Акружны адміністрацыйны суд Кіева спыніў дзейнасьць дзьвюх кампартыяў Украіны. Пад забарону падпалі Камуністычная партыя Ўкраіны (абноўленая) і Камуністычная партыя рабочых і сялян. Пазоў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны да згаданых партыяў задаволены цалкам.
Тым часам разгляд пазову Мін’юсту да Камуністычнай партыі Ўкраіны, лідэр якой — Пятро Сіманенка, працягваецца. Кампартыя абскарджвае ў судовым парадку загад Мін’юсту аб забароне яе дзейнасьці. Разгляд справы прызначаны на 8 кастрычніка. КПУ абвінавачваюць у дзеяньнях, накіраваных на зьмену канстытуцыйнага ладу гвалтоўным шляхам, парушэньні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, прапагандзе вайны, гвалту, распальваньні міжэтнічнай варожасьці, замахах на правы і свабоды чалавека, закліках сяброў партыі да стварэньня ваенізаваных фармаваньняў.
Раней міністар юстыцыі Ўкраіны заяўляў, што кампартыі таксама парушаюць забарону прапаганды камуністычнай ідэалёгіі: Украіна раней прыняла шэраг законаў па «дэкамунізацыі».