Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марын Лё Пэн перад судом за антыісламскія выказваньні


Лідэр францускіх праварадыкалаў Марын Лё Пэн паўстане перад судом паводле абвінавачаньня ў падбухторваньні да расавай нянавісьці з-за заўваг, якія яна зрабіла, параўнаўшы мусульманскія вулічныя малітвы з замежнай акупацыяй.

Лё Пэн, чыя партыя «Нацыянальны фронт» вядомая сваімі антыісламскімі і антыіміграцыйнымі поглядамі, паўстане перад судом 20 кастрычніка ў Ліёне. Абвінавачаньні зьвязаныя з камэнтарамі Лё Пэн, зробленымі ў сьнежні 2010 году, калі яна сказала, што выгляд мусульман, якія моляцца на вуліцах Францыі, нагадвае ёй нацысцкую акупацыю краіны ў гады Другой сусьветнай вайны.

Эўрапейскі парлямэнт зьняў дэпутацкую недатыкальнасьць зь Лё Пэн у 2013 годзе, адкрыўшы магчымасьць для яе судовага перасьледу. Лё Пэн выступіла ў абарону сваіх выказваньняў.

Калі яна будзе прызнаная вінаватай, ёй пагражае да году турмы і штраф памерам 51 тыс. даляраў. У 2011 годзе Францыя забараніла маліцца на вуліцах у сувязі з ростам ультраправых пратэстаў.

Мусульмане складаюць амаль 10 адсоткаў насельніцтва 66-мільённай Францыі.


Экспэрты лічаць, што, нягледзячы на пагрозу турэмнага тэрміну, пасьля суду Марын Лё Пэн можа ўмацаваць свае пазыцыі сярод электарату «Нацыянальнага фронту».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG