Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала абстрэлы Сырыі ракетамі з Касьпійскага мора

абноўлена

Чатыры расейскія вайсковыя караблі ў Касьпійскім моры выпусьцілі 26 ракет па тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава» ў Сырыі.

Пра гэта міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну падчас сёньняшняй сустрэчы.

Пуцін адказаў, што пакуль занадта рана казаць пра вынікі дзейнасьці Расеі ў Сырыі і загадаў Шайгу працягнуць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, Турэччынай, Савудаўскай Арабіяй, Іранам, Сырыяй ды Іракам.
Таксама Шайгу даў справаздачу Пуціну аб дасягнутых выніках апэрацыі Расеі ў Сырыі.

«З 30 верасьня па сёньняшні дзень нанесеныя ўдары па 112 аб’ектах. Інтэнсіўнасьць удараў нарастае, за апошнія двое сутак выяўлена вялікая колькасьць аб’ектаў: пункты кіраваньня, склады боепрыпасаў, бронетэхнікі, трэніровачныя лягеры баевікоў. Усе яны былі зьнішчаныя, цывільныя аб’екты не пацярпелі», — сказаў Шайгу.

Таксама кіраўнік Мінабароны РФ заявіў, што расейскае вайсковае ведамства гатовае ўзгадніць дакумэнт па сумеснай працы з ЗША ў Сырыі. Перамагчы «Ісламскую дзяржаву» без супрацоўніцтва Масквы і Вашынгтону немагчыма, адзначыў Шайгу.

У сваю чаргу Пуцін паведаміў журналістам аб прапанове францускага лідэра Франсуа Алянда аб’яднаць намаганьні арміі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і «Свабоднай сырыйскай арміі» ў барацьбе супраць «Ісламскай дзяржавы».

Раней крыніцы Bloomberg сьцьвярджалі, што плян ваеннай кампаніі Расеі ў Сырыі распрацавалі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Іваноў, міністар абароны Сяргей Шайгу і кіраўнік Рады бясьпекі Мікалай Патрушаў. Неназваныя расейскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што для ўлады абвешчаная вайна баевікам «Ісламскай дзяржавы», якія захапілі значныя тэрыторыі Сырыі — спосаб вывесьці Расею з ізаляцыі.

Расейская авіяцыя бамбуе пазыцыі ісламістаў у Сырыі з канца верасьня. Заходнія краіны сьцьвярджаюць, што большасьць расейскіх удараў прыпадае на тэрыторыі, кантраляваныя памяркоўнай апазыцыяй Асаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG