Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невыязным з Расеі і Беларусі зачыняюць дарогу ў трэція краіны


Палата прадстаўнікоў ратыфікавала два пагадненьні паміж Беларусьсю і Расеяй, якія тычацца ўзаемнага парадку ўезду і выезду на тэрыторыі абедзьвюх краінаў.

Згодна з ратыфікаванымі дакумэнтамі, якія былі падпісаныя ўрадамі яшчэ ў сакавіку 2015 году, асобы з абедзьвюх краінаў, якія маюць абмежаваньні на выезд, ня могуць выехаць праз Расею і Беларусь у нейкую трэцюю краіну.

Напрыклад, калі раней хтосьці зь лідэраў беларускай апазыцыі меў часовае абмежаваньне на выезд зь Беларусі, а яму трэба было трапіць, напрыклад, у Стакгольм ці Брусэль, то гэты чалавек ехаў зь Беларусі на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, і ўжо адтуль накіроўваўся ў трэцюю краіну.

Цяпер такога ня будзе, бо будзе ўведзены агульны банк дадзеных на грамадзянаў абедзьвюх краінаў, якія маюць абмежаваньні на выезд, а таксама на ўезд на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьні ў адным чытаньні, як звычайна і робіцца, а згодна зь дзейным заканадаўствам, гэтае пагадненьне пачынае дзейнічаць пасьля яго публікацыі ў друку.

На пытаньне Свабоды, ці ратыфікаваў пагадненьні і расейскі бок, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч падкрэсьліў, што ён такой інфармацыяй не валодае. Таксама адзначыў, што і расейскі, і беларускі бок могуць у пэўных выпадках рабіць выключэньні для грамадзян, якім забаронены ўезд на тэрыторыі абедзьвюх краінаў, і даваць дазвол на ўезд. Такое рашэньне ў Беларусі, у залежнасьці ад сваёй кампэтэнцыі, прымае альбо КДБ, альбо Міністэрства ўнутраных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG