Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журавы і журавіны бяз цукру


На сьвяце ў Мёрах
На сьвяце ў Мёрах

20 верасьня прайшоў экалягічны фэст «Журавы і журавіны Мёрскага краю» — яшчэ адно «ягаднае сьвята», якое стала візытоўкай гэтага рэгіёну Віцебшчыны.

«Ягадная» тэматыка стала вызначальнай у стварэньні «брэндаў» розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Ужо прайшлі «Вішнёвы фэст» у Глыбокім, «Песьні сунічных бароў» у Лёзьне, «Полацкая чарнічка». Ужо чацьвёрты раз 20 верасьня ў Мёрах адбыўся фэстываль «Журавы і журавіны Мёрскага краю».

"Журавінавая" тэматыка
"Журавінавая" тэматыка
Выступаюць самадзейныя артысты
Выступаюць самадзейныя артысты

Журавіны на Мёршчыне сёлета дазволена зьбіраць з 10 верасьня. Аднак, насуперак чаканьням мясцовых і прыежджых, кошты былі немалыя — амаль 25 тысяч за кілё. І прадаваліся ягады ў адзіным гандлёвым пункце, абсталяваным на «паўвостраве» — традыцыйным месцы адпачынку ў Мёрах. Гаспадыні бедавалі, што купляць журавіны дарагавата. Згадвалі і перабоі з цукрам у райцэнтры, зьвязваючы гэта зь нядаўнімі скандальнымі падзеямі — супраць дзевяці работнікаў мясцовага спажывецкага таварыства распачатая крымінальная справа за крадзеж бюджэтных сродкаў. За тры гады шляхам злоўжываньня службовым становішчам было скрадзена каля трох мільярдаў рублёў. У гэтай «схеме» былі задзейнічаныя бухгальтары, касіры, загадчыкі крамаў і намесьнік старшыні таварыства. Сямёх арыштавалі, яны чакаюць суду пад вартай.

Пачастунак гасьцям фэсту
Пачастунак гасьцям фэсту

Тым ня менш фэст «Журавы і журавіны Мёрскага краю» праходзіў у звычайным фармаце, нібыта ў рэгіёне нічога надзвычайнага не адбылося. На паўвостраве, у гарадзкім парку, ішоў гандаль сувэнірамі, «падворкі» сельсаветаў раёну спаборнічалі ў кулінарным майстэрстве і афармленьні выставаў, на сцэне выступалі адказныя асобы, а мясцовыя жыхары частаваліся.

На фэсьце быў арганізаваны "Конкурс падворкаў"
На фэсьце быў арганізаваны "Конкурс падворкаў"
"Раскажу пра журавіны ўсё!"
"Раскажу пра журавіны ўсё!"
Гаспадары шчыра спаборнічалі ў афармленьні
Гаспадары шчыра спаборнічалі ў афармленьні

Быў арганізаваны і «афіцыйны» гандаль прадуктамі харчаваньня і сьпіртовымі напоямі. Можна было на падворках узяць і чарку «клюкаўкі», зробленай паводле арыгінальнага хатняга рэцэпту, і кавалачак пірага ці торта з журавінамі. «Журавінавую» тэматыку напоўніцу скарысталі і кандытары: на фэсьце можна было набыць шмат ласункаў з гэтымі ягадамі, а таксама з выявамі журавоў — яшчэ аднаго брэнду Мёршчыны.

Творчасьць мёрскіх кандытараў
Творчасьць мёрскіх кандытараў
Ня менш папулярны брэнд Мёршчыны – журавы
Ня менш папулярны брэнд Мёршчыны – журавы

Дарэчы, ангельская назва журавін — cranberries — перакладаецца таксама як «журавовыя ягады». Лічыцца, што ангельская назва зьявілася дзякуючы таму, што даўгія тонкія кветкі журавінаў нагадваюць птушыную галоўку зь дзюбай. На Мёршчыне ж на адным з найбуйнейшых у Эўропе балотаў, якое завецца Ельня, зьбіраюць ягады, і тут жа можна сустрэць шэрых журавоў— яны спыняюцца тут на адпачынак, калі ўвосень лятуць у вырай.

Назіраньне за птушкамі
Назіраньне за птушкамі

Паглядзець на птушак, не трывожачы іх сваёй прысутнасьцю, маглі ўсе ахвотныя. Проста з фэстывальнай пляцоўкі штогадзіны адыходзіў экскурсійны аўтобус. На ім можна было даехаць да поля, па якім шпацыруюць журавы, і разгледзець іх у падзорную трубу з павелічэньнем у 30 разоў. Пра асаблівасьці і звычкі журавоў распавядалі штогадовыя ўдзельнікі фэсту, сябры ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Журавы тканыя, з гарбузоў выразаныя, журавы з шышак і з цыбулі
Журавы тканыя, з гарбузоў выразаныя, журавы з шышак і з цыбулі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG