Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад выбары ў сельскай гаспадарцы ўлады займаюцца масавымі прыпіскамі, — экспэрт


Афіцыйныя зьвесткі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі па аб’ёмах намалочанага збожжа моцна завышаныя.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафэсар Міхаіл Кадыраў.

— Паводле дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, у Беларусі на 31 жніўня намалочана 8,84 млн тон збожжа. Наколькі гэта рэальныя лічбы, на вашу думку?

— Я крыху сумняваюся ў дакладнасьці гэтых лічбаў. Я ведаю дакладна, што навуковыя ўстановы давалі прагноз 7,3 млн тон — то бок на 1,5 з гакам млн тон менш. Ураджайнасьць навукоўцы прагназавалі на ўзроўні 32,4 цэнтнэра з гектара, а цяпер агучваюць паказчыкі, блізкія да 40.

Тут шмат нестыковак. Я езьдзіў па рэспубліцы і бачыў пасевы, ад засухі практычна згарэлыя, дзе нуль будзе ўраджаю. Шмат такіх пасеваў было на Гомельшчыне і ў шэрагу іншых рэгіёнаў. А калі сканчалася ўборка ў Гомельскай вобласьці, то ў апошнія 2–3 дні, калі пералічыць афіцыйныя дадзеныя, колькі намалочана збожжа і прыбрана плошчаў, то сярэдні ўраджай быў да 112 ц/га. Таму лічбы, якія апублікавала Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, выклікаюць у мяне сумневы.

Я так разумею, што ў гэтым годзе відавочна пайшлі на прыпіскі, і работнікі вытворчасьці гэтага не баяцца. У гады выбараў яны яшчэ трошкі асьцерагаюцца, што могуць пакараць за прыпіскі, а тут ведаюць дакладна: правяраць ня будуць. Мабыць, пайшла неафіцыйная інфармацыя, што закрыюць вочы на прыпіскі. Таму што перад выбарамі ўсё дрэнна, да выбараў застаецца адзін месяц, і трэба хоць ураджай добры паказаць.

Улада прывучыла людзей прызвычаіцца да хлусьні і не разглядаць хлусьню як зло. Наадварот: вось ты схлусіў, спрацаваў на аўтарытэт улады — значыць, ты аддана і верна сябе паводзіш, гэта добра. Бо гэтыя прыпіскі ідуць многія гады — гэта значыць, увесь час ідзе скажоная, недакладная інфармацыя. І яна не дае магчымасьці аналізаваць і ацэньваць стан сельскай гаспадаркі. Цяпер у нас у Беларусі асабліва прыкметна, калі нахабна, «ничтоже сумняшеся», парушаюцца базавыя прынцыпы супольнага жыцьця.

— Які сярэдні ўзровень прыпісак па ўраджаі ў звычайны год?

— Мне здаецца, звычайныя прыпіскі — гэта каля 10%. Дзесьці ад 800 тысяч тон да мільёна тон. А ў год выбараў гэты паказчык вышэйшы.

— Анамальная сьпякота сур’ёзна паўплывала на ўзровень ураджаю ў Беларусі?

— Несумненна. У нас у Беларусі сярэднегадавы ўраджай 6,5–7 млн тон. Калі выдаецца вельмі спрыяльнае надвор’е, то да гэтага ўзроўню можна дадаць каля 1,5 млн тон — да 8–8,5 млн. Калі будзе дрэннае надвор’е, як у гэтым годзе, адымайце 1–1,5 млн — і будзе рэальны ўраджай.

Трэба разумець, што збожжа харчовага, для харчаваньня чалавека, у нас у любым выпадку хапае — тут трэба ўсяго каля 1,5 млн тон (пшаніца, жыта, крупяны ячмень, грэчка — іх заўсёды нарыхтоўваюць зь лішкам). Дэфіцыт часьцей за ўсё бывае па кармавым збожжы — то бок збожжы карміць жывёлу.

— Вядома, што значная частка сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Беларусі стратныя. Ці магчыма зьмяніць гэтую сытуацыю?

— Сытуацыю зьмяніць магчыма. Але зараз, калі выхапіць гэтае пытаньне з той сыстэмы эканомікі, якая склалася ў Беларусі, то цяжка сказаць, што трэба рабіць у сельскай гаспадарцы. Спачатку трэба зрабіць парадак на ўзроўні макраэканомікі, каб была стабільная фінансавая сыстэма, даступныя крэдыты і пад добры працэнт, каб была свабода рэалізацыі прадукцыі, каб была заканадаўчая база, якая б дазваляла прыватызаваць гаспадарку.

Вы толькі падумайце, за 20 гадоў колькі праз гэты канвэер прапусьцілі кіраўнікоў гаспадарак? Па сутнасьці, кожны год мяняецца чвэрць кіраўнікоў — 25%. Некаторыя, вядома, працуюць па 15–20 гадоў, аднак бываюць гаспадаркі, дзе кіраўнікі мяняюцца кожныя два гады. Няўжо нельга арганізаваць гэты працэс па-іншаму? Калі знайшоўся добры кіраўнік, то чаму б яму ня даць магчымасьць прыватызаваць гаспадарку? Тады б у нас на чале гаспадарак стаялі не дачасьнікі. А цяпер чалавека ставяць на дабітую гаспадарку, з даўгамі і народам, які сьпіўся, і ён ведае, што за 3–4 гады, пакуль яго ня здымуць, яму трэба трохі зарабіць, ну, дом пабудаваць — вось усе стымулы для працы. Так у нас нічога ня будзе. Зразумела, што праблема ўласнасьці — справа небясьпечная, зразумела, што гэта ня робіцца за год. Сталыпін калісьці прасіў 20 гадоў вонкавага і ўнутранага спакою, каб рэфармаваць Расею і сельскую гаспадарку Расеі. А ў нас гэтыя дваццаць гадоў спакою прагаварылі, і ўсё засталося як у савецкі час.

— Калі параўноўваць стан сельскай гаспадаркі Беларусі са станам сельскай гаспадаркі нашых бліжэйшых суседзяў, то на чыю карысьць будзе параўнаньне?

— Ну, калі параўноўваць з Расеяй ці Ўкраінай, то хутчэй на нашу карысьць. Хоць і тут ня ўсё так проста. У Расеі, напрыклад, усе ж такі разьвіцьцё назіраецца. Калі б не ўкраінскія падзеі і Расея б разьвівалася далей так, як яна разьвівалася апошнія 4–5 гадоў, то праблема харчаваньня б вырашылася. І гэта пры любым гаспадараньні, пры любых людзях — проста таму, што занадта шмат добрай зямлі і вельмі мала насельніцтва.

У гэтым пляне ў Беларусі падобная сытуацыя — у нас насельніцтва мала, а ральлі і лугоў шмат. У нас 5,5 млн гектараў ральлі, а ў Літве, напрыклад, у два разы менш. А намалацілі пры гэтым — больш за 5 млн тон збожжа.

У Літве гаспадарка прыватная, яны зьменшылі колькасьць зямлі, якая апрацоўваецца. Гадоў сем таму я езьдзіў у Літву пераймаць досьвед. Ужо тады, калі мы прыяжджалі, мясцовае кіраўніцтва (ну, як у нас райвыканкамы) ня ведала, колькі ўраджайнасьць, колькі ўгнаеньняў унесьлі, якая тэхнічная база — вытворчасьць, казалі яны, ня наша пытаньне, мы займаемся толькі сацыяльнай сфэрай, аховай парадку, мэдыцынай. А чым у нас займаюцца райвыканкамы? Менавіта вытворчасьцю — прычым часам ня столькі дапамагаюць, колькі перашкаджаюць. Кіраўнік гаспадаркі — толькі намінальны кіраўнік. Вобразна кажучы, яму далі руль і каробку перадач, а газ і счапленьне пакінулі ў раёне. Вось і пакіруй пасьпяхова ў такіх умовах. І так працягваецца ўжо даўно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG