Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары па партыйных сьпісах — сапраўдны працэс ці дэкарацыя для Захаду?


Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч рыхтуюць звароты да кіраўніка беларускай дзяржавы. Яны хочуць пераканаць Аляксандра Лукашэнку, што выбары ў Палату прадстаўнікоў надалей трэба праводзіць не па аднамандатнай, як цяпер, а па зьмяшанай сыстэме. На іх думку, для пачатку хоць бы 30% парлямэнцкіх крэслаў трэба разьмяркоўваць па выніках галасаваньня выбарцаў за палітычныя партыі.

Зацікаўленасьць Гайдукевіча і Ўлаховіча зразумелая. Яны ачольваюць адпаведна Лібэральна-дэмакратычную партыю Беларусі і Беларускую патрыятычную партыю. Абраньне па партыйных сьпісах фактычна гарантуе ім месца ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу. Трэцяя ўдзельніца прэзыдэнцкай кампаніі — Тацяна Караткевіч — ім у гэтай справе не партнэр, бо «Гавары праўду» — ня партыя, а толькі грамадзянская кампанія.

Мікалай Улаховіч сёньня так патлумачыў Свабодзе неабходнасьць мець у парлямэнце партыйныя фракцыі:

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

«Пакуль мы выводзім на адну асобу, самую найвышэйшую, прэзыдэнта краіны, усе пытаньні. Пачынаючы ад прыбіраньня вуліц і заканчваючы сур’ёзнымі праблемамі. Гэта ўжо неяк нецікава і жыць робіцца. Ёсьць пытаньні, найперш сацыяльныя, якія могуць вырашаць і парлямэнтары. Дэпутаты павінны працаваць, а не чакаць, пакуль прыйдзе ўказаньне зьверху, што ім рабіць».

Сяргей Гайдукевіч кажа, што адпаведныя захады ўжо робяцца:

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

«Ідуць вялікія кансультацыі і праца наконт вырашэньня гэтага пытаньня. Але думаю, што адпаведнае рашэньне будзе прынятае ўжо новым парлямэнтам. Гэта рашэньне, зьвязанае са зьменай Канстытуцыі. І таму да яго рыхтуюцца ня месяц, ня два і ня тры. Але калі мы нешта хочам зрабіць, то працаваць над гэтым трэба ўжо цяпер. І з боку нашай партыі такая праца ўжо ідзе».

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца ў верасьні 2016 году. Але, як кажа Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, да таго часу правесьці канстытуцыйныя зьмены будзе праблематычна:

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Дадзеная прапанова супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пакуль у нас будзе існаваць інстытут адкліканьня дэпутатаў, мы ня можам увесьці зьмяшаную сыстэму. Усе дэпутаты павінны несьці роўны аб’ём правоў і абавязкаў».

Справа ў тым, што ў Асноўным Законе сапраўды прапісаная працэдура адкліканьня дэпутата, якога абралі ў аднамандатнай акрузе. А вось пра адкліканьне дэпутатаў ад партыяў там нічога няма. Зрэшты, за два дзясяткі гадоў працэдуру адкліканьня не скарысталі ніводнага разу.

Аляксандар Дабравольскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. У тым парлямэнце было пяць фракцыяў — аграрыяў, камуністаў, сацыял-дэмакратаў, «Грамадзянскае дзеяньне» і «Згода»:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

«Гэта вялікая розьніца паміж ім і Палатай прадстаўнікоў, дзе няма аніводнай фракцыі. І ў гэтым прынцыповая розьніца. Бо калі ёсьць фракцыі, то ёсьць думкі, спрэчкі, абмеркаваньні. І можна працаваць, узважваючы рашэньні, якія прымаюцца.

Але гэтая розьніца вынікае найперш з таго, што ў 1995 годзе парлямэнт усё ж абіраўся. А вось цяперашнюю Палату прадстаўнікоў нават назваць парлямэнтам немагчыма. Бо ёсьць вялікія сумненьні, што сапраўды лічаць галасы. Дзіўна, але ў двухтуравай сыстэме абраньня дэпутатаў усе яны абіраюцца адразу ў першым туры.

Калі існуюць выбары па партыйных сьпісах, то ёсьць гарантыя, што ў парлямэнце будуць прадстаўленыя розныя пункты гледжаньня. Па ўсім палітычным спэктры ў парлямэнце могуць быць прадстаўнікі. І ў гэтым сэнс той сыстэмы, якая завецца прапарцыянальнай. А тая сыстэма, якая дзейнічае ў нас, завецца мажарытарнай».

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец кажа, што размовы пра рэфармаваньне выбарчай сыстэмы могуць весьціся з падачы ўладаў:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«2015 год паказаў, што выбараў у Беларусі па-ранейшаму няма. Замест іх ёсьць спэктакль. Прычым спэктакль крымінальны. Вынікі галасаваньня фальсыфікуюцца. І ў такіх умовах казаць пра партыйныя сьпісы проста не выпадае. На беззаконьні нічога законнага пабудаваць немагчыма. Таму якую сыстэму тут ні вазьмі, хоць зьмяшаную, хоць партыйную, сапраўдных выбараў ня будзе.

Пакуль жа можна казаць толькі пра імітацыю для Захаду. Ну не дае Міжнародны валютны фонд крэдыту. І для таго, каб атрымаць грошы, пад выглядам пачатку рэформаў можа пачацца такая дыскусія — ці патрэбныя нам партыйныя сьпісы, ці яшчэ нешта. І знойдуцца ахвочыя падыграць. Гэта — гайдукевічы, улаховічы, „Гавары праўду“... Пачнецца чарговае будаваньне дэкарацыяў. Але да рэальнасьці гэта ня мае ніякага дачыненьня.

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя мае ўжо 5 партыйных і 19 агульных адмоваў у афіцыйнай рэгістрацыі грамадзкіх, моладзевых і іншых нашых арганізацыяў. Гэта ўсё паказвае на „жаданьне“ ўладаў працаваць з партыямі, умацоўваць ролю партыяў і г.д.».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG