Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачывальнікі на Менскім моры — пра інцыдэнт зь дзяўчынай топлес


У судзе Менскага раёну чакаецца працэс над трыма ўдзельнікамі інцыдэнту на Менскім моры: супрацоўнікі АМАП затрымалі дзяўчыну, якая загарала на пляжы бяз станіка, а таксама мужа і жонку, якія спрабавалі яе абараніць ад затрыманьня.

Дзяўчыну вінавацяць у хуліганстве, ёй пагражае штраф 5,4 мільёна рублёў, сужэнскай пары за супрацьдзеяньне супрацоўнікам міліцыі — 9 мільёнаў. Бальшыня наведнікаў пляжаў на Менскім моры пра здарэньне нічога ня ведае, але галізну на пляжы асуджае.

Перапытваю групу жанчын, якія разьмясьціліся на посьцілках вакол імправізаванага «стала» непадалёк ад вады. Першай на пытаньне адгукнулася дзяўчына ў капелюшы з цыгаркай:

«Наконт штрафу — то ня ведаю, што сказаць. Але што тычыцца топлес, то варта гэтак загараць там, дзе няма натоўпу, дзяцей, бо дзеці бачаць і паўтараюць тое ж усьлед за дарослымі. Я не лічу, што гэта правільна».

Крыху старэйшая жанчына — зьнешнасьці «маладая мама» — падтрымала сваю прыяцельку, дадаўшы:

«Я згодная са штрафам. Я б таксама штрафавала, калі дзеці побач. Што гэта такое? Калі хочаце гэтак загараць — калі ласка, але ідзіце асобна. На лецішчы можна загараць. Калі топлес, то там, дзе няма людзей і асабліва дзяцей. Ці што мне, дзяцей нікуды не выводзіць?»

Такія меркаваньні падтрымала і маладая пара — юнак зь дзяўчынай, якія загаралі побач:

Карэспандэнтка: «Калі б ваша дзяўчына зараз зьняла станік, што б вы ёй сказалі?

Юнак: «Калі б мы былі ўдваіх, то калі ласка. А калі на ўсеагульны агляд, то я быў бы супраць. Усё патрэбна ў меру, і адначасна — ня варта рабіць гэта напаказ. Трэба ўсё ж межы прыстойнасьці трымаць. Але і штрафаваць, я думаю, няправільна — варта для першага разу чалавека папярэдзіць».

Карэспандэнтка: «А вы гатовыя былі б зараз разьдзецца?»

Юначка: «Зараз — не, але, калі б нікога не было, то так. Я лічу, што для гэткіх людзей неабходна адводзіць асобныя месцы».

На Менскім моры пасярод працоўнага дня ня так шматлюдна, як у дзень выходны. Але людзей хапае. Купаюцца значна менш, чым загараюць — вада ў моры цёплая, але брудна-зялёная. Пэнсійнага веку мужчына ўладкаваўся ў кустах паміж пляжамі, каб павудзіць. Ня дужа ахвотна, але ўсё ж выказваецца наконт інцыдэнту:

«Ну ёсьць жа нейкія нормы... Зразумела, што свабода кожнага чалавека ад яго самога і залежыць. Але ж яна не павінна перашкаджаць іншым людзям. Свабода — яна, канечне, свабода, але ёсьць таксама і абавязкі, якія грамадзтва фармуе».

Побач спыняюцца двое юнакоў на роварах, шукаючы сабе месца для адпачынку. Пра інцыдэнт нічога ня чулі. А на пытаньне, як бы паставіліся да жанчын топлес на пляжы, са сьмехам адказваюць:

«А чаму б і не? Цікава, мы ня супраць...»

Уздоўж узьбярэжжа Менскага мора пясчаныя пляжы чаргуюцца з камяністымі берагамі і кустоўем, так што месца для сябе тут знаходзяць аматары самых розных формаў адпачынку. Яшчэ адна група разьмясьцілася за раскладным сталом і гуляе ў карты. Усе — дзяўчаты. Адзіны юнак — цемнаскуры хлопец, які побач смажыць шашлык. Тут пра інцыдэнт з разьдзетай дзяўчынай ведаюць, але агульная думка — не на карысьць пацярпелай «хуліганкі»:

Юначка: «Я лічу, што гэта было непрыгожа з боку дарослых людзей голымі загараць: вакол малыя дзеці, а дзядзькі, цёткі голыя — гэта непрыгожа, некультурна, і так не павінна быць. А калі б яны былі асобна, то калі ласка — гэта іх справа. Для гэтага павінна быць асобнае месца».

Іншая дзяўчына: «Так, для гэтага павінна быць асобнае месца, каб іншых людзей не шакаваць».

Юначка: «А што тычыцца міліцыі, то я бачыла гэтае відэа і ня думаю, што міліцыя неяк асабліва жорстка да іх паставілася. Прынамсі, дзяўчыну толькі адпіхнулі. А тое, што яна гэтак гарлала, то гэта, думаю, на публіку было разьлічана».

На шмат кілямэтраў берага Менскага мора зь дзясяткамі людзей на ўзьбярэжжы і ў вадзе не знайшлося ніводнай жанчыны топлес. Адзіная дзяўчына, якая загарала на пяску побач з маці, дазволіла сабе падставіць сонцу цалкам аголеную сьпіну. Якраз гэтыя, дарэчы, жанчыны — адзіныя з усіх маіх прыморскіх суразмоўцаў — адказалі мне па-беларуску:

Карэспандэнтка: «Ці не баіцеся загараць у такім выглядзе, што камусьці не спадабаецца, выклічуць міліцыю?

Юначка: «Ня думаю, што мы тут нешта непрыстойнае робім і камусьці замінаем. А тым, хто хоча загараць галяка, то ім патрэбны асобны нармальны нудысцкі пляж».

Маці: «Калі бы мы загаралі топлес, то гэта было б недапушчальна. Але калі дзяўчына ляжыць на жываце, нікому нічога не паказвае, а на сьпіне разьвязала нейкія там лямкі, то лічу, што гэта ўсё дапушчальна. Адносна топлес я таксама супраць — для гэтага патрэбныя асобныя месцы. Беларусы — ня тая нацыя, каб прылюдна разьдзявацца...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG