Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за пратэст супраць расейскай авіябазы: удзельнікі пакараныя буйнымі штрафамі

У Цэнтральным раённым судзе Менску судзяць удзельнікаў акцыі ад 4 кастрычніка супраць расейскай авіябазы. Лябедзька і Сіўчык аштрафаваныя на 9 і 11 мільёнаў рублёў, Марачкін -- на 3,6 мільёна. Някляеву і Статкевічу прысудзілі па 9 мільёнаў.


Алесь Таўстыка аштрафаваны на 25 базавых велічынь (4,5 мільёна рублёў).

Уладзімер Някляеў на суд не зьявіўся, пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў).

Мікалай Статкевіч таксама аштрафаваны на 50 базавых велічынь, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Алесь Мех гэтак пракамэнтаваў судовае рашэньне:

Алесь Мех
Алесь Мех

«Для мяне гэта пытаньне найперш не грашовае. Беларускі суд пакараў грамадзяніна Беларусі за тое, што ён выйшаў бараніць Беларусь — вось што галоўнае. Мяркую, гэта зроблена на загад з Масквы. Я адгукнуўся на пагрозу незалежнасьці краіны. Спадар Пуцін даў загад Мядзьведзеву стварыць у Беларусі вайсковую базу, а ўлады нашай краіны на гэта ніяк не адрэагавалі. Таму мы і выйшлі на плошчу, каб прыцягнуць увагу да гэтай пагрозы».

На пытаньне, ці 40 базавых велічынь для яго вялікі штраф, Алесь Мех сказаў:

«Гэта велізарная для мяне сума. Я маю дзьве вышэйшыя адукацыі, але мушу працаваць сантэхнікам, бо сутыкнуўся з фактычнай забаронай на прафэсію. Каб зарабіць столькі грошай, мне давядзецца працаваць больш як два месяцы. Але, паўтараю, нават ня гэта галоўнае, а тое, як паставілася дзяржава да грамадзянаў, якія выйшлі бараніць Беларусь».

Меха аштрафавалі на 7 мільёнаў 200 тысяч

Алесю Меху далі штраф у памеры 40 базавых велічынь (7 мільёнаў 200 тысяч рублёў).

Мех ня лічыць сябе вінаватым

Аляксандар Мех вінаватым сябе не прызнаў, заявіў, што сьведкі хлусяць аб тым, што міліцыя яго папярэджвала пра несанкцыянаваны мітынг. Судзьдзя пайшла пісаць прысуд.

Пачаўся працэс над Алесем Мехам

Алесь Мех
Алесь Мех

Актывіста судзіць Тацяна Рак. Алесь ня стаў прагназаваць вынік суду.

«Мяне цікавіць іншае — што акцыя, у якой мы бралі ўдзел, вельмі моцна паўплывала на меркаваньне ня толькі кіраўніцтва краіны, але і беларускага народу. Людзі цяпер больш ведаюць пра вайсковую расейскую базу, якую Расея хоча разьмясьціць у Бабруйску, і ўсё больш людзей супраць гэтай базы. Гэта і наша заслуга. Але цікава — як гэта ацэніць суд?»

Марачкін аштрафаваны на 3 600 000 рублёў штрафу

Алесь Марачкін
Алесь Марачкін

Судзьдзя Якунчыхін пакараў мастака Аляксея Марачкіна штрафам на 20 базавых велічынь — 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Марачкіна ў судзе не было, рашэньне прымалася завочна.

З абвінавачаных у акцыі 4 кастрычніка ў судзе цяпер знаходзіцца толькі Аляксандар Мех, яго маюць судзіць а 12-й гадзіне.

Сіўчыку — штраф у 10 мільёнаў 800 тысяч

Вячаслаў Сіўчык (крайні справа)
Вячаслаў Сіўчык (крайні справа)

Вячаслаў Сіўчык у суд не зьявіўся і быў завочна аштрафаваны на 60 базавых велічынь (10 мільёнаў 800 тысяч рублёў). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Яго судзіла судзьдзя Вікторыя Шабуня.

На штраф Лябедзьку будуць зьбіраць талакой

На пытаньне, ці не складана выплачваць вялікія штрафы, Анатоль Лябедзька адказаў, што сам ён ня дасьць рады, будуць вырашаць праблему талакой: «Відаць, дзяржаве спатрэбіліся грошы, каб прафінансаваць чарговы тур Колі, цяпер ужо па Эўропе, вось і зьбіраюць грошы зь мяне, са Статкевіча ды іншых», — адказаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька назваў дзікунствам суд, які над ім прайшоў

Анатоль Лябедзька ў судзе
Анатоль Лябедзька ў судзе

«Вось міжнародныя назіральнікі — хай пабачаць, што насамрэч адбываецца на выбарах. Іх увесь час падводзяць да прыгожага дому, паказваюць, які ён прыгожы, і вось атрымалася зазірнуць ўсярэдзіну і ўбачыць, як насамрэч».

Лябедзька сказаў, што быў гатовы да любога выніку суду, узяў заплечнік з рэчамі. «Тое, што далі толькі штраф — добра ў тым сэнсе, што змагу прыняць удзел у заўтрашняй акцыі. Мяркуем, людзей будзе яшчэ больш, чым мінулым разам».

Штраф Лябедзьку — 9 мільёнаў рублёў

Прысуд Анатолю Лябедзьку — штраф 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў). Хадайніцтва Лябедзькі наконт ілжэсьведчаньняў судзьдзя гэтак і не задаволіў.

Лябедзька заявіў пра ілжэсьведчаньні міліцыянтаў

Падчас вывучэньня матэрыялаў справы судзьдзя аглядзеў фатаздымкі з акцыі і пракамэнтваў у голас гэтак: «Так, народу сабралося шмат».

Анатоль Лябедзька хадайнічаў, каб сьведак прыцягнулі да адказнасьці за хлусьлівыя паказаньні. Судзьдзя ня вырашыў хадайніцтва і сышоў, сказаўшы, што пайшоў выносіць рашэньне па справе.

Сьведка мяркуе, што мітынг ня меў дачыненьня да выбараў

Таксама сьведка ня змог распавесьці пра артыкул 45 Выбарчага кодэксу, на які спасылаецца Анатоль Лябедзька, даказваючы, што падчас выбарчай кампаніі ён меў права вольна выказвацца на плошчы.

«Гэта да справы ня мае дачыненьня», — мяркуе амапавец Віктар Ляшковіч.

Да чаго заклікаў Лябедзька, сьведка ня памятае

Сьведка Віктар Ляшковіч паўтарыў словы Навіцкага, што Лябедзька ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу. «Што непасрэдна рабіў Лябедзька?» — запытаў судзьдзя Хома. Сьведка адказаў: «Выкрыкваў праз мэгафон лёзунгі, заклікаў людзей...» Але да чаго заклікаў, сьведка не сказаў — запнуўся і фразу ня скончыў. На пытаньне Лябедзькі сьведка сказаў, што ня памятае, да чаго ён заклікаў.

Сьведкамі — міліцыянты

Пачаліся допыты сьведкаў. Сьведка міліцыянт Лавіцкі зазначыў, што Лябедзька прымаў актыўны ўдзел у акцыі, прамаўляў, выкрыкваў лёзунгі. Але Анатоль Лябедзька паказаў сьведку здымак з акцыі, на якім Навіцкага каля яго няма. Навіцкі гэта ня змог патлумачыць.

«Мне вас шкада. Вас прымушаюць ілжэсьведчыць, а вы гэта паслухмяна робіце. У мяне няма да вас больш пытаньняў», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Лябедзька заявіў пра дыскрымінацыю апазыцыі

Анатоль Лябедзька сказаў, што ў яго мусяць быць тыя ж правы, што і ў іншых грамадзян, як у Лукашэнкі ці Гайдукевіча — агітаваць і абмяркоўваць праблемы, зьвязаныя з выбарамі. Але яго за рэалізацыю гэтага права судзяць, а Лукашэнку даюць любую магчымасьць для выказваньня.

«Усё гэта робіцца, каб закансэрваваць сытуацыю ў краіне, — сказаў старшыня АГП, — карупцыю, 30 мільярдаў зьнешніх пазыкаў, рост беспрацоўя, выбарчы фарс, калі гоняць на датэрміновае галасаваньне студэнтаў і вайскоўцаў».

Лябедзька выкрыкваў лёзунгі

Судзьдзя зачытаў пратакол, які быў складзены на Анатоля Лябедзьку. Што «ў складзе групы грамадзян прыняў актыўны ўдзел у пікеце каля ратушы, выкрыкваў лёзунгі». Анатоль Лябедзька віны не прызнаў і пачаў даваць тлумачэньні.

Лябедзька выказаў адвод судзьдзі, той адхіліў

Перад судом Анатоль Лябедзька заявіў, што прыйшоў у суд, каб прадэманстраваць на працэсе, што суды ў Беларусі, як і выбары, ператварыліся ў фарс. У працэсе Лябедзька заявіў адвод судзьдзі Міхаілу Хому, бо не давярае яму, паколькі лічыць яго залежным ад дзяржавы, да таго ж Хома ёсьць у сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу з-за датычнасьці да рэпрэсіяў. Судзьдзя Міхаіл Хома пайшоў з залі на вырашэньне хадайніцтва, але вярнуўся праз хвіліну, зачытаў пастанову аб адхіленьні хадайніцтва і пачаў працэс. Фота і відэа здымкі судзьдзя забараніў.

Першым судзяць Анатоля Лябедзьку

Анатоль Лябедзька на акцыі супраць расейскай авіябазы
Анатоль Лябедзька на акцыі супраць расейскай авіябазы

У судзе Цэнральнага раёну Менску пачаўся адміністрацыйны працэс над старшынём АГП Анатолем Лябедзькам. Яго судзіць судзьдзя Міхаіл Хома. У зале таксама прысутнічаюць аднапартыйцы Анатоля Лябедзькі, журналісты, назіральнікі. Анатоля Лябедзьку абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 4 кастрычніка на плошчы Свабоды — акцыі супроць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

За акцыю, у якой прынялі ўдзел сотні менчукоў, судзяць лідэраў апазыцыі Анатоля Лябедзьку, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева, актывістаў Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка і мастака Алексея Марачкіна.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG