Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра выступ Лукашэнкі ў ААН: Беларусь захоўвае імідж нонканфармісцкай краіны


Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на пленарным пасяджэньні саміту ААН. Нью-Ёрк, 27 верасьня 2015 году
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на пленарным пасяджэньні саміту ААН. Нью-Ёрк, 27 верасьня 2015 году

У сваім выступе на пленарным пасяджэньні саміту ААН Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў сваю традыцыйную антызаходнюю рыторыку.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

«Калі казаць увогуле пра пазыцыю Беларусі ў ААН, то яна заўсёды была падобная на тое, што мы пачулі ўчора. У міжнароднай прасторы Беларусь даўно эксплюатавала імідж такой нонканфармістцкай краіны, праз гэта знаходзіла сябе сяброў і ў Вэнэсуэле, і ў Іране, і пэўнае спачуваньне ў Кітаі, і г.д. Апошні час беларуская палітыка будуецца якраз на тым, што адначасова гульня ідзе на розных узроўнях: то бок, улады спрабуюць і наладжваць адносіны з Захадам, і адначасова пакідаюць сабе магчымасьць Захад крытыкаваць, усталёўваць кантакты зь нейкімі іншымі краінамі і г.д. Таму ўчорашні выступ падобны на працяг такой стратэгіі. Прынамсі, калі б беларускі бок пачаў казаць нешта добрае пра Захад менавіта з трыбуны ААН, то гэта было б пэўным дысанансам, улічваючы той імідж Беларусі, які быў складзены і які, у прынцыпе, прыносіў пэўныя дывідэнды — у тым ліку фінансавыя і палітычныя. Таму гэты вэктар не адкідаецца, тым больш, што прычынаў гэта рабіць няшмат. Усё адно паляпшэньне стасункаў з Захадам будзе разьвівацца ў іншай плашчыні і зьвязанае ня столькі з рыторыкай, колькі з практычнымі справамі — то бок тое, што мы, у прынцыпе, і назіралі апошнім часам», — адзначыў Казакевіч.

Учора Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэньні саміту ААН па ўстойлівым разьвіцьці, абвінаваціў «моцных гэтага сьвету» у злачынствах у Іраку, Лібіі і Сырыі. Ён узгадаў пра сумны лёс Кадафі і Хусэйна і заклікаў Захад спыніцца.

«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху разьвіцьця. Менавіта ў нашай разнастайнасьці — залог агульнага прагрэсу і посьпеху кожнага», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG