Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавыя цэнтры ў Беларусі ня могуць аднавіць працу


Мінуў дзень, як набылі сілу зьмены ў заканадаўстве адносна працы з валютай. Візавыя цэнтры ўсё яшчэ не працуюць, нягледзячы на заяву Нацбанку аб тым, што ў іх ніякіх праблемаў быць не павінна.

16 верасьня набылі сілу зьмены ў Правілы правядзеньня валютных апэрацыяў. З-за гэтага сярод іншага візавыя цэнтры страцілі магчымасьць прымаць у насельніцтва валюту ў якасьці консульскага збору — толькі беларускія рублі. Праз гэта візавыя цэнтры спынілі працу.

Самі візавыя цэнтры не даюць апэратыўнага камэнтару, просяць ператэлефанаваць пазьней ці адсылаюць з пытаньнямі на пошту, адкуль адказ адзіны: «Ваш зварот прыняты да разгляду». Амбасады краінаў, візавыя цэнтры якіх ёсьць у Беларусі, а таксама Міністэрства замежных спраў Беларусі сьцьвярджаюць, што праблема ня ў іх кампэтэнцыі: гэта справа саміх візавых цэнтраў.

Нацбанк заняў іншую пазыцыю — візавым цэнтрам нішто не замінае працаваць:

«Тым, хто выявіўся не гатовым да новых умоваў, хацелася б нагадаць, што валютнае заканадаўства Беларусі ня ўтрымлівае абмежаваньняў для візавых цэнтраў па пакупцы замежнай валюты для выкананьня сваіх абавязкаў перад амбасадамі, — заявіў БЕЛТА прадстаўнік Нацбанка. — Гэта значыць, ніякіх аб’ектыўных перашкодаў для паўнавартаснай працы гэтых юрыдычных асобаў сёньня няма».

Апэратары кол-цэнтраў візавых цэнтраў кажуць, што ня чулі пра «дазвол на працу» ад Нацбанку, пакуль яны высьвятляюць, як працаваць у новых умовах і ня могуць сказаць, ці запрацуюць сёньня, заўтра альбо праз тыдзень.

Тым часам амбасады ўсё яшчэ могуць прымаць ад насельніцтва валюту, яны працуюць у штатным рэжыме. Таксама працягнулі працу зь візамі турфірмы, што працуюць наўпрост з амбасадамі і прапануюць кліентам самастойна аплочваць збор у валюце амбасады праз банк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG