Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў: Лукашэнка «шпарыць парашок» у беларускае малако


Пакеты глыбоцкага малака, падпісаныя па-казахску
Пакеты глыбоцкага малака, падпісаныя па-казахску

Кіраўнікі Казахстана і Беларусі паспрачаліся з-за тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу: Назарбаеў незадаволены тым, што ў Беларусі называюць малаком.

На форуме памежнага супрацоўніцтва Расеі і Казахстана ў Сочы (Расея) Нурсултан Назарбаеў выказаў незадаволенасьць тэхнічнымі рэглямэнтамі, што дазваляюць называць адноўленае малако такім жа малаком, як і натуральнае, паведамляе Tengrinews.kz.

Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

«Мы з нашым сябрам Аляксандрам Рыгоравічам спрачаемся, — распавядае Назарбаеў. — Ён шпарыць туды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца. Гэта зусім ня цэльнае малако, гэта малочны напой, ён на Захадзе такім і лічыцца, а прадаецца па такіх жа коштах, па якіх прадаецца нашае малако. Ён бы цяпер моцна са мной спрачаўся, вядома. Але на самай справе гэта так. Нам трэба ў гэтым разабрацца. Нашы вытворцы кажуць: „Як жа так?“ У нас няма мяжы, мы самі ў гэтым вінаватыя. Павінна быць справядлівая канкурэнцыя паміж вытворцамі натуральнага і адноўленага малака».

Адноўленым малаком называюць малочны напой, зроблены з сухога малочнага парашку. На пакунку павінна пазначацца, што малако «адноўленае», але яно можа называцца малаком. Гэта зафіксавана ў тэхрэглямэнце Мытнага саюзу «Пра бясьпеку малака і малочнай прадукцыі», што набыў сілу 1 траўня 2014 году. Да таго ў Расеі такое малако мусілі называць толькі «малочным напоем». Малочнікі Казахстана выступалі супраць такой назвы як «малочны напой» ў рэглямэнце Мытнага саюзу.

Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Сочы яшчэ 15 верасьня, але ня браў удзел у расейска-казахстанскім форуме. У Сочы ён сустрэўся з Пуціным (праз гэта не пасьпеў на тэлезварот у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты), 17-18 верасьня ён плянуе ўзяць удзел у ІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG