Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ адхрышчваецца ад «фабрыкі троляў». Экспэрт: тролі могуць працаваць і бясплатна

абноўлена

У праўрадавай моладзевай арганізацыі адмаўляюць сваю датычнасьць да лістоў, якія ў інтэрнэце былі ўспрынятыя як сьведчаньне існаваньня «беларускай фабрыкі троляў». Але падобна, што інтэрнэт-тролі, скіраваныя на беларускія сайты, існуюць.

Увечары 22 верасьня на сайце праекту «Народнае назіраньне за выбарамі» (electby) зьявіліся скрыншоты перапіскі нібыта паміж Віцебскім абласным камітэтам БРСМ і нейкім супрацоўнікам гэтай арганізацыі пра пісаньне камэнтароў да навінаў пэўнай тэматыкі.

У electby ня могуць даць адназначных доказаў праўдзівасьці лістоў, але лічаць інфармацыю вартай даверу:

«Падрабязнасьцяў мы ня ведаем, бо гэта прыйшло да нас праз сайт. Таксама скрыншоты былі высланыя ў „Нашу Ніву“, — распавялі Свабодзе аўтары праекту. — На жаль, саміх лістоў няма, толькі скрыншоты, што робіць цяжкой вэрыфікацыю гэтай інфармацыі. Але мы зыходзім з таго, што людзі не дасылалі арыгіналы лістоў зь меркаваньняў асабістай бясьпекі. Магу толькі сказаць, што інфармацыя вартая даверу».

БРСМ адмаўляе факт рассылак і сьцьвярджае, што адрас, зь якога высылаліся лісты, не належыць арганізацыі. Адрас знаходзіцца на не зьвязаным з БРСМ сэрвісе mail.ru, хоць фігуруе ў абвестках пра конкурс на лягатып БРСМ на сайтах газэты «Міёрскія навіны» і derzaj.by і пра спартакіяду для сяброў БРСМ на studopedia.ru. У Віцебскім абкаме БРСМ адмовіліся даць Свабодзе афіцыйны камэнтар, спаслаўшыся на тое, што кіраўніцтва на нарадзе.

«Наша Ніва» не прапускае камэнтары тых, каго лічыць тролямі, але рэгулярна публікуе падборкі іхніх камэнтароў. Рэдактар «Нашай Нівы» Юлія Бальцэвіч распавяла Свабодзе пра мадэрацыю камэнтароў і пра тое, як паводзяць сябе тролі:

«Навіны, якія відавочна найбольш атакуюцца тролямі, — гэта пра расейска-ўкраінскі канфлікт, асобная катэгорыя — гэта нашы ўласныя навіны пра нейкія ініцыятывы БРСМ ці ўлады, якія павінны камэнтавацца ў „пазытыўным сьвятле“, — распавядае Бальцэвіч. — Адрозьніць іх вельмі лёгка, асабліва „нашых“. Па-першае, гэта такія, якія зьяўляюцца ўпершыню, альбо новыя нікі, альбо проста „Вася-Маша-Ангеліна“.

Пішуць звычайна па-расейску ў вельмі пазытыўным ключы, ухваляльна-патрыятычны такі тон, больш-менш „пад капірку“. „Добрая ініцыятыва“, „ня трэба яе ганьбіць“, „добра, што нешта робяць“... Але ёсьць і такія, якіх пазнаю па ніках і адразу выдаляю, бо ведаю, што будзе правакацыя нейкая, пачынаючы ад „Беларусі ўвогуле не існуе“, „гэта частка „русского мира““, і да больш прадуманых — кшталту „чаму гэта добра, калі расейская вайсковая база будзе ў Беларусі“. Цяжэй іх хутка заўважыць тады, калі яны спрабуюць пісаць па-беларуску. Але часам іх можна вызначыць па тым, што ў іх няма беларускай раскладкі, яны пішуць з расейскім „и“ — у такія камэнтары трэба ўчытвацца больш уважліва.

Калі навіна зьяўляецца ўвечары, то з восьмай-дзявятай раніцы масава пачынаецца, нібы далі ім указаньне камэнтаваць. І гадзіны да пятай-шостай ідуць масава, потым да паловы на адзінаццатую іх значна менш. Гэта нашы, а пра „русский мир“ круглыя суткі могуць ісьці. Калі выдаляю камэнтар, ён зьяўляецца зноў той жа самы, зноў і зноў. Потым пачынаюцца прэтэнзіі наконт свабоды слова — бачна, што чалавеку вельмі трэба, каб гэты камэнтар зьявіўся».

Мадэратары TUT.BY не далі камэнтароў, спаслаўшыся на тое, што на партале сёньня па тэме інтэрнэт-троляў мае выйсьці ўласны матэрыял.

Медыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што такая «фабрыка троляў» магла б працаваць і бясплатна:

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

«Я ня думаю, што гэтая інфармацыя надзейная, e-mail ня вельмі пераканаўчы, — кажа Быкоўскі. — Калі казаць пра канкрэтна гэты прыклад, я не магу з упэўненасьцю казаць, што я сапраўды бачу, што гэта зроблена канкрэтна тымі людзьмі, пра якіх гаворыцца. Гэтыя лісты напісаныя зь бясплатнага адрасу, гэты адрас не зьвязаны з сайтам БРСМ. Гэта ня доказ таго, што іх няма, але адначасова і ня доказ, што гэта ёсьць.

Не магу сказаць, што чуў пра такое ў рэгіёнах Беларусі, але падчас працы на трэнінгах чуў размовы пра тое, што выданьні толькі ў Менску сутыкаюцца з такой праблемай.

Іншае пытаньне — калі ў Расеі „фабрыкі троляў“ былі злоўленыя за руку, іх адрасы вызначылі, людзі пасьля звальненьня распавядалі, як там працавалі, то ў Беларусі няма такой інфармацыі.

У Беларусі магчыма, што людзі могуць працаваць на такой „фабрыцы троляў“ бясплатна. Ёсьць супрацоўнікі ідэалягічных аддзелаў, пэўных арганізацыяў, таго ж БРСМ, якія могуць успрымаць такое як неабходны дадатак да той працы, за якую яны атрымліваюць грошы.

Мы ня маем доказаў, што такая праца платная. Былі толькі размовы, што ў прынцыпе недзе былі такія абвесткі, што наймаюць для гэтых мэтаў людзей. Але стоадсоткавага пацьверджаньня мы ня бачылі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG