Прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковых камісіях — 0,05%

66941 асобу адабралі ўлады для падліку бюлетэняў падчас сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў. Амаль палова зь іх (каля 30 тысяч) — прадстаўнікі адной грамадзкай арганізацыі — праўладнай «Белай Русі». А вось ад апазыцыі ва ўчастковыя камісіі ўвайшлі толькі 32 асобы. Нават на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах іх было 183. ​

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміла пра вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў. Менавіта яны і будуць весьці падлік бюлетэняў. У гэтых камісіях апазыцыі — мізэрная колькасьць, выцякае з агучаных Ярмошынай лічбаў:

«Апазыцыйныя партыі:

  • „Справядлівы сьвет“ — было вылучана 147 чалавек, уключаны 21;
  • БСДП (Грамада) — 49 і 3;
  • АГП — 172 і 4;
  • БНФ — 96 і 2,
  • Таварыства беларускай мовы — 1 і 1;
  • БНФ „Адраджэньне“ — 51 і 1.

Усяго ўвайшлі ў камісіі 32 чалавекі. Было вылучана ўсяго ад грамадзкіх арганізацыяў такой скіраванасьці 516 чалавек».

Унікальная сытуацыя склалася сёлета ў Менску. Тут сярод лічыльнікаў бюлетэняў няма ніводнага вылучэнца апазыцыі.

Гэтыя дадзеныя яшчэ раз пацьвярджаюць памылковасьць думкі пра тое, што беларускія ўлады пайшлі на лібэралізацыю — упэўнены старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Алексей Янукевіч
Алексей Янукевіч

«Лібэралізацыя азначае сытуацыю, калі ўлада адпускае кантроль альбо частку кантролю. А ў нас улада адпусьціла палітвязьняў, але не выпускае кантроль. Тое, што ў камісіі ўключылі так мала апазыцыі, якраз і ёсьць сьведчаньне, што кантроль не адпускаецца. Адначасова гэта і сыгнал прэзыдэнцкай вэртыкалі — кантроль нельга здаваць і на мілімэтар. Трэба захоўваць такую ж самую сыстэму татальнага кантролю за выбарамі».

Журналісты сёньня спадзяваліся даведацца ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, як праходзіць праверка подпісаў, якія здалі на праверку ў тэрытарыяльныя камісіі пяць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Аднак Ярмошына не дала ніякай інфармацыі, спаслаўшыся на тое, што яшчэ праходзіць праверка і афіцыйных дадзеных аўдыту пакуль няма. Затое старшыня ЦВК рашуча выступіла супраць грамадзкай праверкі подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч. Стварэньне такой камісіі яна назвала «самаўпраўствам».

Старшыня ЦВК, у прыватнасьці, заявіла:

«Якая камісія?! Няма ніякіх камісіяў і быць ня можа. Можа, у вас цёткі ў двары сабраліся на лавачцы і таксама назвалі сябе камісіяй. Няма ніякіх камісіяў. Толькі выбарчыя камісіі могуць праводзіць выбары. Гэта непасрэдна запісана ў Канстытуцыі. Усе іншыя дзеяньні ў гэтым пляне — самаўпраўства. Вядома, спадарыня Караткевіч мае права перадаць копіі сваіх падпісных лістоў, калі яны ў яе засталіся, ім для праверкі, калі ёй так хочацца... Але калі мы пабачым, што гэтымі дзеяньнямі дадзеныя грамадзяне неяк перашкаджаюць працы па арганізацыі выбараў, то мы зьвернемся ў органы пракуратуры, каб іх прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці».

Такая рэакцыя Лідзіі Ярмошынай вельмі зьдзівіла каардынатара працоўнай групы па праверцы подпісаў Юрася Меляшкевіча:

Юры Меляшкевіч
Юры Меляшкевіч

«Мы не прэтэндуем ні на якую абавязковасьць нашай працы. Яна зьвязаная з добраахвотным аўдытам, які пацьвердзілі супрацоўнікі штабу Тацяны Караткевіч, найперш кіраўнік штабу — Андрэй Дзьмітрыеў. Штаб пацьвярджае гатоўнасьць і жаданьне аддаць разгорнутую справаздачу ў грамадзтва. Таму я зьдзіўлены гэтым тонам спадарыні Ярмошынай. Уражаньне такое, што яна пабачыла ў нас канкурэнтаў. Мы абсалютна грамадзкая група. І хочам зрабіць кантроль выключна для транспарэнтнасьці працэсу збору подпісаў».

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці мае юрыдычнае права падключыцца да ўдзелу ў выбарчай кампаніі былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Мікалай Статкевіч, Лідзія Ярмошына сказала, што актыўнае выбарчае права ў яго ёсьць. І таму Статкевіч можа ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі альбо як давераная асоба кагосьці з афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў, альбо як назіральнік, альбо як выбарца.

​
XS
SM
MD
LG