Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскі экспэрт пра Сырыю: «Пуцін не разумее, куды ён улез»


Ірацкі мастак Карым Нігая намаляваў партрэт Уладзіміра Пуціна
Ірацкі мастак Карым Нігая намаляваў партрэт Уладзіміра Пуціна

Прэзыдэнт Інстытуту ўсходняга партнэрства ў Ерусаліме, рабін Абрагам Шмулевіч лічыць, што сырыйская апэрацыя Крамля — гэта блеф, але блеф, за які Расея заплаціць вялікую цану.

У інтэрвію Радыё Свабода Абрагам Шмулевіч кажа, што Пуцін не разумее, да якой катастрофы можа прывесьці яго канфлікт са значнай часткай мусульманскага сьвету. Прапануем некаторыя тэзісы інтэрвію.

«Гэта вайна, якая ідзе ў ісламскім сьвеце на працягу 1300 гадоў»

Зараз сапраўды гэтак жа, як уварваньне ва Ўкраіну пусьціла зь ветрам намаганьні Пуціна на эўрапейскім дыпляматычным тэатры, уварваньне ў Сырыю ў імгненьне вока разбурыла карпатлівую працу расейскай дыпляматыі, расейскіх спэцслужбаў і зноў ператварыла Пуціна ў ворага магутных сілаў, якія дзейнічаюць цяпер на мусульманскім Усходзе. У Расеі проста няма цяпер спэцыялістаў ні па ісламе, ні па Блізкім Усходзе. Узровень расейскай экспэртнай супольнасьці, у тым ліку таго сэгмэнту, які дае рэкамэндацыі Крамлю, — гэта проста ўзровень паноптыкуму. Там можна пералічыць па пальцах людзей, якія сапраўды разумеюць, што адбываецца. Яны перакананыя, што вайна ў Сырыі — гэта дакладна тая ж вайна, якая была ў часы Брэжнева, што ёсьць сацыялістычны сьвецкі рэжым, які змагаецца за сваё існаваньне. На самой справе ўсё зьмянілася кардынальна, вайна з Асадам — гэта ўжо зусім пра іншае. Гэта вайна, якая ідзе ў ісламскім сьвеце на працягу 1300 гадоў, гэта самы вялікі канфлікт, які існуе ў асяродзьдзі мусульман, вайна ісламскага апакаліпсісу, вайна паміж шыітамі і сунітамі, дзьвюма непрымірымымі плынямі ісламу.

Асад належыць да алавітаў, гэта вельмі шыіцкая сэкта, якая пад сьцягам арабскага сацыялізму была вядучай сілай Сырыі. На баку Асада ваююць цяпер практычна ўсе аб’яднаныя сілы шыіцкага сьвету — гэта і Іран, гэта і ірацкія шыіты, гэта арабы-шыіты з Паўднёвага Лібану, «Хезбала», гэта нават шыіты з Аўганістану. Такім чынам, усё, што можа быць задзейнічана, — задзейнічана, плюс на поўдні Арабійскай паўвыспы дзейнічаюць шыіты, якіх падтрымлівае Іран, не зусім чыстыя шыіты, але тым ня менш. Вайна гэтая пачалася яшчэ ў часы Садама Хусэйна, разгарэлася з новай сілай пасьля яго зьвяржэньня, зараз цалкам крышталізавалася. Расея, не разумеючы сытуацыі, упісваецца на баку шыітаў супраць сунітаў, яна становіцца ворагам усяго суніцкага сьвету ў гэтым глябальным супрацьдзеяньні. Таму што «Ісламская дзяржава», зь якой Расея на самой справе не ваюе, гэта арганізацыя, якая перашкаджае ўсім, яна перашкаджае больш памяркоўным суніцкім сілам, Саудаўскай Арабіі, Турэччыне, таму што яны расколваюць адзіны суніцкі фронт. Калі б не было «Ісламскай дзяржавы», дык суніты выступілі б яшчэ больш аб’яднанымі, але і так гэтая каардынацыя існуе. У суніцкім сьвеце таксама ёсьць розныя плыні, змагаюцца паміж сабой розныя традыцыйныя цэнтры, тая ж Турэччына зь вядомым праектам аднаўленьня велічы Асманскай імпэрыі. Мы памятаем, што Асманская імпэрыя была халіфатам. Зь іншага боку, ёсьць Саудаўская Арабія. Яны не адзіныя, але, тым ня менш, супраць агульнага ворага яны аб’ядноўваюцца.

«Пуцін уваходзіць у глябальную міжмусульманскую вайну»

І, супрацьпастаўляючы сябе ўсёй моцы суніцкага сьвету (гэта нават ня тое, што было ў Аўганістане — у Аўганістане ўсё ж лякальнае супрацьдзеяньне агрэсіі няслушных у пэўнай ня самай важнай кропцы для мусульманскага сьвету) Пуцін ўваходзіць у глябальную міжмусульманскую вайну на баку аднаго зь яе ўдзельнікаў. Ні расейскія экспэрты, ні расейскія ваенныя проста не разумеюць, у што яны ўвязаліся. Мы бачым ужо, як вы правільна сказалі, досыць рэзкія заявы туркаў. І выйсьці з гэтай сытуацыі Пуціну будзе вельмі складана, гэта значыць недастаткова нават вывесьці войскі. Ён разбурыў, ня проста разварушыў, а разбурыў такое асінае гняздо, пра існаваньне якога ён нават не падазраваў. Можна чакаць, што фронт супрацьстаяньня Расеі будзе праходзіць ня толькі па Блізкім Усходзе. У Расеі парадку 18-20 мільёнаў этнічных мусульман, значная частка зь іх не зьяўляецца практыкуючымі мусульманамі, але колькасьць практыкуючых мусульман расьце з кожным годам. Для вялікай часткі з гэтых 18-20 мільёнаў тое, што адбываецца ў мусульманскім сьвеце, зьяўляецца значнай падзеяй, яны гатовыя на гэта рэагаваць, тым больш пасьля адпаведнай прапаганды і грашовых уліваньняў.

«Расея сутыкнецца з выклікамі, якія яна проста ня ў стане будзе вырашыць»

Раней мусульманскае падпольле на Паўночным Каўказе, у Паволжы не атрымлівала рэальнай дапамогі ад мусульманскага сьвету за мяжой і досыць шчыльна кіравалася расейскімі спэцслужбамі, але цяпер сытуацыя можа зьмяніцца карэнным чынам, і Расея сутыкнецца з выклікамі, якія яна ня ў стане проста будзе вырашыць. Гэта ўжо пачынае адбывацца. Некалькі дзён таму было апублікавана ў Сеціве відэа некалькіх чачэнскіх баевікоў, якія заявілі, што яны зьяўляюцца часткай «Імарату Каўказ», прычым падпарадкоўваюцца Абу Хамзу, гэта брат забітага апошняга кіраўніка «Імарату Каўказ» Докі Ўмарава, ён зьяўляецца прадстаўніком «Імарату» ў Турэччыне. Гэта значыць, яны зьяўляюцца прамой агентурай турэцкага «Імарату», і яны прыбылі ў Чачню і рыхтуюцца да джыхаду. Характэрна, што яны былі ўзброены пісталетамі «Глок» — гэта аўстрыйскі пісталет, які вельмі папулярны на Захадзе, але ў Расеі яго дастаць досыць складана, гэта значыць, хутчэй за ўсё, гэта людзі, якія прыбылі на тэрыторыю Чачні ўжо з-за мяжы. З іншага боку — канкурэнты «Імарату Каўказ» ва ўзброеным падпольле на Паўночным Каўказе: каўказскі вілаят «Ісламскай дзяржавы» быў арганізаваны некаторы час таму. Яго кіраўніцтва зьвярнулася з заклікам да ўсіх мусульманаў Расейскай Фэдэрацыі не выяжджаць у Сырыю і да джыхаду на тэрыторыі Расеі. Гэта значыць, абодва крылы збройнага падпольля, якое дзейнічае ў Расеі, заявілі аб тым, што пачынаюць дзеяньні на Паўночным Каўказе. Я думаю, гэта толькі першая ластаўка.

«Расейцы не публікуюць зьвестак пра ахвяры»

Такім чынам, Расея можа сутыкнуцца з рэзкім узмацненьнем тэрарыстычнай актыўнасьці на сваёй тэрыторыі. Другое — сутыкнуцца з сур’ёзным збройным супрацівам на тэрыторыі Сырыі, што немінуча вядзе да вялікіх страт. Увёўшы 30 самалётаў, увёўшы паўтаратысячны кантынгент, Пуцін думае, што на гэтым можна спыніцца, але ён павінен будзе ці нарошчваць гэтыя сілы, ці тэрмінова выводзіць іх. Расейскія базы ўжо абстрэльваюцца ўстаноўкамі «Град», якія знаходзяцца ў гарах на адлегласьці 40 кілямэтраў. Самі сырыйскія ісламісты, сілы Свабоднай арміі, і «Аль-Каіды», і «Ан-Нусра» паведамілі пра гэтыя абстрэлы. Кажуць пра шматлікія ахвяры сярод расейскіх вайскоўцаў, расейцы ніякіх дадзеных не публікуюць. Пакуль ніякіх іншых пацьверджаньняў ахвяраў няма. Але гэта нядзіўна: 40 кілямэтраў — досыць вялікая адлегласьць, у іх няма прыбораў навядзеньня і няма дакладнага зброі. Калі гэта зброя ў іх зьявіцца, дык расійскія сілы сапраўды пачнуць несьці страты, таму што вывесьці гэтыя базы досыць лёгка, расейскім войскам тады прыйдзецца сапраўды ўвайсьці ў гэтыя горы і дзейнічаць на адлегласьці 40 кілямэтраў ад іх, каб здушыць гэтыя пускавыя ўстаноўкі. Ёсьць пэўная лёгіка вайны. Калі вы ў яе ўпісаліся, то ў вас ёсьць толькі два выйсьця: альбо хутка вывесьці свае сілы з поля бою, або пастаянна нарошчваць сваю прысутнасьць.

«Турэччына можа закрыць Басфор для расейскіх караблёў»

І трэці фронт, які можа быць лёгка адкрыты і Саудаўскай Арабіяй, і іншымі краінамі, наагул мусульманскім сьветам, — гэта эканамічны фронт. Мы чулі ўжо заявы Эрдагана з нагоды расейскага газу. Нафтавая палітыка Саудаўскай Арабіі досыць вядомая, магчымыя і іншыя мэтады, ажно да закрыцьця Басфора для расійскіх караблёў. Пуцін гэтымі ваеннымі правакацыямі парушэньня турэцкай паветранай прасторы расейскімі самалётамі ўжо практычна даў Эрдагану юрыдычнае абгрунтаваньне для такога роду дзеяньняў. Падзеі могуць разьвівацца як сьнежны камяк, і гэта самы неспрыяльны сцэнар для Расеі, які толькі можна было прыдумаць і які Пуцін сам сабе падрыхтаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG