Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак адслужыў імшу ў Гаване


Папа Францішак разам з Раулем Кастра
Папа Францішак разам з Раулем Кастра

Пантыфік сустрэўся з Раулем Кастра і зь яго папярэднікам — Фідэлем Кастра.

Папа Францішак адслужыў нядзельную імшу ў Гаване, нагадаўшы кубінцам пра небясьпеку, зьвязаную з ідэалёгіяй. Зьвярнуўшыся з пропаведзьдзю да дзясяткаў тысяч жыхароў Кубы, што сабраліся на гістарычнай Плошчы рэвалюцыі, пантыфік сказаў:

«Набажэнства ніколі не бывае ідэалягічным, паколькі мы служым не ідэям, але людзям». «Ня грэбуйце імі (іншымі людзьмі) у імя плянаў, якія здольныя станавіцца спакусай, але не зьвяртаюць увагі на твары людзей апроч вас саміх», — падкрэсьліў кіраўнік каталіцкай царквы.

Візыт папы Францішка азначае пераломны момант для каталіцкай царквы на Кубе, маргіналізаванай пры камуністычным рэжыме, кіраваным Фідэлем Кастра, якая павольна вяртае сабе ролю ўплывовай сілы на востраве.

У сваім выступе пантыфік прама не закрануў пытаньне пра дзесяцігодзьдзі камуністычнага праўленьня, аднак заявіў, што «хрысьціяне заўсёды закліканыя адсоўваць на другі плян уласныя жаданьні і спадзяваньні, сваё імкненьне да ўлады, зьвяртаючы свае позіркі на самых уразьлівых».

«Мы павінны быць асьцярожнымі, каб не саступіць спакусе іншага служэньня — служэньня самім сабе», — падкрэсьліў папа Францішак.

Сотні тысяч чалавек сабраліся, каб пачуць выступ пантыфіка, які прагучаў недалёка ад велізарнага партрэта аднаго з кубінскіх рэвалюцыйных лідэраў — Чэ Гевары — намаляванага на фасадзе аднаго з будынкаў.

Пасьля імшы Францішак правёў закрытую сустрэчу са старшынём Дзяржаўнай рады Кубы Раулем Кастра і наведаў яго хворага брата і папярэдніка — 89-гадовага Фідэля Кастра. Пазьней папа сустрэнецца з групай сьвятароў і іншых дзеячаў царквы для вечаровай малітвы, пасьля чаго выступіць перад групай моладзі ў культурным цэнтры.

Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы прыбыў у Гавану ў суботу з трохдзённым візытам. Гэта трэці за апошнія дваццаць гадоў візыт пантыфіка на Кубу. Да папы Францішка на востраве пабывалі Ян Павел Другі ў 1998-м годзе і папа Бэнэдыкт у 2012-м.

У прывітальным слове ў аэрапорце Рауль Кастра запэўніў папу Францішка, што рэлігійная свабода «асьвечаная кубінскай канстытуцыяй».

Акрамя Гаваны, пантыфік наведае гарады Альгін і Санцьяга, дзе адслужыць імшы і сустрэнецца з прадстаўнікамі каталіцкага духавенства. Пасля візыту на Кубу папа Францішак адправіцца ў Вашынгтон, — паведамляе Голас Амэрыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG