Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты ранейшых хваляў незадаволеныя, што Нямеччына ператвараецца ў «прахадны двор»


Людзі адпачываюць у пункце рэгістрацыі для мігрантаў на галоўнай станцыі ў Мюнхене, Нямеччына. 5 верасьня 2015 году
Людзі адпачываюць у пункце рэгістрацыі для мігрантаў на галоўнай станцыі ў Мюнхене, Нямеччына. 5 верасьня 2015 году

Паводле дадзеных міжнародных арганізацыяў, колькасьць уцекачоў, якія сёлета прыбылі ў краіны Эўразьвязу, перавысіла паўмільёна чалавек. Гэта ўдвая болей, чым за ўвесь 2014 год. Як ставяцца да перасяленцаў прадстаўнікі міграцыі пачатку 1990-х — перадусім з колішніх савецкіх рэспублік?

Этнічны немец Аляксандар Ліхтнер жыве ў Ніжняй Саксоніі, што на поўначы Нямеччыны. Ягоную бабулю прымусова вывезьлі ў Казахстан яшчэ падчас сталінскай «зачысткі» Крыму, а ўжо ягоныя бацькі потым памянялі Караганду на Менск. У 1993 годзе Аляксандар разам з жонкай і маленькай дачкой у кампаніі тысяч такіх жа рэпатрыянтаў з усяго былога СССР падаўся на радзіму продкаў. Уладкаваўся на працу, неўзабаве збудаваў дом. У сваім гарадку ён паважаны чалавек.

Верагодна, з прычыны суседзтва з Паўночным морам і, адпаведна, досыць спэцыфічнага клімату дагэтуль уцекачы гэты рэгіён абміналі. Але цяпер у кухонных размовах мігранцкая тэма — ледзь не галоўная:

«У вялікай масе яны яшчэ да нас не дабраліся. Мы на поўначы, тут ім асабліва рабіць няма чаго, да таго ж халаднавата, на поўдні лепш. Пакуль аблюбавалі Баварыю, дый у баварцаў і грошай болей. Але паціху дабяруцца. Прыйдуць — нікуды, канечне, ня дзенуцца. Настроі, шчыра скажу, тут ня вельмі гасьцінныя. Гэта, магчыма, вам па тэлевізары паказваюць, што немцы стаяць уздоўж дарогі і сьцяжкамі махаюць. Калі так — то гэта ўсё напускное. Народ у масе сваёй такой пэрспэктывай не асабліва задаволены. Гэта калі сказаць вельмі мякка».

Адна толькі Нямеччына да канца году гатовая прыняць звыш 800 тысяч уцекачоў — у чатыры разы больш, чым летась. Кожнаму мігранту абяцаная матэрыяльная дапамога ў суме амаль 700 эўра на месяц. Але, як лічыць суразмоўца, такой дабрачыннасьцю дзяржава сама плодзіць дармаедаў — пасьля такой «халявы» працаваць ужо наўрад ці хто захоча:

«У чым якраз і праблема. Зараз уся гэтая маса сюды прыедзе, ім пачнуць аказваць дапамогу, пачнуць плаціць грошы. Працаваць ім нельга паводле закону, таму што яны ўцекачы, адразу павінны пацьвердзіць свой статус. То бок спачатку будуць зь імі разьбірацца: хто такія, адкуль паўцякалі, чаму. Пры гэтым ці не палова ўжо паказалі, што яны „самыя разумныя“ — свае дакумэнты папросту павыкідалі і цяпер кажуць, што ўвогуле ня ведаюць, хто яны такія і адкуль. А паколькі ў такога чалавека ні дакумэнтаў, ні грамадзянства, то яго ў выпадку спрэчнай сытуацыі няма куды адправіць назад. Таму яны застануцца, пасядзяць год, можа нават больш, ім кожны месяц будуць даваць немалыя грошы. А калі ўрэшце скажуць — усё, хлопцы, трэба неяк уладкоўвацца на працу — гарантую: у адказ пачуюць кшталту таго, што навошта працаваць, калі нам і так добра, нас і так нядрэнна кормяць. Вось тады сапраўдныя праблемы і пачнуцца».

Большая частка мігрантаў, якія рознымі шляхамі трапілі ў Заходнюю Эўропу, імкнуцца ў заходнюю частку Нямеччыны, дзе канцэнтрацыя іншаземцаў і без таго надзвычай высокая. Пры гэтым, як кажа Аляксандар Ліхтнер, колішняй «гэдээраўскай» тэрыторыі новая кроў нават і не пашкодзіла б. Дык што замінае пераарыентаваць мігранцкую плынь?

Нават людзі, якія дагэтуль талерантна да ўсіх гэтых працэсаў ставіліся, і то пачынаюць цяпер весьці досыць крамольныя размовы.

«Узяць, напрыклад, усход Нямеччыны. Там і людзей ня так шмат, і жыльлё ўжо гатовае — практычна паўсюль стаяць яшчэ саўдэпаўскія пяціпавярховікі, як у вялікіх гарадах кшталту Менску. Там іх набудавана куча, яны практычна ўсе пустыя, там ніхто не жыве. У прынцыпе, было б лягічна адпраўляць уцекачоў туды, тым больш што там уласнага насельніцтва зусім мала. Але праблема ў тым, што так званыя „нацыкі“ менавіта ў той частцы, і яны гэтых нязваных гасьцей пачнуць папросту вынішчаць — чарапы бэйсбольнымі бітамі параскрываюць, спаляць на вогнішчы ці ў іхніх жа кватэрах. Гэта не перабольшваньне, такія настроі. Таму ня так усё ружова, як праблему спрабуюць паднесьці. Нават людзі, якія дагэтуль талерантна да ўсіх гэтых працэсаў ставіліся, і то пачынаюць цяпер весьці досыць крамольныя размовы».

Як да мігрантаў ставяцца тыя, хто ў розныя гады сам пабываў у іхняй скуры? Усё ж больш спачуваньня ці трывогі наконт «канкурэнцыі»? Аляксандар Ліхтнер кажа, што цяперашняя, самая магутная для пасьляваеннай Нямеччыны хваля ўцекачоў зьмяніла настроі нават збольшага талерантных карэнных немцаў, ня кажучы пра «навасьпечаных»:

Самае цікавае, што такія настроі пашыраюцца ўжо і сярод, так бы мовіць, „закаранелых“ перасяленцаў, якія зьявіліся ў Нямеччыне 20–25 гадоў таму.

«Самае цікавае, што такія настроі пашыраюцца ўжо і сярод, так бы мовіць, „закаранелых“ перасяленцаў, якія зьявіліся ў Нямеччыне 20–25 гадоў таму. Найперш я маю на ўвазе рэпатрыянтаў з краінаў былога СССР, уцекачоў з Балканаў, калі там ішла вайна, традыцыйна туркаў. Ніхто лішняга stoff (рэчыва, у сэнсе „іншароднага“) ня хоча, вось у чым справа. Тэндэнцыя такая, што прахадным дваром, у які ператварылася краіна, абураюцца ня толькі народжаныя тут, карэнныя грамадзяне „Бундэсрэпублік“. Незадаволеныя нават навасьпечаныя немцы зь нямецкімі пашпартамі, якія некалі самі былі ў падобнай сытуацыі: маўляў, прыедуць, будуць паветра ў нас забіраць, непарадак. Так што песьні пра мігрантаў ужо гучаць на новы лад».

Паводле зьвестак камітэту ААН у справах уцекачоў, ад пачатку 2015 году 515 тысяч мігрантаў дабраліся да Эўропы празь Міжземнае мора. Зь іх 383 тысячы прыбылі ў Грэцыю, амаль 130 тысяч — у Італію. Абсалютная большасьць адтуль выпраўляецца на штурм Нямеччыны, намагаючыся транзытам праскочыць іншыя тэрыторыі. Значная іх частка — грамадзяне Сырыі: ад пачатку збройнага канфлікту ў 2011 годзе краіну пакінулі блізу 4 мільёнаў чалавек, больш за 7 мільёнаў сталі ўнутранымі перасяленцамі. Менавіта сырыйцы, кажа суразмоўца, якраз і не выклікаюць у эўрапейцаў асаблівых апасеньняў:

«Справа ў тым, што калі браць усіх, хто пад маркай рэальных ці ўяўных уцекачоў сюды прыяжджае, то сырыйцы — больш-менш міралюбныя людзі. Таму што сама па сабе сырыйская дзяржава не была да такой ступені ісламізаваная, як той жа Аўганістан, у апошнія гады Ірак ці некаторыя афрыканскія краіны. Народ, у прынцыпе, цывілізаваны. Але ж з гэтага мільёна ці нават 800 тысяч далёка ня ўсе сырыйцы. Не бяруся апэраваць дакладнымі лічбамі, але, пэўна, палова гэтай колькасьці ідзе з Афрыкі. Вось гэтыя, як той казаў, увогуле — тушы сьвятло».

На вуліцы Брэмэна сёлетнім ліпенем, да новай хвалі наплыву мігрантаў
На вуліцы Брэмэна сёлетнім ліпенем, да новай хвалі наплыву мігрантаў

Кіраўніцтва Расеі рэзка і пасьлядоўна крытыкуе ЗША ды краіны Эўразьвязу за «ўмяшаньне ва ўнутраныя справы» іншых дзяржаваў, называючы ў гэтым пераліку Аўганістан, Ірак, Іран, Лібію, Сырыю ды іншыя гарачыя пункты. Аднак, прымаючы рашэньне аб уводзе ўласных войскаў у тую ж Сырыю, Масква чамусьці не працягвае руку дапамогі тамтэйшым жыхарам. Што, перакананы Аляксандар Ліхтнер, было б цалкам лягічна:

Хай бы той жа самы Пуцін і ўнёс прапанову, як выступаў на паседжаньні Рады ААН: давайце прысылайце ўсіх да нас — краіна вялікая, месца знойдзем.

«Расейскаму кіраўніцтву трэба неяк уздымаць Сыбір, іншыя закінутыя рэгіёны. Дык хай бы той жа самы Пуцін і ўнёс прапанову, як выступаў на паседжаньні Рады ААН: давайце прысылайце ўсіх да нас — краіна вялікая, месца знойдзем. Але нешта не праявіў падобнай ініцыятывы. Чаму ня ўзяць да сябе аўганцаў? Не чужыя людзі, калі меркаваць паводле яшчэ нядаўняга «стратэгічнага» інтарэсу да таго рэгіёну. А цяпер вось і ў Сырыю зьбіраюцца войскі ўводзіць. Дапамажыце мірнаму насельніцтву, калі так клапоціцеся пра іх бясьпеку. Іх жа ня ў высылку ў Сыбір адсылаюць, а з прапановай мірнага жыцьця ды плённай працы. Я ў гэтым зьвязку ўжо не кажу пра Беларусь, бо нават маленькай часткі таго патоку мігрантаў было б дастаткова, каб краіна на раз загнулася. Гэта не ўкраінцы, якія гатовыя працаваць за мізэр, без усялякіх «пад’ёмных».

Паміж краінамі Эўразьвязу паўсталі вострыя рознагалосьсі адносна шляхоў урэгуляваньня крызісу, зьвязанага з масавым наплывам мігрантаў. Тым часам колькасьць ахвотных трапіць у мірную Эўропу не зьмяншаецца, штодня прарваць кардоны спрабуюць новыя тысячы перасяленцаў. Не спыняе людзей нават і непрадказальнасьць рызыкоўнага падарожжа: паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі міграцыі, прыкладна 3 тысячы чалавек, якія спрабавалі трапіць у краіны Эўразьвязу морам, загінулі або зьніклі бязь вестак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG