Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы пачалі практычны этап адводу ўзбраеньняў на Данбасе


Сытуацыя ў зоне канфлікту на Ўсходзе Ўкраіны
Сытуацыя ў зоне канфлікту на Ўсходзе Ўкраіны

3 кастрычніка ўкраінскі бок пачаў практычны этап адводу ўзбраеньняў калібрам менш за 100 мілімэтраў. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар адміністрацыі прэзыдэнта па пытаньнях антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэй Лысенка.

«Па рашэньні прэзыдэнта Ўкраіны з 3 кастрычніка пачаўся практычны этап адводу ад лініі размежаваньня ўзбраеньняў і тэхнікі, сярод іх танкаў, на адлегласьць 15 кіламэтраў», — сказаў Лысенка.

Ён дадаў, што працэс адбываецца арганізавана.

«Для гэтага складаюцца сьпісы ўзбраеньняў, туды заносяцца нумары гэтых узораў тэхнікі і зброі, вызначаюцца маршруты і пляцоўкі, дзе яна будзе разьмешчана», — сказаў Лысенка.

Паводле яго слоў, паралельна ідзе праца з прадстаўнікамі місіі АБСЭ, якім перадаюць гэтыя сьпісы, паказваюць пляцоўкі, дзе будзе захоўвацца тэхніка, вызначаюць яе колькасьць.

Лысенка паведаміў, што ў другой палове дня 3 кастрычніка пачнецца рух тэхнікі на канкрэтныя пляцоўкі.

Сайты групоўкі «ДНР» са спасылкай на прадстаўніка так званага «міністра абароны „ДНР“» Эдуарда Басурына пішуць, што на падкантрольных ім тэрыторыях адвод узбраеньняў пачнецца пасьля 18 кастрычніка пры ўмове захаваньня перамір’я.

У той жа час сайты групоўкі «ЛНР» пішуць, што ўжо пачалі адвод ўзбраеньняў, у прыватнасьці танкаў, ад лініі судакрананьня. Паведамляецца, што калёна баявых машын рушыла «да новага месца дысьлякацыі, разьмешчанага ня менш як за 15 кіламэтраў ад лініі судакрананьня».

Згодна з дамоўленасьцямі дасягнутымі 29 верасьня трохбаковай кантактнай групай у Менску, у выпадку, калі рэжым цішыні будзе захаваны цягам ня менш як двух сутак, пачнецца адвод узбраеньняў калібру менш за 100 мілімэтраў. Перш за ўсё павінны адводзіць танкі на працягу 15 дзён, пазьней — артылерыю калібру менш за 100 мілімэтраў і мінамёты (на працягу 24 дзён). Адлегласьць адводу ўзбраеньня павінна складаць 15 кілямэтраў з кожнага боку лініі судакрананьня.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 2 кастрычніка пасьля сустрэчы лідэраў краін «нармандзкага фармату» ў Парыжы заявіў, што ўкраінскі бок з 3 кастрычніка пачне адвод тэхнікі і ўзбраеньняў калібру да 100 мілімэтраў ад лініі разьмежаваньня на Данбасе.

«Мы пачынаем адвод лёгкага ўзбраеньня. Абмеркавана працэдура, і адвод павінен пачацца праз суткі», — сказаў тады Парашэнка.

Паводле прэзыдэнта, адвод лёгкага ўзбраеньня працягнецца 41 суткі. Вызначаны этапнасьць адводу, а таксама этапы прамежкавай праверкі, каб забясьпечыць поўнае выкананьне гэтага пункту. «Гаворка ідзе ня толькі аб артылерыі калібру менш за 100 мілімэтраў, але і пра танкі і мінамёты. Гэта тое, ад чаго нясуць найбольшыя страты, і гэта будзе садзейнічаць забесьпячэньню стабілізацыі сытуацыі і выразнаму выкананьню рэжыму спыненьня агню», — падкрэсьліў Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG