Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра гея Міхаіла Пішчэўскага пра вызваленьне злачынцы Лукашэвіча: Мы былі ў шоку, нам ніхто не сказаў


Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

Пра тое, што вінаваты ў зьбіцьці гея Міхаіла Пішчэўскага жыхар Менску Дзьмітры Лукашэвіч выйшаў паводле амністыі на волю яшчэ ў канцы жніўня, сястра і маці пацярпелага даведаліся толькі два дні таму.

«Мы былі ў шоку, калі даведаліся. Нам жа ж ніхто не сказаў, ані ў судзе, ані адвакат, што Лукашэвіч ужо на волі. Вось чаму судзьдзя дапамагаў, каб маці атрымала апошнія грошы ад Лукашэвіча, якія ён адправіў на імя Міхаіла, а пошта не выдавала. Хіба не дзеля таго, каб Лукашэвічу забясьпечыць амністыю? А мы думалі, які судзьдзя добры, нам дапамагае! Як атрымалі грошы, судзьдзя казаў, што вось, „цяпер у вас усё будзе добра“. Цяпер зразумела, што ён меў на ўвазе» — пракамэнтавала зьвесткі Тацяна, сястра Міхаіла Пішчэўскага.

16 кастрычніка 2014 году Дзьмітры Лукашэвіч быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі. Ад удару Лукашэвіча Міхаіл Пішчэўскі ўпаў, ударыўся галавой аб бэтон і пасьля апэрацыі па выдаленьні часткі мозгу дагэтуль ляжыць у шпіталі. Лекары кажуць пра ягоны стан, што ён «часткова ў коме».

Канфлікт здарыўся каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе 25 траўня 2014 году сабраліся прадстаўнікі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі. Паводле суду, Дзьмітры Лукашэвіч ударыў яго з хуліганскіх памкненьняў, не разьлічыўшы моцы ўдару. Вэрсію сваякоў і праваабаронцаў, што гэта была сьвядомая расправа з прычыны гамафобіі, суд не падтрымаў.

Яшчэ ўлетку сваякі Пішчэўскага не маглі атрымаць усе грошы, якія суд спаганяў з Лукашэвіча на лячэньне і кампэнсацыю маральнай шкоды. Апошнюю частку Дзьмітры Лукашэвіч пералічыў на імя пацярпелага, які быў у шпіталі. Зь вялікімі цяжкасьцямі маці Пішчэўскага нядаўна здолела атрымаць гэтыя грошы. Усяго з Лукашэвіча спагналі 210 мільёнаў рублёў. Як цяпер пачуваецца Міхаіл Пішчэўскі?

Лекар кажа, што ўсё нармальна, а пэрсанал вакол кажа, што ён ужо памірае.

«Зь Мішам стала горш. Было некалькі апэрацыяў, апошняя 2 тыдні таму. Баяліся, што ня выжыве пасьля апэрацыяў. Вытрымаў, але цяпер зноў дрэнна. Тэмпэратура вельмі высокая, хаця аналізы нібыта нармальныя. Лекар кажа, што ўсё нармальна, а пэрсанал вакол кажа, што ён ужо памірае. Ня ведаем з мамай, што і думаць. Да нас падыходзілі і пыталіся, ці будзем далей лячыць. Мы вырашылі лячыць да апошняга. Купляем гэтыя даражэзныя лекі, а як інакш? Сэрца ў яго моцнае, апэрацыю перанёс добра, але арганізм зношаны зусім. Нядаўна была пнэўманія, потым менінгіт галаўнога і сьпіннога мозгу — яго акупавалі гэтыя інфэкцыі. Трымаецца цяпер на сур’ёзных антыбіётыках».

— Падчас апошняй нашай размовы ў жніўні вы выказвалі невялікі аптымізм. Але Міхаіл гэтак і не пачаў цалкам сябе ўсьведамляць?

— Яшчэ некалькі тыдняў таму ў яго была пэўная сьвядомасьць. Калі паказвалі фатаздымак і прасілі паказаць, дзе ён, дык глядзеў у дакладнае месца на здымку. Ужо пачалі заняткі з лягапэдам, каб аднавіць мову. Але ўсё спынілася з-за інфэкцыяў. Цяпер быццам нічога ня бачыць, вочы закаціліся ўгару... Нашмат горш стала.

— Ці працягваюць Міхаіла наведваць ягоныя сябры?

У шпіталі ўжо ня кажуць, што будуць выпісваць. Настроіліся трымаць яго там да канца.

— Зрэдку, але яшчэ прыходзіць той сябар, які жыў у Нарвэгіі. Але маральна там вельмі цяжка. Маці зусім стамілася, ня ведаю, як яна трымаецца. Я пабуду там дзьве гадзіны — і ўжо вельмі цяжка, а як яна ўвесь дзень?.. Гэтыя перавязкі, ён крычыць ад болю, вакол вісяць пакеты, бо ў яго вадкасьць адыходзіць. Цяжка. Але ў шпіталі ўжо ня кажуць, што будуць выпісваць. Настроіліся трымаць яго там да канца.

Некалькі скаргаў на прысуд Дзьмітрыю Лукашэвічу, якія накіроўвалі сваякі Міхаіла Пішчэўскага, гэтак і не былі задаволеныя. У сваякоў яшчэ ёсьць магчымасьць зьвярнуцца са скаргай у Вярхоўны суд.

«Мы будзем пра гэта думаць, але пасьля амністыі Лукашэвічу цяжка паверыць, што ў гэтым ёсьць сэнс», — кажа Тацяна, сястра Міхаіла Пішчэўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG