Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: «Пэнсіянэрам даводзіцца выкручвацца, каб выжыць, таму і працуюць»


Апытаньне «Свабоды»: «Улады абмяркоўваюць ідэю выраўноўваньня пэнсійнага ўзросту для жанчын і мужчын. Як вы паставіліся б да таго, калі б узрост выхаду жанчын на пэнсію быў узьняты да 60 гадоў?». Адказвалі жыхары Магілёва.

— Атрымліваецца, што пэнсіі ў нас невялікія, і даводзіцца ўсё роўна працаваць. І вось пэнсія і заробак — жыць ужо можна. А так застанецца адзін заробак, дык гэта ня дужа добра, таму я сумняваюся ў слушнасьці такой ідэі.

Наўпроставы лінк

— Цяпер да 55 гадоў жанчынам і так ня проста, а калі павялічаць да 60 — гэта ж будзе наагул кашмар. І для нас таксама ў будучыні. На пэнсіі людзі атрымліваюць капейкі, таму яны і працуюць. Проста гэтак выкручваюцца. Інакш гэта не назавеш. Нават не ўяўляю якая пэнсія будзе ў нас.

— Ды можна ім і семдзесят зрабіць. Яны дужэйшыя за мужчынаў. Цяпер жа жанчыны амаль усе на пэнсіі працуюць.

— Пэрспэктыва гэта мне ня дужа падабаецца. Як было, няхай усё гэтак і застаецца. Няхай мужчыны болей працуюць. Яны галоўныя здабытчыкі. Заробкі ў нас невялікія і пэнсіі таксама — вось і даводзіцца выкручвацца.

— Бывае, што ў семдзесят гадоў людзі — поўныя сіл, а бывае ў 50 — хворыя ўжо. Яны даўно пайшлі б на пэнсію. Няхай адпачываюць людзі. Яны заслужылі пэнсію і мусяць ісьці на яе раней. Няхай лепей маладым дарога будзе.

— Я супраць. Паглядзіце, якая ў нас абстаноўка, узровень жыцьця, і людзі жывуць меней. Я гляджу на сваю маму, і ёй ужо цяжка працаваць. Яна выпрацавалася да цяперашняга пэнсійнага ўзросту.

— Я кепска стаўлюся да такой ідэі, бо мы ж гаворым пра жанчын найперш. Калі яны, паводле статыстыкі, і жывуць болей, дык нагрузка на іх значна большая, чым на мужчын. Мужчыны меней жывуць, але я б гэтак зрабіў: жанчынам крыху адняў пэнсійны ўзрост, а мужчынам дадаў.

— Калі гэта было закладзена даўно і праверана, то нічога ня трэба мяняць. Калі ў 55, то ў 55! Жанчыны, якія цяпер выходзяць на пэнсію, ня будуць шчасьлівыя, што ім давядзецца яшчэ 5 год працаваць. Я ж сама ў будучыні зьбіраюся працаваць яшчэ ў такім узросьце.

— Гледзячы па тым, што мая мама яшчэ ў 62 гады працуе, то стаўлюся да такой ідэі станоўча. Хачу гэтак жа трымацца на плаву, як мае бацькі, і быць у такой жа форме.

— Гэта слушна. Працягласьць жыцьця цяпер падвышаецца. Людзі даўжэй жывуць, таму пэнсія ў 60 гадоў цалкам нармальна.

— Я супраць гэтага, бо не дажываюць да пэнсіі нашыя жанчыны і мужчыны пры цяперашніх умовах. Цяпер такое жыцьцё цяжкое. Лічу, што гэтая ідэя непрадуманая.

А што думаеце вы? Выказвайцеся ў камэнтарах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG