Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я яго абняў і прыгожа адвёў у бок» — як апэратар БТ «заламіў шыю» фатографу TUT.BY


Апэратар "Белтэлерадыёкампаніі" Аляксандар Лукашкоў

На здымках прыезду ў Менск Філіпа Кіркорава здарыўся канфлікт паміж фатографам TUT.BY і апэратарам «Белтэлерадыёкампаніі».

Фатограф Дзьмітры Брушко распавёў у Фэйсбуку, што здарылася, калі здымалі прыезд Філіпа Кіркорава ў Менск. Паводле ягоных слоў, перад прыездам Кіркорава ахова шоўмэна папрасіла прысутных расступіцца, каб утварыць «дарожку». У канцы «дарожкі» сталі тры апэратары дзяржаўных тэлеканалаў. Брушко вырашыў прабрацца да гэтай тройцы, каб агледзецца. Тут жа пачуў з-за сьпіны: «Э-э-э, это невежливо! Э-э-э, я тут стоял». Фатограф не надаў гэтаму асаблівай увагі, ды праз тры сэкунды адчуў, як з-за сьпіны рука захоплівае яго за шыю, нехта спрабуе зрабіць падножку. З мужчынам (як пазьней высьветлілася, апэратарам «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандрам Лукашковым) у Брушка завязалася слоўная перапалка. Праз паўгадзіны апэратар Лукашкоў сышоў.

Аляксандар Лукашкоў бачыць гісторыю іначай. Паводле ягонага адказу ў Facebook, Брушко стаў сьпераду ад яго, «прайшоўшы груба, але ўпэўнена». Лукашкоў «абняў (Брушка. — РС) левай рукой і прыгожа адвёў у бок, патлумачыўшы, што так рабіць ня трэба». Па словах Лукашкова, Брушко ў адказ на гэта пачаў крычаць, што яму (Лукашкову) пагражае небясьпека, стаў набіраць некага па тэлефоне. «Ваш артыкул у сацсетцы — добрая нагода мне падаць на вас у суд», — піша Лукашкоў Брушку.

Абодва бакі спасылаюцца на мноства сьведак. У камэнтарах да запісу Брушка журналістка «Народнай Волі» Марыя Малевіч адзначае, што мела з Лукашковым «падобную сытуацыю». Іншыя журналісты распавядаюць пра падобныя здарэньні з супрацоўнікамі дзяржаўных тэлеканалаў. Лукашкоў заблякаваў Брушку доступ да сваёй старонкі на Facebook, таму фатограф ня можа наўпрост пагутарыць з апэратарам у камэнтарах.

«Ён ня мог бы, абдымаючы мяне рукой, вывесьці мяне ў бок, — распавядае Свабодзе Брушко. — Я не такі чалавек, які спрабуе ўжываць фізычную сілу, тым больш на здымцы, гэта непрыгожа. Калі ён хоча ў суд падаваць — калі ласка! Я не зьбіраюся падаваць на яго ў суд, у мяне стаіць іншая дылема. Усё гэта ня варта выедзенага яйка: праз паўгадзіны ён сышоў з таго месца, нічога ня зьняўшы. Тое, што ён спрабаваў заламіць шыю, было марна: ніхто нікому ў выніку не перашкодзіў. Але застаўся непрыемны асадак. У мяне пытаньне, што рабіць далей мне, як працаваць: біцца, хадзіць з манаподам замест шпагі, „рукапашкай“ заняцца, каб па-сэпаратысцку захопліваць тэрыторыі на прэс-канфэрэнцыях?»

Асабіста паразмаўляць з Лукашковым у Свабоды не атрымалася: па адным нумары, які ён пакінуў на сваёй старонцы, ніхто не адказвае, па другім адказвае сябра Лукашкова. Гэты сябра, не назваўшы свайго імя, пасьля кансультацыі з Лукашковым перадаў, што апэратар ня стане камэнтаваць выпадак:

«Інтэрвію ніякага мой сябра даваць ня будзе, а гэтае пытаньне будзе вырашацца на іншых узроўнях. Разьдзімаць з гэтага рэпартаж на ўсю Беларусь мы не зьбіраемся. Што будзе далей, мо потым даведаецеся. Чалавек, які пачаў разьдзімаць гэта, непрыстойны, мы будзем думаць, як гэта ўсё ўрэгуляваць у законным парадку. Разьдзімаць гэты бруд, паўтаруся, ня трэба. Лепей нешта добрае распавядзіце людзям».

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG