Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС падзякаваў міліцыянтам за стрыманасьць падчас выбараў


Ігар Шуневіч

Ігар Шуневіч адзначыў высокую асабістую дысцыплінаванасьць і вытрымку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў падчас кампаніі па выбарах прэзыдэнта.

«Ад імя кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і сябе асабіста выказваю падзяку асабоваму складу за добрасумленнае выкананьне службовых задачаў, высокую дысцыпліну і стрыманасьць, якія далі магчымасьць забясьпечыць правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на высокім арганізацыйным узроўні», — адзначыў міністар.

У пэрыяд з 5 па 12 кастрычніка ўвесь асабісты склад МУС быў пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Масавую акцыю з нацыянальнымі сьцягамі напярэдадні выбараў і стыхійную акцыю пратэсту ў дзень выбараў не разганялі, хоць падчас апошняй затрымалі пяцёх анархістаў, таксама адзначаная сьпешна спыненая спроба скласьці пратакол на 17-гадовага хлопца. Пасьля выбараў адбываліся затрыманьні на падставе выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі: кіроўцу зь бел-чырвона-белым сьцягам адпусьцілі празь дзьве гадзіны затрыманьня, а футбольных фанатаў з шалікамі з «Пагоняй» пакаралі штрафамі.

«Выбары прайшлі ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, спакойна, безь ніякіх узрушэньняў. Усё неабходнае для гэтага мы зрабілі», — заключыў Шуневіч.

У пэрыяд кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў Менску прайшло некалькі акцыяў апазыцыі. Супрацоўнікі міліцыі нікога на іх не затрымлівалі, на арганізатараў склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG