Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: што будзе зь цяперашняй апазыцыяй — гэта ўжо іх праблемы


Будучыня цяперашняй беларускай апазыцыі выглядае туманна, і разьлічваць на яе аб’яднаньне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня варта.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.

«Ніхто ня ў стане змагацца аднаасобна»

Палітоляг Юры Чавусаў у размове з Радыё Свабода зьвярнуў увагу тое, як паўплываў на сытуацыю ўнутры беларускай апазыцыі ўдзел Тацяны Караткевіч у прэзыдэнцкай кампаніі.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Ужо шмат хто з назіральнікаў іранічна, але, у прынцыпе, абгрунтавана казаў, што кампанія Тацяны Караткевіч мела вялізарны посьпех у справе аб’яднаньня апазыцыі, бо супраць яе ў атаках аб’ядналіся вельмі розныя палітычныя сілы. Ну, насамрэч гэта, безумоўна, збольшага жарт, таму што тых, хто крытыкаваў кампанію Тацяны Караткевіч, збольшага гэтая крытыка і аб’ядноўвала, хоць пэўныя інтэграцыйныя працэсы на тым флянгу беларускай апазыцыі таксама магчымыя.

Больш цікавы фэномэн таго, як будзе скарыстаная тая электаральная падтрымка, якую Тацяна Караткевіч здолела атрымаць. Можна спрачацца наконт лічбаў, наколькі гэтыя 4–5%, якія яна атрымала афіцыйна, адпавядаюць таму, як за яе сапраўды галасавалі — насамрэч там значна больш, і тут варта пачакаць справаздачы незалежных сацыялягічных службаў адносна ўзроўню падтрымкі. Тым ня менш гэта пэўны ўзровень падтрымкі, на якім можна будаваць нейкія кампаніі. Але тыя атакі, якія супраць „Гавары праўду“ працягваюцца і па заканчэньні выбарчай кампаніі, сьведчаць пра тое, што, напэўна, на грунце гэтай падтрымкі нейкай кааліцыі збудаваць не атрымаецца», — канстатуе ён.

Аднак, як мяркуе Чавусаў, і сама кампанія «Гавары праўду» не зьбіраецца дамаўляцца, выбраўшы асобны шлях.

Трэба дамаўляцца. Але якраз для дамоўленасьцяў, для дамоваздольнасьці ў беларускай апазыцыі не хапае самага важнага — гэта даверу.

«Архітэктары кампаніі Тацяны Караткевіч пайшлі па шляху дыстанцыяваньня ад традыцыйных апазыцыйных колаў, ад палітычных партыяў. Наколькі гэтая тактыка можа быць пасьпяховай? Цяжка сказаць. Адзінае, што, напэўна, ніхто ў беларускай апазыцыі, нават кандыдат у прэзыдэнты, які быў адзіны, як паказвае досьвед Мілінкевіча, ня ў стане аднаасобна змагацца з усімі палітычнымі партыямі дэмакратычнага кірунку. То бок — трэба дамаўляцца. Але якраз для дамоўленасьцяў, для дамоваздольнасьці ў беларускай апазыцыі не хапае самага важнага — гэта даверу», — падкрэсьлівае палітоляг.

Але гэта не выключае таго, што нейкія кааліцыі ўсё ж такі будуць створаныя.

«Тут, напэўна, мы будзем бачыць пабудову кааліцыяў перш за ўсё паміж тымі групамі, якія паміж сабой маюць давер, выкліканы ці пэрсанальнымі стасункамі, ці ідэалягічнай блізкасьцю поглядаў», — лічыць экспэрт.

На парлямэнцкія выбары зноў пойдуць рознымі калёнамі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што пэрспэктывы беларускай апазыцыі сёньня выглядаюць ня надта аптымістычна. Да гэтай высновы яго падштурхоўваюць вынікі мінулай прэзыдэнцкай кампаніі.

Класкоўскі падкрэсьлівае, што падчас выбарчай кампаніі ўлады ўпэўнена трымалі сытуацыю ў краіне ў сваіх руках, але ня трэба ўсё сьпісваць толькі на аб’ектыўныя чыньнікі. Насамрэч, калі б апазыцыя здолела аб’яднацца і выступіць на выбарах з адзіным кандыдатам і адзіным мэсыджам, то сытуацыя магла быць іншая.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Каб гэтага раздраю не было, а дзейнічалі арганізавана і моцна, то сюжэт кампаніі мог быць зусім іншы. Бо мы бачым, што Тацяна Караткевіч, хоць яе закідвалі камянямі абвінавачаньняў з розных бакоў, — яна, мяркуючы па ўскосных зьвестках, набрала добры вынік: магчыма, 20–25%. А калі б быў моцны, харызматычны адзіны кандыдат, то ўвогуле грамадзкая сытуацыя магла пачаць вагацца», — лічыць экспэрт.

На думку Класкоўскага, цяпер галоўнае пытаньне ў тым, каб апазыцыя здолела зрабіць адпаведную працу над памылкамі.

«Пакуль усе маўчаць, як вады ў рот набраўшы. Хіба што кампанія „Гавары праўду“ дэкляруе, што яна ідзе сваім шляхам і ўжо рыхтуецца да парлямэнцкіх выбараў наступнага году і да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Астатнія — такое ўражаньне, што, груба кажучы, чухаюць рэпу і думаюць: ці працягваць, напрыклад, „ігнор“, які відавочна вядзе да далейшай маргіналізацыі, ці ўсё ж такі пераходзіць на рэйкі ўдзелу ў выбарчых кампаніях. Пры гэтым амаль няма надзеяў, што будуць унесеныя істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства і практыку. То бок пытаньне стаіць пра тое, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у выбарах, якія па-ранейшаму будуць несправядлівымі і непразрыстымі», — канстатуе ён.

На думку Класкоўскага, у любым выпадку нельга спадзявацца на тое, што падчас парлямэнцкай кампаніі 2016 году апазыцыя выступіць адзіным фронтам. І гэта незалежна ад таго, ці будзе частка апазыцыі зноў заклікаць да байкоту.

Пакуль у агляднай пэрспэктыве, думаю, у лягеры апазыцыі будуць назірацца вось такія зьявы — разнабой, узаемныя папрокі і адсутнасьць моцнай стратэгіі.

«То бок зноў пойдуць на гэтыя выбары рознымі калёнамі, з рознымі лёзунгамі. Ня будзе таго, што магло б зрабіць удзел апазыцыі ў гэтай кампаніі больш-менш моцным і асэнсаваным. То бок — каб быў адзіны блёк нейкі, адзіная кааліцыя, адзіны мэсыдж. Найхутчэй, што гэтага ня будзе. Так што пакуль у агляднай пэрспэктыве, думаю, у лягеры апазыцыі будуць назірацца вось такія зьявы — разнабой, узаемныя папрокі і адсутнасьць моцнай стратэгіі. Далейшы ход падзеяў будзе вызначацца тым, наколькі кіраўніцтву краіны пашэнціць ці не пашэнціць даць рады эканамічным выклікам. Вось у горшым выпадку могуць пачацца нейкія сацыяльныя хваляваньні. Але тут вялікае пытаньне, ці будуць на чале іх цяперашнія лідэры апазыцыі, ці вось гэты новы час новых грамадзкіх калізіяў выведзе на арэну зусім іншых людзей. Апошняе, магчыма, нават больш імаверны варыянт», — кажа палітычны аналітык.

Тацяне Караткевіч паказалі на яе месца

Што тычыцца палітычнай будучыні Тацяны Караткевіч, то, паводле слоў Класкоўскага, яна, безумоўна, мае пэўны патэнцыял. Але ўлады відавочна не зьбіраюцца гуляць «у нейкую новую гульню з больш мяккай апазыцыяй».

Тацяна Караткевіч на сёньняшні дзень мае большы рэйтынг, большую пазнавальнасьць, чым любы іншы апазыцыйны лідэр.

«Афіцыйны вынік Тацяны Караткевіч, як ужо сфармулявалі аналітыкі, паказвае, што ёй паказалі на яе месца. Маўляў, двум палітыкам у Беларусі будзе занадта цесна — як двум мядзьведзям у адным бярлогу. Тым ня меней, дэ-факта Тацяна Караткевіч на сёньняшні дзень мае большы рэйтынг, большую пазнавальнасьць, чым любы іншы апазыцыйны лідэр, уключна з мастадонтамі беларускай апазыцыйнай палітыкі. Праблема ў тым, як выкарыстаць падобны патэнцыял, таму што ўлада ня хоча пускаць апазыцыю, нават больш памяркоўную апазыцыю, у свае структуры, нават у мінімальнай колькасьці. Хоць, я думаю, да канца яшчэ сюжэт парлямэнцкіх выбараў 2016 году не прадвызначаны, таму што могуць быць вельмі істотныя карэктывы ўнесеныя эканамічнай і зьнешнепалітычнай сытуацыяй. Так што ў Тацяны Караткевіч на сёньня ёсьць пэўны патэнцыял, у яе структуры ёсьць пэўная праграма. Ва ўсякім разе, я думаю, што яны выбралі свой шлях. Хай сябе іншая плынь апазыцыі спрабуе ісьці іншым шляхам, хай даказваюць, хто зь іх лепшы і мацнейшы. Маё меркаваньне, што і той, і другі шлях (ціснуць на ўладу праз удзел у выбарах — або ціснуць на яе празь нейкія формы байкоту ці „ігнору“) на сёньняшні дзень апрыёры выглядаюць слаба, бо няма адзінства ў апазыцыі і няма адпаведнага грамадзка-палітычнага настрою», — кажа экспэрт.

На думку Класкоўскага, у цэлым будучыня беларускай апазыцыі сёньня выглядае туманна, але ня трэба думаць, што калі ў Беларусі пачнецца час перамен, то ў краіне ня знойдзецца новых харызматычных лідэраў.

«Ня варта зацыклівацца на тым, што будзе зь цяперашняй апазыцыяй, зь яе структурамі — груба кажучы, гэта ўжо іхнія праблемы. Жыцьцё не стаіць на месцы, і практыка паказвае, што калі настае эпоха крутых перамен, знаходзяцца і людзі. Ну вось якое было палітычнае поле ў Савецкім Саюзе? Ніякай палітыкі там не было. Але пачалася перабудова — і адразу зьявілася цэлая плеяда яркіх лідэраў, якія перамагалі, дарэчы, на несправядлівых выбарах — напрыклад, апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Гэта ж былі людзі, якія перамаглі ў 90-м годзе, на савецкіх яшчэ выбарах. Раптам аднекуль зьявіліся такія лідэры, як Зянон Пазьняк ды іншыя — харызматычныя, баявыя фігуры, якія вялі за сабой масы. Я думаю, што і ў Беларусі празь нейкі час пачнецца паласа перамен і зьявяцца адпаведныя фігуры. Ну, а хто ня ўпішацца ў гэты працэс са сваім шлейфам паразаў, са сваёй закасьцянеласьцю і дагматычнасьцю, гэта ўжо іхнія праблемы», — мяркуе палітычны аналітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG