будзе ўсяляк крытыкаваць, абліваць брудам дзеячаў Беларусі і Расеі. У Захаду адносна яе далёкасяжныя пляны....», —

— гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.

Вось цікава, спадар Барыс, а савецкі пісьменьнік Шолахаў, усяляк аблашчаны камуністычным рэжымам, таксама быў «агентам уплыву Захаду»? А расейскі акадэмік і прыхільнік расейскіх камуністаў Жарэс Алфёраў? А савецкі фізык і двойчы герой сацыялістычнай працы Пётар Капіца? А савецкі акадэмік, ляўрэат ня толькі Нобэлеўскай, але і Ленінскай, і трох Сталінскіх прэміяў Леў Ландаў?

Сьвятлана Алексіевіч да палітычнай апазыцыі ніколі сябе не прылічвала і, наколькі вядома, займацца палітычнай дзейнасьцю не зьбіраецца. А вось тое, што яна стала бясспрэчным маральным аўтарытэтам для лепшай часткі беларускага грамадзтва — гэта безумоўна. Ніколькі не сумняюся, што настане той час, калі беларусы ўганаруюць Алексіевіч як нацыянальную гераіню. Яна вартая таго, бо зрабіла для сваёй краіны значна больш, чым усе нашы няўцямныя бляклыя палітыкі і хакеісты, разам узятыя. Але адбудзецца гэта, зразумела, не пры сёньняшняй уладзе...

________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG