Гомельская абласная інспэкцыя Дзяржстандарту выявіла шкодныя рыбныя кансэрвы «Печань траскі натуральная» гандлёвай маркі «Рыбоведовъ», якія вырабленыя на ТАА «Сампа» ў расейскім Мурманску на замову ТАА «Корса» (Калінінград). Імпартэр у Беларусь — прыватнае прадпрыемства «Формула МК» зь Менску.
У выніку лябараторных выпрабаваньняў гэтых рыбных кансэрваў кантралёры знайшлі ў іх нежыцьцяздольных полавасьпелых гельмінтаў, згорнутых у сьпіралі, і іх лічынкі. Выяўлены і стужачны чарвяк (Cestoda) памерам 9 см. Пры гэтым ступень паражэньня гельмінтамі склала 68%.
Акрамя гэтага, печань траскі не прайшла тэст і па іншых паказчыках. У кансэрвах выяўлены староньні пах акісьленага тлушчу, нераўнамерны колер кавалачкаў печані — ад сьветла-карычневага да цёмна-карычневага зь зеленаватым адценьнем, а таксама неўласьцівы колер тлушчу — ад карычневага да цёмна-карычневага.
Дзяржстандарт выдаў ТАА «Эўрагандаль» і прыватнаму прадпрыемству «Формула МК» прадпісаньні аб забароне ўвозу і абарачэньня на тэрыторыі рэспублікі гэтых рыбных кансэрваў і аб адмене на іх дэклярацыі аб адпаведнасьці.
Вінаватыя прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.
У аддзеле дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарту праінфармавалі, што па выніках праверак харчовай прадукцыі ў 2015 годзе імпартныя рыбныя кансэрвы ўвайшлі ў лік найбольш праблемных групаў.