Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 27 верасьня 2015: Багач у Вязынцы


Вязынка
Вязынка

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы ладзяць у Вязынцы Багач. Пачатак а 12.30. У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэньня збору ўраджаю і да першага запальваньня хатняга агменю — васковай сьвечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго году, што прыносіць у дом багацьце і шчасьце. Абрад скіраваны на захаваньне дабрабыту, ураджайнасьці, плоднасьці жывёлы, сямейнага ладу. Асноўнай дзеяй сьвята зьяўляецца ссыпаньне агульнага Багача, таму арганізатары просяць усіх гасьцей захапіць з сабой па жменьцы зерня. Сёлета на сьвяце прасьпяваюць урачыстыя дажынкавыя песьні гурты Рутвіца, Мярэжа, Горынь, Дайнава і Варган, а танцавальную вечарынку зладзяць музыкі і танцоры клюбу традыцыйнага танца Сіта.

У Залесьсі (Смаргонскі раён) у сядзібе Агінскага адбудзецца канцэрт ансамбля салістаў «Класік-авангард» да 250-годзьдзя з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага. У праграме канцэрту — музыка М. К. Агінскага, В. А. Моцарта, Ф. Шапэна, С. Манюшкі і іншых. Пачатак а 15.00.

У гісторыі:

1533 ― нарадзіўся Стэфан Баторы, кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь літоўскі.

1605 — перамога войска польнага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча над швэдамі пад Кірхгольмам.

1796 ― расейская імпэратрыца Кацярына ІІ выдала ўказ «пра абмежаваньне свабоды кнігадрукаваньня і ўвозу замежных кніг, пра заснаваньне цэнзуры». Згодна з гэтым указам у Расейскай імпэрыі, у тым ліку і ў Беларусі, зачыняліся ўсе прыватныя друкарні.

1892 ― нарадзіўся Сяргей Баран, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог; заснавальнік Гарадзенскай беларускай гімназіі, пасол польскага сойму ў 1922-1927 гадох. У 1933 годзе быў арыштаваны НКВД і памёр у ГУЛагу, год сьмерці невядомы.

1903 ― нарадзілася Вера Харужая, дзяячка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў антыфашысцкага падпольля ў Віцебску, публіцыстка.

1909 ― нарадзіўся Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

Цытата:

Шлях твой цяжкі быў,
ня ўсьцелены ружамі
Шлях твой суровы,
Вера Харужая!

Ды не прыстала нідзе ты, ня збочыла,
Церазь віхуры,
нястомная, крочыла...
I сёньня іду я —
Горадам, вёскаю,
Голас твой чую ў сям’і камсамольскае.

Бачу цябе, маладую і дужую,
Бачу я ўсюды
Веру Харужую.

Пятрусь Броўка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG