Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч хоча зрабіць Беларусь «усходнеэўрапейскай Швайцарыяй»


Сяргей Гайдукевіч (на пярэднім пляне) падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта ў ЦВК. Менск, 10 верасьня 2015 году
Сяргей Гайдукевіч (на пярэднім пляне) падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта ў ЦВК. Менск, 10 верасьня 2015 году

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч апублікаваў перадвыбарчую праграму, у якой заклікае зьмяніць выбарчую сыстэму і дапамагчы малому бізнэсу.

Перадвыбарчая кампанія Гайдукевіча праходзіць пад лёзунгам «За моцную Беларусь», а асноўны слоган кампаніі — «Парадак у краіне, дастатак у доме».

У сфэры ўнутранай палітыкі Гайдукевіч прапаноўвае правесьці парлямэнцкія выбары паводле зьмяшанай прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сыстэмы «з удзелам усіх канструктыўных сіл, настроеных на стваральную працу», а акрамя таго, пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў самакіраваньня.

Кандыдат у прэзыдэнты абяцае правесьці «курс зьменаў без узрушэньняў», выступае супраць «авантурызму ў палітыцы» і вітае «плюралізм інтарэсаў і ідэалёгіяў».

У сацыяльна-эканамічнай сфэры Гайдукевіч абяцае павысіць даходы насельніцтва і сацыяльныя гарантыі для непрацаздольных, «наблізіць мінімальны памер аплаты працы да пражытковага мінімуму», а таксама давесьці мінімальныя пэнсіі да ўзроўню пражытковага мінімуму.

Гайдукевіч абяцае дапамагчы малому і сярэдняму бізнэсу, а таксама перадаць ім пустуючыя адміністрацыйныя памяшканьні, вызваліўшы ад арэнднай платы на 3 гады.

У сфэры зьнешняй палітыкі Гайдукевіч заклікае прытрымлівацца парытэту паміж Захадам і Ўсходам, зрабіць Беларусь «своеасаблівай усходнеэўрапейскай Швайцарыяй». Але кандыдат у прэзыдэнты падкрэсьлівае, што Захад — партнэр Беларусі, а Расея — саюзьнік. Пры гэтым ён лічыць Беларусь часткай эўрапейскай цывілізацыі. Гайдукевіч таксама заклікае Захад адмяніць санкцыі супраць Беларусі.

Гайдукевіч падтрымлівае інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы.

«І Расея, і Ўкраіна, і Казахстан — нашы браты. І разьвіцьцё ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі — гэта вялікі плюс. Разам з тым любыя інтэграцыйныя ўтварэньні, у тым ліку і з Расеяй, павінны быць толькі раўнапраўнымі і ўзаемавыгаднымі», — адзначаецца ў перадвыбарчай праграме кандыдата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG