Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над расейскім салдатам, які забіў армянскую сям’ю ў Гюмры


Валеры Пермякоў падчас допыту сьледчымі
Валеры Пермякоў падчас допыту сьледчымі

Расейскі ваенны трыбунал у сераду пачынае разгляд справы расейскага салдата, якога абвінавачваюць у дэзэртырстве з ваеннай базы і забойстве цэлай сям’і ў армянскім горадзе Гюмры.

Гэта першы з двух судовых працэсаў па справе, якая выклікала масавыя пратэсты ў Армэніі. Першы адбудзецца пад расейскай, а другі пад армянскай юрысдыкцыяй.

Армянская служба Свабоды вядзе жывую трансьляцыю з судовай залі.

Расейская пракуратура абвінавачвае салдата тэрміновай службы Валерыя Пермякова ў тым, што ён падчас службы 12 студзеня гэтага году выкраў зброю на 102-й расейскай ваеннай базе ў Гюмры, зьбег адтуль у горад і забіў семярых чальцоў армянскай сям’і — мужа і жонку, іх дачку, сына, нявестку і двух малалетніх дзяцей. Матывы гэтых забойстваў дасюль невядомыя.

Пазьней армянскі суд, таксама ў Ерэване, павінен асобна ад расейскага, разгледзець справу забойства армянскай сям’і. Дата гэтага працэсу пакуль невядомая.

Двайны працэс стаў своеасаблівым кампрамісам паміж уладай Расеі і Армэніі паводле юрысдыкцыі ў гэтай справе, бо на другі дзень пасьля забойства армянскі генпракурор заявіў, што расейскі бок ня выдасьць затрыманага салдата, паколькі згодна з Канстытуцыяй краіны, не выдае сваіх грамадзян іншым дзяржавам.

У той жа час старшыня Сьледчага камітэту Расеі заявіў, што ўсе працэсуальныя дзеяньні будуць адбывацца на тэрыторыі Армэніі, але паводле расейскага заканадаўства. Гэта толькі падагрэла жарсьці ў Армэніі, дзе людзі выйшлі на вуліцы розных гарадоў краіны з патрабаваньнем судзіць расейскага салдата паводле мясцовых законаў, бо расейскую ваенную пракуратуру цікавяць галоўным чынам пытаньні дэзэртырства і крадзяжу зброі, а не забойства цэлай армянскай сям’і.

Кіраўнік гюмрынскага клюбу журналістаў «Аспарэз» Лявон Барсегян упэўнены, што зь перадачай справы армянскім праваахоўным органам ужо спазьніліся.

«Цяпер ужо позна. Прайшло ўжо паўгода, і армянскія праваахоўнікі мноства экспэртызаў ужо ня могуць правесьці. Нашы праваахоўнікі, я проста ўпэўнены, ня могуць хоць неяк адысьці ад сцэнару расейскіх праваахоўнікаў», — лічыць мясцовы журналіст.

У разгар дэманстрацыяў расейскі бок нечакана пагадзіўся перадаць расьсьледаваньне справы аб забойстве ў рукі армянскіх сьледчых, але, як паказваюць аглядальнікі, у дакумэнтах аб перадачы справы ні слова не сказана аб перадачы армянскаму правасудзьдзю самога абвінавачанага 19-гадовага Валерыя Пермякова, які працягвае знаходзіцца ў расейскай вайсковай частцы, гэта значыць па-за дасяжнасьцю армянскіх уладаў.

Гэта справа выклікала вялікі рэзананс у Армэніі, паколькі ў чарговы раз паставіла пытаньне пра сапраўдны сувэрэнітэт краіны. Армэнія знаходзіцца ў фарватэры расейскай вонкавай палітыкі і пад уплывам Масквы адмовілася ад эўрапейскай інтэграцыі. Таксама Армэнія, разам зь Беларусьсю, Кыргызстанам і Таджыкістанам сярод нямногіх былых савецкіх рэспублік, якія прадстаўляюць сваю тэрыторыю для расейскіх вайсковых баз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG