Як паведамляе Deutsche Welle, Аўстрыя заявіла, што адменіць надзвычайныя захады, якія дазваляюць тысячам нелегальных мігрантаў свабодна перабірацца з Вугоршчыны на тэрыторыю Аўстрыі і Нямеччыны, і паступова вернецца да «нармальнай сытуацыі». Пра гэта ў панядзелак, 7 верасьня, паведаміў канцлер Аўстрыі Вэрнэр Файман. Паводле яго, рашэньне было прынята пасьля «інтэнсіўных перамоваў» з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, які выступае катэгарычна супраць вольнага ўезду ўцекачоў з тэрыторыі яго краіны ў Аўстрыю і Нямеччыну.
«Мы заўсёды казалі, што стварылася надзвычайная абстаноўка, у якой трэба дзейнічаць хутка і гуманна. Мы дапамаглі больш чым 12 тысячам чалавек ва ўмовах крызісу. Цяпер мы павінны крок за крокам адмяняць надзвычайныя захады і рухацца да аднаўленьня нармальнай сытуацыі ў адпаведнасьці з законам і годнасьцю », - сказаў Файман ўвечары ў нядзелю, 6 верасьня.
Раней Аўстрыя адмяніла выбарачны пагранічны кантроль, які перашкаджае бескантрольнаму пранікненьню нелегальных уцекачоў на яе тэрыторыю. Падставай для гэтага паслужыла публікацыя ў СМІ фатаграфіі мёртвага дзіцяці, патанулага на шляху ў Эўропу. Пасьля таго, як Вена пагадзілася пайсьці на надзвычайныя захады, каб палегчыць лёс мігрантаў, што затрымаліся ў Будапэшце, увечары 5 верасьня Вугоршчына перавезла на аўстрыйскую мяжу больш за 100 аўтобусаў з уцекачамі, адзначае агенцтва Reuters.