Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 верасьня: паўмаратон, дранікі і вязаныя дрэвы ў сталіцы


Фота Алега Грыцаўца
Фота Алега Грыцаўца

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9.

Афіша

У Менску —сьвята гораду і паўмаратон (старт удзельнікаў аб 11-й ад Палацу спорту), а таксама карацейшыя забегі, у тым ліку для дзяцей. У сувязі з гэтым будзе зьменены рух наземнага транспарту ў цэнтры.

Гастранамічная сьвята для аматараў беларускай кухні пройдзе ў менскім Парку Чалюскінцаў ад 12 да 18-й. Не абыйдзецца без дранікаў.

На бульвары Мулявіна у рамках Дня гораду зьявіцца "вязаны клён«і іншыя падобныя аб’екты. Цэнтр сучасных мастацтваў і творчы клюб Zabombi. byабяцаюць паказаць, як выглядае «вязанае графіці».

У Вілейцы —"Тутэйшы квэст" — спаборніцтва для кемлівых. Удзельнікам трэба будзе (абыходзячы горад пешшу ці едучы на ровары) знайсьці адказы на пытаньні, якія тычацца славутасьцяў, гісторыі, сучасных традыцый і цікавых людзей Вілейкі. Запрашаюцца бацькі зь дзецьмі і ўсе ахвотныя. Пачатак у 11 у Вілейскім дзяржаўным каледжы (вул. Гагарына, 4).


У гісторыі

1562 — Князі і баяры ВКЛ на палявым (абозным) сойме каля Віцебску ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.

1769 — Расейскія войскі пад камандаваньнем Аляксандра Суворава перамаглі атрады Барскіх канфэдэратаў на чале з Казiмiрам i Францам Пуласкiмі ля вёскі Арэхава (паблізу Маларыты).

1501 — Мікелянджэла пачаў працаваць над Давідам.

1953 — Мікіта Хрушчоў абраны першым сакратаром ЦК КПСС.

1994 — Дзяржаўная камісія па артаграфіі, створаная ў Беларусі, апублікавала выніковыя рэкамэндацыі, у якіх прызнавалася пажаданасьць вяртаньня некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.

1974 — Беларуская студыя тэлебачаньня пачала трансьляваць каляровыя перадачы.
2013 — Аляксандр Лукашэнка стаў ляўрэатам «Шнобелеўскай прэміі міру» за забарону воплескаў у 2011-м. Парадыйная прэмія ўручаецца ў Гарвардзкім унівэрсытэце ЗША.

У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст. Напісаў кнігу «Запіскі Самсона Самасуя», у якой у сатырычным тоне паказаў усталяваньне новага ладу у 20-я гады мінулага стагодзьдзя, у тым ліку пачаткі савецкай беларусізацыі. Твор быў абвешчаны пасквілем на савецкую рэчаіснасьць, а аўтара саслалі ў ГУЛАГ.

1958 — Аляксандр Краўцэвіч, беларускі гісторык, аўтар працаў па гісторыі ВКЛ.

У гэты дзень памерлі:

1592 — Мішэль Мантэнь, францускі філёзаф, пісьменьнік, палітычны дзяяч, юрыст.

1859 — Фадзей Булгарын, расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, журналіст, выдавец газэты.

1983 — Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзяяч. У перадваенны час —дырэктар музэя імя Івана Луцкевіча. Быў асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер у Варкуту.

2003 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.

Цытата

Парада Самсона Самасуя, героя кнігі Андрэя Мрыя, як ацаніць стан беларусізацыі школы:

Я раіў адказным працаўніком, якія зацікавяцца гэтымі пытаньнямі, уяжджаючы ў вёску, пільную ўвагу зьвяртаць на тое, ці на ўсіх варотах крэйдаю награмзолены вядомыя ўсім непрыстойныя словы і лаянка і ці сустракаецца ў іх «ў» заместа звычайнага. Калі вы атрымаеце станоўчыя вынікі, дык, не марудзячы ні хвіліны, вы, як дасьледчык, маеце права зрабіць вывад: 1) фармальныя навыкі ёсьць (калі можна разабраць, што напісана), 2) усе дзеці ахоплены школай (калі, хоць і рэдка, сустракаецца «ў»).

Андрэй Мрый, «Запіскі Самсона Самасуя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG