Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах»: Лукашэнка ня мае права на прэзыдэнцтва


Тамара Сяргей і Васіль Хацько
Тамара Сяргей і Васіль Хацько

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» зьвярнуліся ў грамадзкую прыёмную кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з заявай, што ў Лукашэнкі «няма права на галоўную дзяржаўную пасаду».

Заяву падпісалі 27 актывістаў. Гэта іхні 42-гі зварот да кіраўніка краіны. Падпісанты безвынікова спрабуюць вырашыць надзённыя жыцьцёвыя праблемы, жыльлёвыя і іншыя, у чыноўніцкіх кабінэтах, судах і пракуратуры. Аднак ва ўладных структурах людзям адмаўляюць нават у пісьмовых адказах па сутнасьці закранутых праблемаў. А каб іх не вырашаць — спыняюць перапіску, сказала Свабодзе юрыстка, каардынатар ініцыятывы Тамара Сяргей:

«За ўсе гэтыя гады мы прыйшлі да высновы, што Аляксандар Рыгоравіч ня мае права чарговы раз прэтэндаваць на гэтую высокую пасаду. Бо замест вырашэньня праблемаў усе гэтыя гады чыноўнікі спынялі перапіску, запалохвалі нас, затрымлівалі, судзілі, штрафавалі і пагражалі зьняволеньнем. Усё гэта толькі за тое, што мы зьвярталіся да іх, каб вырашыць створаныя імі ж праблемы! І толькі за гэта маем перасьлед! Дык што будзе далей?!

Аляксандар Рыгоравіч 22 гады займае высокую дзяржаўную пасаду. Па сутнасьці, ён гаспадар, адзіны гаспадар усёй краіны. А мы што — рабы? Мы цалкам бяспраўныя ў сваёй краіне. Таму мы напісалі наш зварот на дзьвюх дзяржаўных мовах і папрасілі супрацоўніцу прыёмнай перадаць іх кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Лукашэнку. А яна нам звыкла сказала, што мы атрымаем адказ, куды наш зварот накіраваны. Гэта азначае, што „Грамадзкая прыёмная кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі“ існуе для таго, каб звароты накіроўваць не кандыдату, а каб адпраўляць гэтыя звароты ў дзяржаўныя органы. Але гэтая прыёмная кандыдата ў прэзыдэнты ёсьць для таго, каб ён прымаў звароты грамадзян, аналізаваў іх і рабіў высновы. Тым больш што ён дзейны кіраўнік. Непасрэднай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам мы спрабуем дамагчыся з 2007 году. Мы выкарысталі ўсе прававыя мэтады і нават публічныя вулічныя акцыі.

Кіраўнік краіны кажа, што ў нас краіна невялікая і ён ведае ўсё, што адбываецца. Значыць, ён ведае і пра нашу групу, але ніякага станоўчага выніку гэта ня мае. Значыць, яму гэта выгадна, каб парушаліся канстытуцыйныя правы грамадзян, а кіраўнік краіны мае ў гэтым свой інтарэс».

Тамара Сяргей і Васіль Хацько
Тамара Сяргей і Васіль Хацько

Адзін з заяўнікаў — Васіль Хацько, які з 2007 году судзіцца зь дзяржаўнымі структурамі за зьнесены дом на праспэкце Дзяржынскага ў Менску, гэтак пракамэнтаваў прававое становішча грамадзян краіны:

«Гэткае хамскае стаўленьне да людзей і іх правоў — непасрэдная пагроза бясьпецы краіны. Прыклад таму — Украіна і ўсе тыя падзеі, якія там адбываюцца. Пра ўсё астатняе няхай улады думаюць самі».

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах», каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да прававога становішча грамадзян, правялі 24 верасьня пікет на плошчы Свабоды ў Менску. Акцыі пратэсту актывісты ініцыятывы праводзілі і напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG