Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін зьняўся з выбарчай гонкі і заклікае галасаваць супраць усіх


Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. 15 ліпеня 2015 году

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет», цяпер ужо былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Сяргей Калякін сёньня на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ён прыняў рашэньне не перадаваць у тэрытарыяльныя камісіі подпісы, сабраныя ў падтрымку яго ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта.

Гэтае рашэньне ён патлумачыў тым, што, паводле стану на раніцу 21-га жніўня, на яго карысьць сабрана 64.247 подпісаў. Гэтай колькасьці, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, недастаткова для вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта (неабходны мінімум — 100 тысяч).

У сувязі з гэтым і для таго, каб грамадзяне, якія паставілі свае подпісы, ня мелі магчымых непрыемнасьцяў з боку дзейнай улады, прынятае рашэньне не здаваць падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі.

Сяргей Калякін заявіў, што дасягнуты ягонай групай вынік адлюстроўвае рэальны стан беларускага грамадзтва. Людзі проста баяцца таго, калі яны паставяць свае подпісы ў падтрымку любога іншага кандыдата, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, то ў іх будуць вялікія непрыемнасьці.

Сяргей Калякін на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ён упэўнены, што 100 тысяч подпісаў сабраў толькі адзін з васьмі кандыдатаў на прэзыдэнты — гэта Аляксандар Лукашэнка. Ды й той зрабіў гэта з моцным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Усе іншыя прэтэндэнты не змаглі пераадолець неабходны рубеж, таму Сяргей Калякін лічыць, што Віктар Цярэшчанка, Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч будуць выступаць у якасьці спарынг-партнэраў дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Удзел у гэтых выбарах Тацяны Караткевіч Сяргей Калякін будзе разглядаць як тое, што кампанія «Гавары праўду» пайшла на зьдзелку з уладамі. Таму ён заявіў, што будзе агітаваць, каб тыя людзі, якія падтрымалі яго як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, падчас выбараў галасавалі супраць усіх кандыдатаў, у тым ліку і супраць Тацяны Караткевіч.

Пры гэтым Сяргей Калякін удакладніў, што галасаваць супраць ўсіх — гэта пакуль яго асабістае рашэньне. Партыя будзе абмяркоўваць гэтую прапанову і вынесе адпаведную рэкамэндацыю для тых, хто падтрымаў Сяргея Калякіна. Але гэта адбудзецца ўжо пасьля таго, як пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG