Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Сорас, волат асэнсаванага жыцьця


 Джордж Сорас
Джордж Сорас

12 жніўня 85-гадовы юбілей адзначае Джордж Сорас — фінансіст, філянтроп, заснавальнік і кіраўнік дабрачынных фондаў.

Ягоная дзейнасьць вось ужо паўстагодзьдзя выклікае неадназначныя ацэнкі ў розных колах грамадзтва, але бясспрэчна тое, што, добраахвотна трацячы сваё багацьце, Сорас пакінуў сьлед далёка па-за межамі сьвету фінансаў і паўплываў на ход сусьветнай гісторыі.

Для Беларусі асоба Джорджа Сораса таксама знакавая: незалежныя мэдыі, адукацыйныя праграмы, культурніцкія праекты маглі б не адбыцца, каб не дапамога ягонага фонду. Агулам на гранты за чатыры гады дзейнасьці арганізацыі пайшло больш за 13 мільёнаў даляраў. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сам факт існаваньня амэрыканскага падразьдзяленьня ў Беларусі прызналі шкодным, і ў 1997-м яго праца была згорнутая. Успамінае культуроляг Вацлаў Арэшка, ініцыятывы якога таксама мелі матэрыяльную падтрымку з сораўскай скарбонкі:

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

«Сам факт таго, што ў той час, у 1990-я гады, фонд Сораса апынуўся ў Беларусі, стаўся моцным штуршком для грамадзянскай супольнасьці, добрай школай супрацы з заходнімі партнэрамі. Нягледзячы на тое, што яго дзейнасьць суправаджалася пэўнымі цяжкасьцямі і праблемамі, гэта быў вельмі карысны і плённы пэрыяд. Бо, каб не было фонду Сораса, можа, сёньня і не было б шмат якіх грамадзкіх дзеячаў і некаторых грамадзкіх арганізацыяў. Так што гэта сапраўды значны этап, значная эпоха. На жаль, мы ведаем, што адбылося ў 1994 годзе, што адбылося ў 1996-м. Фактычна быў распачаты паэтапны працэс ліквідацыі свабоды, а фонд Сораса — гэта, безь перабольшаньня, глыток свабоды, а таму ён моцна перашкаджаў. Нездарма мы цяпер бачым, што і ў Расеі ідзе змаганьне з заходнімі дапамогамі, бо яно ўспрымаецца нават ня столькі як некантраляваны канал сродкаў, колькі — кантактаў, інфармацыі, увогуле ладу жыцьця. Такія каналы свабоды заўсёды перашкаджаюць рэжымам, а фонд Сораса быў найбольш заўважны ў гэтым шэрагу. На той час ён вельмі адкрыты быў у сваёй дзейнасьці і да такой сытуацыі проста не рыхтаваўся. А таму стаў першай буйной ахвярай».

Досьвед Джорджа Сораса, адлюстраваны ў ягоных грунтоўных артыкулах і кнігах, стаў трамплінам для дасьледчыкаў ва ўсім сьвеце, уключна зь беларускімі. Супрацькрызісны кансультант, грамадзкі актывіст Мечыслаў Бурак пад канец 1990-х сабраў цэлую бібліятэку з кніг Сораса, многія зь іх дагэтуль лічыць «настольнымі». Кажа, што засвоены матэрыял ня раз выкарыстоўваў пры аналізе сытуацыі ў Беларусі і навокал. Апошнія рэфлексіі пад назвай «Беларусь у ХХІ стагодзьдзі: разьвіцьцё — мысьленьне — духоўнасьць» пабачылі сьвет у сёлетніх «Запісах таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага»:

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

«Як я наагул пазнаёміўся з працамі Джорджа Сораса? У другой палове 1990-х я пачаў па-новаму займацца праблемамі бясьпекі, адпаведна, пачаў чытаць новыя кнігі па гэтай тэме. І вось у адной зь іх знайшоў спасылку на кнігу Джорджа Сораса „Адчыняючы савецкую сыстэму“. Я бяру гэтую кнігу ў Нацыянальнай бібліятэцы і пачынаю ўзахлёб яе чытаць (трэба сказаць, што гэта першая ягоная кніжка, якая на пачатку 1990-х выйшла па-расейску, але ў шырокі доступ трапіла крыху пазьней). Мяне яго падыход вельмі захапіў. Цяпер я маю практычна ўсе перакладныя выданьні. А кніга „Адкрытае грамадзтва. Рэфармуючы глябальны капіталізм“ у мяне заўсёды пад рукой. Калі не памыляюся, на расейскай мове выйшла 10 кніг, у мяне ёсьць 9. Гэта мае настольныя кніжкі, я іх чытаю пастаянна, бо ў Сораса яны адухоўленыя. Нават у стылі выкладаньня адчуваюцца магутнасьць, глыбіня, грунтоўнасьць. Ня кожны прафэсійны пісьменьнік здольны так адухавіць свае тэксты. Таму ў пэўным сэнсе гэта мой духоўны пажытак».

Паводле Мечыслава Бурака, Джордж Сорас надзвычай даходліва растлумачыў, што рухавік разьвіцьця суб’ектаў як у эканоміцы, так і ў палітыцы — канкурэнцыя. І хоць у Беларусі рынкавы падыход прынесены ў ахвяру плянавай эканоміцы, але, на думку суразмоўцы, у канкурэнцыі ўрэшце перамогуць больш адухоўленыя — тыя, хто здолее ўсталяваць са спажыўцамі (электаратам) больш моцную рэфлексіўную сувязь. Рухавік разьвіцьця адкрытага грамадзтва, паводле Сораса, — узаемаразуменьне паміж суб’ектамі грамадзянскай супольнасьці і ўладай, якая ажыцьцяўляе ўпарадкаваньне і рэгуляваньне жыцьця. Адпаведна, грамадзтва будзе больш жыцьцяздольнае, калі рэфлексіўная сувязь паміж суб’ектамі грамадзтва і ўладай будзе больш чуйная:

«Калі б у мяне запыталі, што лічыць асноўным плёнам жыцьцёвых намаганьняў Джорджа Сораса, я б пачаў з самага важнага. Па-першае, чалавеку ўдалося выжыць. Вы ж ведаеце, з чаго ён пачынаў, як ратаваўся ад нацызму ў Вугоршчыне, як трапіў у Вялікую Брытанію і нарэшце ў Злучаныя Штаты.

Другі момант: ён надзвычай інтэнсіўна пражыў гэтыя 85 гадоў, яму ўдалося зарабіць больш, чым астатнім, стаць уплывовым грамадзкім дзеячам у сьвеце. Прычым яго ўплывовасьць грунтуецца не на тым, што ён паразытуе на чымсьці ці кімсьці. Структуры Сораса абапіраюцца якраз на аўтарытэт ягонай асобы, а не наадварот.

Па-трэцяе, ён здолеў спасьцігнуць лёгіку ўзаемасувязі паміж быцьцём і сьвядомасьцю. Бо пакуль адны кажуць, што быцьцё вызначае сьвядомасьць, а іншыя сьцьвярджаюць адваротнае, Сорас вывеў, што яны знаходзяцца ва ўзаемасувязі і адно адно вызначаюць. Гэта адна з галоўных высноваў, якую ён змог данесьці да іншых і даць усяму практычнае ўвасабленьне.

Наступны плён ягонай дзейнасьці палягае ў тым, што, усьвядоміўшы заканамернасьці цывілізацыйнага разьвіцьця, Сорас пачаў асэнсавана ўкараняць ідэалы разьвіцьця ў грамадзкую сьвядомасьць і праз гэта дабівацца ўдасканальваньня ладу сацыяльнага ўзаемадзеяньня».

Джордж Сорас прыехаў у Нью-Ёрк амаль 60 гадоў таму з пустымі кішэнямі, але зь вялікімі амбіцыямі. І яны цалкам рэалізаваліся: ён стаў першым чалавекам, які за каляндарны год зарабіў 20 мільярдаў даляраў. Сорас — рэальнае ўвасабленьне амэрыканскай мары, хоць мэханізм узбагачэньня па-сорасаўску шмат хто крытыкаваў, а маштабы ягонай дабрачыннасьці нярэдка выклікаюць неразуменьне. У любым выпадку, як перакананы супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак, па сукупнасьці зробленага сёньняшні юбіляр можа прэтэндаваць на нефармальнае званьне Волата роду чалавечага:

«У чым характэрныя рысы ягонай натуры? Бясспрэчна, гэта моц духу, здольнасьць да рэфлексіўнай мысьледзейнасьці, нарэшце, маральнасьць жыцьцёвай пазыцыі. Вось гэтыя тры складнікі ягонай натуры даюць яму такую магутную сілу, што можна адназначна сказаць: Сорас здольны ў тым ліку тварыць гісторыю. А гістарычная асоба — якраз тая, якая зьмяняе сьвядомасьць грамадзтва і ўжо празь сьвядомасьць людзей — рэальнасьць. Таму, каб была мая воля, я б яму прысвоіў званьне Волата асэнсаванага жыцьця.

А на заканчэньне хацеў бы перадаць праз Радыё Свабода шчырыя віншаваньні юбіляру і выказаць упэўненасьць: зробленае Джорджам Сорасам да гэтага і яшчэ, дай божа, сама меней да ягоных 100 гадоў будзе служыць на карысьць чалавечаму разьвіцьцю ва ўсім сьвеце. Зычу дабра!».

Джордж Сорас ужо не такая публічная асоба, як яшчэ нядаўна, але тры гады таму падабраўся блізка да Беларусі — выступіў зь лекцыяй у Польскай акадэміі навук. Некаторыя заявы наконт разьвіцьця сытуацыі ў рэгіёне аказаліся прарочымі:

«Палітыка, якую праводзяць улады Расеі і Беларусі, бессэнсоўная. Яна вядзе да заняпаду і эканамічнага адставаньня ад іншых краін сьвету. Расейскія кіраўнікі атрымліваюць грошы ад нафты і высылаюць іх за мяжу, бо ня вераць ва ўласную дзяржаву. Эканоміка не разьвіваецца. Ужо ў агляднай пэрспэктыве гэта

Што тычыцца Беларусі — гэта эканамічная няўдача нават па расейскіх стандартах

прывядзе да катастрофы, — заявіў тады Сорас, выказаўшы пэсымізм наконт здольнасьці вышэйшых кіраўнікоў Расеі і Беларусі наступіць на горла ўласным амбіцыям. — Улады Расеі вядуць краіну ў зусім дрэнным кірунку — нават з пункту гледжаньня чыста нацыянальных інтарэсаў. Што тычыцца Беларусі — гэта эканамічная няўдача нават па расейскіх стандартах. Беларусь ня менш залежыць ад нафты, чым Расея. Але паколькі яна залежыць ад чужой нафты, значыць, цалкам залежыць ад Масквы».

___________________________________________

Джордж Сорас нарадзіўся ў 1930 годзе ў Вугоршчыне, у 1947-м ягоная сям’я пераехала ў Вялікую Брытанію. Вучыўся ў Лёнданскай школе эканомікі, дзе адным зь яго выкладчыкаў быў Карл Попэр — стваральнік ідэі адкрытага грамадзтва. Пачынаў кар’еру на галянтарэйнай фабрыцы, аднак увесь час цікавіўся банкаўскім сэктарам. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША, дзе пачаў займацца фінансамі. 16 верасьня 1992 году за адзін дзень Сорас зарабіў больш за 1 мільярд даляраў, гуляючы на паніжэньне ангельскага фунта. Стваральнік фонду «Адкрытае грамадзтва», які адчыніў свае прадстаўніцтвы ў 25 краінах сьвету. За сваё жыцьцё Джордж Сорас выдаткаваў на дабрачыннасьць больш як 5 мільярдаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG