Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Паседжаньні кантактнай групы ідуць пад ціскам Захаду. Гэта тупіковы шлях


Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

8 верасьня ў Менску адбываецца чарговы раўнд перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Тэмай перамоваў будзе распрацоўка і парафіраваньне пагадненьня аб адводзе ад лініі дотыку ўзбраеньня калібрам менш за 100 мілімэтраў, а таксама танкаў. Над дакумэнтам пачалі працаваць на пасяджэньні кантактнай групы яшчэ на пачатку жніўня, але дасягнуць канчатковай дамоўленасьці бакам так і не ўдалося.

Кіраўнік Інфармацыйнага супраціву, дэпутат Вярхоўнай Рады Дзьмітры Тымчук у інтэрвію Свабодзе зазначыў, што паседжаньні Трохбаковай кантактнай групы адбываюцца пад ціскам Захаду — і гэта тупіковы шлях вырашэньня канфлікту:

«Мы бачым вельмі моцны ціск на прэзыдэнта Ўкраіны з боку Захаду. Для Францыі і Нямеччыны, галоўных фігурантаў гэтых перамоваў, самае галоўнае — спыніць канфлікт любым спосабам. У тым ліку і са стратамі для ўкраінскага боку. Эўропа ўвогуле ня ўлічвае інтарэсы Ўкраіны. Ім галоўнае, каб перасталі страляць. А што там будзе далей з Данбасам, гэта іх не цікавіць. На вялікі жаль, пачынаючы з другіх менскіх дамоўленасьцяў, мы фіксавалі, што ўкраінскія ўлады ідуць на повадзе ў Захаду. Зразумела, што Кіеў ёсьць чым шантажаваць — фінансавай дапамогай, безь якой украінская эканоміка апынулася б у вельмі кепскім стане. Але цяпер трэба зразумець, што гэтая пазыцыя тупіковая».

Апошні тыдзень украінскія ўлады фіксуюць рэзкае зьніжэньне колькасьці абстрэлаў з боку прарасейскіх баевікоў у Данбасе. Дзьмітры Тымчук тлумачыць адноснае зацішша верасьнёўскім візытам Уладзімера Пуціна на саміт ААН у Нью-Ёрк. Таксама ваенны экспэрт адзначае, што цяпер замест абстрэлаў прарасейскія баевікі канцэнтруюцца на выведнай дзейнасьці з выкарыстаньнем дронаў і дывэрсійна-выведных групаў:

«Я ня маю аптымізму з нагоды таго, што цяпер адбываецца на Данбасе.

Так, сапраўды, рэзка зьнізілася колькасьць абстрэлаў, хоць мы ўсё роўна фіксуем выкарыстаньне 125-мілімэтровых мінамётаў падчас баявых сутыкненьняў, якія таксама здараюцца.

Трэба адзначыць, што на фоне зьніжэньня інтэнсіўнасьці абстрэлаў павялічылася выведная дзейнасьць расейскіх войскаў — гэта і выкарыстаньне бесьпілётнікаў, і дзейнасьць дывэрсійна-выведных групаў.

Што тычыцца паседжаньня Трохбаковай групы, то перад тым як гаварыць пра адвод узбраеньня калібрам менш за 100 мм, трэба пераканацца, што выконваюцца папярэднія пункты менскіх пагадненьняў: што створаныя буфэрныя зоны, што ад лініі дотыку адведзенае цяжкае ўзбраеньне. Якраз гэта не выконваецца. Так, цяжкае ўзбраеньне выкарыстоўваецца вельмі абмежавана, але яно застаецца ў раёне лініі дотыку. У раён Данецку нават прыбываюць новыя браняваныя і артылерыйскія групы. І ніхто ня дасьць гарантыяў, што заўтра гэтае ўзбраеньне ня будзе страляць. Зразумела, што калі Ўкраіна добрасумленна выконвае ўмовы менскіх дамоўленасьцяў, гэта можа быць недальнабачна ў ваенным пляне з боку Кіева».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG