Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад плянэт ва Ўшачах, — чытач Свабоды зрабіў унікальныя здымкі


Фатадымкі, якія зрабіў і даслаў нам Кастусь Сырэль, будзе немагчыма паўтарыць у бліжэйшыя 100 год.


«Храм на першым здымку — яшчэ недабудаваная царква ва Ўшачах. За ёю бачны Месяц у выглядзе сярпа за тры дні да маладзіка, акрамя яго — адразу тры плянэты, самыя блізкія ад Зямлі і таму самыя яркія на зорным небе», — тлумачыць аўтак здымкаў.

«Вэнэра — крыху лявей і вышэй за правы крыж. Вышэй за Месяц, лявей за левы купал — Юпітэр. Маленькая зорачка лявей за левы крыж — Марс. Разам на здымку маем чатыры найярчэйшыя плянэты Сонечнай сыстэмы, прычым на здымку ўсе яны знаходзяцца ў сузор’і Льва. Заўважце — на здымку відаць ценевы бок Месяца, то бок, асьветлены ня Сонцам, а Зямлёй (калі ў нас маладзік, то на Месяцы — „поўназем’е“, і адлюстраванае Зямлёй сьвятло крыху асьвятляе маладзіковы Месяц).

Знаёмы з астраноміяй чалавек заўважыць, што я забыўся на яшчэ адну блізкую плянэту — Мэркуры. Не, не забыўся. Мэркуры таксама тут, недалёка, за межамі кадра, лявей і ніжэй за Месяц, але яго не было б відаць на фоне ранішняга сьвітанку. Хіба што калі пашукаць яго на паўгадзіны раней».

«Вышэй і крышку лявей за Вэнэру — зорка Рэгул, самая яркая зорка з сузор’я Льва. Слабенькія зорачкі лявей і вышэй за Рэгул таксама належаць да гэтага сузор’я.

На здымку мы маем справу з так званым Малым парадам плянэт, прычым згаданыя пяць плянэт сабраліся ў адным сузор’і! Гэта вельмі рэдкая зьява. Некалькі год таму быў Вялікі парад плянэт, калі ўсе плянэты Сонечнай сыстэмы разам зь Месяцам тэарэтычна маглі быць бачныя на начным небе адначасова. Бачныя, але не сфатаграфаваныя — яны былі раскіданыя па розных сузор’ях. Наступны Вялікі парад плянэт адбудзецца толькі ў 2161 годзе! Калі ў нябесным танцы сыйдуцца ў адным сузор’і плянэты, якія мы бачым на здымку, — невядома».

Аўтар здымкаў 10 кастрычніка пасьпеў зрабіць 36 дубляў да таго, як стала занадта сьветла. Здымаў са штатыву фотаапаратам «Canon-A520» ў рэжыме Tv з экспазыцыяй ад 1 да 8 сэкундаў з затрымкай 2 сэкунды.

Другі здымак зроблены 12 кастрычніка. Аўтару ўдалося сфатаграфаваць Мэркуры з вакна сваёй кватэры:

«Такое таксама ня часта можна сфатаграфаваць, бо Мэркуры — складаны аб’ект нават для звычайнага назіраньня, а ўжо атрымаць яго здымак звычайнай просьценькай камэрай — дык і наогул вялікая ўдача. Бачыце кабель, што перасякае кадар амаль па вэртыкалі? Крыху лявей за яго выступае дрэва. А над дрэвам — зорачка. Гэта і ёсьць Мэркуры. На здымку таксама відаць знаёмыя вам плянэты і сузор’е Льва», — піша Кастусь Сырэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG