Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго ў Беларусі няма выбараў?


Выбараў у Беларусі няма. Пра тое пішуць у сацыяльных сетках і ў друку, пра тое гавораць апазыцыйныя прэтэндэнты. Але ўсе ўдзельнікі працэсу паводзяць сябе так, нібыта выбары ёсьць.

Чаму б, скажам, Караткевіч не казаць адно пра правы жанчынаў, Калякіну — пра ідэалы камунізму, Лябедзьку — адно пра «Выбары без Лукашэнкі» і пра правы прадпрымальнікаў? Не, ўсе гавораць пра эканамічныя праблемы, пра справядлівасьць, спрабуюць спадабацца большасьці. Навошта, калі выбараў няма?

Але і зь іншага боку — тое самае. Лукашэнка падчас гутаркі з незалежнымі журналістамі пасылаў сыгналы лібэральнай частцы грамадзтва, намякаў на вызваленьне Статкевіча і Рубцова, на палёгку для журналістаў, рабіў рэвэрансы ў бок беларускай мовы.

Хоча пашырыць свой электарат — камэнтуюць глыбакадумныя аналітыкі. Які такі электарат? Хіба Лідзія Ярмошына страціла свае ўнікальныя вылічальныя здольнасьці? Які электарат, калі выбараў няма? Але чаму ж тады прэтэндэнты паводзяць сябе так, нібыта яны ёсьць?

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да палітычных экспэртаў — Паўлюка Быкоўскага, Ўладзімера Падгола і Арцёма Шрайбмана.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Ва ўсім сьвеце выбары, калі глядзець на іх вачыма кандыдатаў, гэта вялікая піяр-кампанія. У тых краінах, дзе галасы на выбарах лічаць, гэтая-піяр-кампанія прыводзіць да ўлады таго, хто правёў яе лепш. У нас тое, што галасы ня лічаць, ніяк не перакрэсьлівае тое, што выбары застаюцца піяр-кампаніяй. Проста кандыдаты ў нас ставяць іншыя мэты, чым быць абранымі.

Аляксандар Лукашэнка ставіць мэту ўнутранай, псыхалягічнай легітымізацыі, калі трэба даказаць сябе, сваім прыхільнікам, што грамадзтва па-ранейшаму на тваім баку, што яно па-ранейшаму ляяльнае.
Для гэтага ж сёлета праводзіў датэрміновыя выбары прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў. Навошта, калі ўсім зразумела, што альтэрнатывы няма? Але патрэбны мандат даверу, ўнутранае адчуваньне, што ты па-ранейшаму правадыр, што ты па-ранейшаму папулярны.

Таму выбары патрэбныя, трэба дагаджаць электарату, сымуляваць тое, што робіцца на справядлівых і сумленных выбарах.

Што тычыцца апазыцыянэраў, то ў іх па вялікім рахунку няма выбару. Яны мусяць ці імкнуцца патрапіць у струмень грамадзкіх інтарэсаў і быць падтрыманымі хаця б невялікай часткай грамадзтва, ці яны цалкам сыходзяць з парадку дня і тады яны канчаткова могуць пераходзіць у стан дысыдэнтаў ці эмігрантаў. Каго заўгодна, толькі не палітыкаў. А тыя, хто хоча застацца ў палітыцы (ці прыйсьці ў яе, як Караткевіч), вымушаныя ў сваёй кампаніі рабіць акцэнт на тым, што хвалюе грамадзтва.

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Падгол: Выбары ёсьць заўжды — кожны месяц, кожны тыдзень, кожны дзень людзі выбіраюць. Выступіў Лукашэнка па БТ — на наступны дзень у курылках ідуць выбары, людзі абмяркоўваюць. Выбараў, як фармальнай працэдуры, дзе лічаць бюлетэні, няма, але ў мазгах людзей выбары ідуць заўжды. І сапраўдныя палітыкі заўжды ўдзельнічаюць у гэтых выбарах.

У Беларусі акрамя Лукашэнкі і апазыцыйных кандыдатаў ёсьць трэцяя група палітыкаў, якая рыхтуецца ўступіць у гэтыя выбары ў якасьці палітычных лідэраў, якія стаяць над гэтым двубоем. Прыкладна празь месяц яны выйдуць на публіку і пакажуць, што яны мацней і за Лукашэнку, і апазыцыю.

Дракахруст: Уладзімер, а калі не сакрэт, то што гэта за лідэры такія?

Падгол: Сакрэт. Мы жывем у недэмакратычным грамадзтве і падстаўляцца пакуль рана.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: З аднаго боку, беларускія грамадзяне ў большасьці вераць у тое, што выбары ёсьць. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічных апытаньняў. І таму выбаршчык хоча ведаць, што яму прапануюць «на рынку». І калі аказваецца, што прапанова толькі адна і гэта дзейны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка.. то значыць іншых прапановаў і няма.

З другога боку, падчас гэтай кампаніі ніхто з прадстаўнікоў альтэрнатывы ня кажа, што ён зьбіраецца перамагаць на выбарах. Адзін з кандыдатаў нават заявіў у ЦВК, што ідзе на выбары падтрымаць Аляксандра Лукашэнку.

Якія мэты ставяць апазыцыйныя прэтэндэнты? У Калякіна ёсьць нават пастанова зьезду, дзе сказана, што трэба пашыраць падтрымку і вядомасьць партыі. У Лябедзькі ёсьць партыйная пастанова, паводле якой мэтай зьяўляецца тое, каб пра праграму «Мільён новых працоўных месцаў» даведалася як мага большая колькасьць людзей.

Тое, што ў нас называецца выбарамі, выкарыстоўваецца як нагода для працы з насельніцтвам.

Для апазыцыі ўдзел у гэтых выбарах маме значэньне, бо той, каго няма, ня мае рацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG