Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна як будучы пасярэднік для Беларусі


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Зважаючы на цяперашні візыт Уладзімера Макея ва Ўкраіну, а таксама на па вызначэньні двухсэнсоўныя гучныя заявы пра «тэрытарыяльную цэласьць Украіны» (субстанцыю, якую розныя людзі ў нашым рэгіёне разумеюць па-рознаму), цікава зьвярнуць увагу на наступнае.

Усё ж цяперашняя Ўкраіна — гэта той гулец, які найлепшым чынам быў бы здольны ўзяць на сябе функцыю пасярэдніка для магчымага ўрэгуляваньня сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі. Як беларускія ўлады далі пляцоўку для расейска-ўкраінскіх перамоваў па замірэньні ў Данбасе, так і Ўкраіна цяпер і ў пэрспэктыве — аптымальная патэнцыйная пляцоўка для магчымых перамоваў беларускіх уладаў з апазыцыяй пра пасярэдніцтве Захаду (альбо, як цяпер, з Захадам як прадстаўніком атамізаванай і дэмаралізаванай беларускай апазыцыі і незалежнай грамадзкасьці).

Украінскія ўлады маюць шчыльныя, але звонку засяроджаныя галоўным чынам на прымітыўных матэрыяльных пытаньнях кантакты з уладамі Беларусі. Гэта ўнікальная сытуацыя сярод суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў. Парашэнка абдымаецца з Лукашэнкам, Макей пасьпяхова наносіць візыты ў Кіеў і нават Адэсу. Украіна ў пэўным сэнсе, можна меркаваць, робіцца для ўладаў Беларусі галоўным і найбольш шматабяцальным «акном» на Захад.

З другога боку, на ўкраінскім баку у Данбасе ваюе шмат беларускіх дабравольцаў-апазыцыянэраў. Адным зь першых загінулых на Эўрамайдане быў беларус Міхаіл Жызьнеўскі. Беларусы зьбіраюць грошы на мэдычныя аўтамабілі для ўкраінскіх вайскоўцаў, беларускія журналісты — ад Паўла Шарамета да журналістаў «Белсату» — актыўна дапамагаюць Украіне на інфармацыйным фронце. Галоўны рокер Беларусі Сяргей Міхалок пераехаў жыць ва Ўкраіну.

Зразумела, што зараз Украіне не да таго, каб браць на сябе актыўную вонкавапалітычную ролю, асабліва па беларускім пытаньні. І не зразумела, калі спрыяльны для гэтага час настане. Але факт у тым, што патэнцыял для гэтага і вялікі шанец «зарабіць балаў» сам прыйшоў украінскай дзяржаве ў рукі, і не скарыстацца зь яго было б для яе памылкаю.

Для менскіх уладаў і для беларускай дэмакратычнай апазыцыі Ўкраіна цяпер — галоўная крыніца надзеяў, хаця і розных надзеяў на розныя рэчы. У адным і тым жа ўкраінскім войску ваююць беларускія добраахвотнікі-апазыцыянэры і пастаўленае афіцыйным Менскам вайсковае абсталяваньне. Гэта цікавая акалічнасьць і цікавае супадзеньне. Хацелася б, каб яны былі знакавымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG