Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 верасьня: Лукашэнка ў Кітаі, у Менску сустрэча з былым палітвязьнем Васьковічам


Толькі мая Беларусь. Вёска Таль, Любанскі раён, Менская вобласьць
Толькі мая Беларусь. Вёска Таль, Любанскі раён, Менская вобласьць

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9.

Афіша:

Пачынаецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Лукашэнка возьме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 70-годзьдзя перамогі ў вайне зь Японіяй і заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Падчас візыту заплянаваныя сустрэчы кіраўніка Беларусі з кіраўніцтвам Кітаю.

Беларусь наведае дэлегацыя парлямэнту Славаччыны на чале са старшынём Канстытуцыйнага камітэту Нацыянальнай Рады Робэртам Мадзеям.

У Менску ў офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца сустрэча з былым палітвязьнем Яўгенам Васьковічам. Пачатак у 18-30.

У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (вул. Камсамольская 7) прадставяць першыя вынікі маніторынгу прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў СМІ. Пачатак у 11.00.

У будынку Міністэрства замежных справаў адбудзецца адкрыцьцё выставы «Палянэзы на вяртаньне», прысьвечанай 250-годзьдзю з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага.

У сталіцы Азэрбайджану, Баку, маюць абвясьціць прысуд у справе журналісткі Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай.

У гісторыі:

1435 — у бітве пад Вількамірам літоўска-польскія войскі перамаглі армію Сьвідрыгайлы і нанятых ім крыжакоў.

1827 — у Расейскай імпэрыі забаронена прымаць сялянаў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы.

1870 — франка-пруская вайна: францускія войскі разьбітыя пад Сэданам, імпэратар Напалеон III узяты ў палон

1906 — у Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газэта «Hаша доля», у газэце ў гэты дзень вершам «Наш родны край» адбыўся літаратурны дэбют Якуба Коласа.

1939 — нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусьветная вайна.

1983 — савецкія вайскоўцы зьбілі паўднёвакарэйскі «Боінг», які перасек паветраную прастору СССР. Загінулі ўсе 269 пасажыраў.

1985 — знойдзены карабель «Тытанік», які патануў у 1912.

1990 — уступіў у сілу Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

2004 — захоп закладнікаў у Бэслане (Расея).

2007 — у Полацку (Віцебская вобласць) адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця помніка князю Усяславу Чарадзею, які ўзначальваў Полацкае княства з 1044 па 1101 год і пры якім яно дасягнула найвышэйшага росквіту і магутнасьці.

У гэты дзень нарадзіліся:

1835 — Юзаф Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

1853 — Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.

1900 — Сымон Баранавых, беларускі празаік.

1913 — Масей Сяднёў, беларускі празаік і паэт.

1926 — Валеры Глушакоў, беларускі сьпявак, народны артыст Беларусі

1928 — Расьціслаў Лапіцкі, арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага кансьпірацыйнага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948–1950.

1934 — Уладзіслаў Даркевіч, беларускі археоляг, гісторык.

1942 — Іван Басюк, беларускі гісторык.

Цытата:

А як песьня панясецца —
Колькі ў песьні той нуды!
Уцякаў бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.

Якуб Колас, «Наш родны край» (першы апублікаваны верш паэта)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG