Лічбы загінулых і параненых паведаміў міністар аховы здароўя Турцыі Мэхмэт Муэзінаглу.
Выбухі адбыліся з інтэрвалам у некалькі хвілін ў 10.04 раніцы па мясцовым часе, калі да вакзальнай плошчы пачалі зьбірацца актывісты, якія прыйшлі на мітынг «За мір і дэмакратыю», арганізаваны прафсаюзамі і праваабарончымі групамі.
Дэманстранты мелі намер выказаць пратэст супраць аднаўлення баёў паміж курдзкімі паўстанцамі і турэцкім войскам, заклікаючы спыніць гвалт у дачыненьні да сэпаратыстаў з Рабочай партыі Курдыстану (PKK).
Сярод арганізатараў антываеннага шэсьця была і пракурдзкая партыя HDP, на адным зь мітынгаў якой у чэрвені, у горадзе Дыярбакір, таксама прагрымеў выбух.
Лідэр HDP ужо адмяніў усе заплянаваныя перадвыбарчыя мітынгі і абвінаваціў у падрыхтоўцы выбухаў у Анкары турэцкія ўлады.
Улады краіны назвалі тое, што адбылося, тэрактам. Міністэрства ўнутраных спраў у сваёй афіцыйнай заяве асудзіла гэтыя напады, сказаўшы, што яны былі нацэлены «супраць дэмакратыі і міру ў Турцыі».
Пакуль дакладна ня выяўлена ці былі выбухі ўчынены сьмяротнікамі, аднак дзяржаўнае агенцтва Анадолу паведаміла, што прынамсі адна з бомбаў была прыведзена ў дзеяньне сьмяротнікам.
На фотаздымках, якія зьяўляюцца ў сацыяльных сетках, бачныя клубы дыму і целы загінулых, якія ляжаць на зямлі. Параненых разьвезлі па розных шпіталях гораду.