Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчага прэцэдэнту не атрымалася


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўны суд Беларусі 10 жніўня адмовіў у скарзе шэрагу грамадзян Берасьця, якія зьвярнуліся сюды па выбарчай справе.

Яны патрабавалі перагляду рашэньня Берасьцейскага абласнога суду, які нават не распачаў справу наконт таго, якім чынам абласныя савет дэпутатаў і выканкам сфарміравалі тэрытарыяльную камісію па выбарах прэзыдэнта. Такім чынам, апошняя спроба прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў праз суд перагледзець склад хоць адной тэрытарыяльнай камісіі скончылася няўдала. Адпаведнага прэцэдэнту на гэтых выбарах так і не адбылося.

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сёньня прысутнічаў на паседжаньні Вярхоўнага суду. У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ён спачатку нагадаў гісторыю гэтай справы:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«10 грамадзянаў, як і прадугледжана Выбарчым кодэксам, вылучылі ў склад камісіі сябра руху «За Свабоду» Сяргея Вакуленку, але яго туды не ўключылі. Як лічаць аўтары звароту ў Вярхоўны суд, «празь яго палітычныя перакананьні». Тады 9 з 10 грамадзянаў, што падпісаліся за Вакуленку, зьвярнуліся са скаргай на рашэньне аб фарміраваньні тэрытарыяльнай камісіі ў абласны суд. Але ён адмовіўся заводзіць справу, матывуючы гэта тым, што скарга не падпісаная ўсімі дзесяцьцю грамадзянамі, што вылучалі Вакуленку.

У скарзе, пададзенай у Вярхоўны суд, гаворыцца, што Берасьцейскі абласны суд чамусьці пераблытаў два правы: «Ёсьць права грамадзянаў вылучаць у склад выбарчых камісій сваіх прадстаўнікоў (і там сапраўды ёсьць цэнз — ня менш за 10 чалавек) і права абскарджваць рашэньне органаў, што сфарміравалі такія выбарчыя камісіі (тут Выбарчы кодэкс не прадугледжвае цэнзу)».

«Аднак Вярхоўны суд фактычна падтрымаў сваіх калег з абласнога суду», — працягвае Юрась Губарэвіч:

«Заяўнікі сёньня не змаглі прыехаць у Менск на суд, бо яны занятыя на працы. Судзьдзі нават па сутнасьці не агучылі прэтэнзіяў заяўнікаў, якія найперш тычацца парушэньня іх права на рашэньне органа, які фарміруе тэрытарыяльную камісію. Быў вольна пратрактаваны Выбарчы кодэкс, дзе мінімальная колькасьць грамадзянаў, якая вылучае свайго прадстаўніка ў камісію — 10 чалавек — была штучна распаўсюджаная і на адпаведнае права абскарджваць вынесенае рашэньне. У Выбарчым кодэксе ёсьць толькі фармулёўка „заяўнікі“. Мы лічым, што заяўнікі — гэта і дзьве асобы і болей, якія вырашылі, што іхнае права парушанае, але зусім не абавязкова, каб гэта былі ўсе дзесяць чалавек.

Вярхоўны суд фактычна пацьвердзіў высновы абласнога суду пра тое, што пад скаргай павінна было стаяць ня дзевяць подпісаў, а поўная стопрацэнтовая колькасьць, то бок дзесяць. Але такое рашэньне не абапіраецца ні на якія нормы беларускага заканадаўства.

У выбарчым заканадаўстве Беларусі ёсьць нібыта лібэральнае палажэньне, што амаль любое рашэньне можна абскарджваць у судзе. Але калі даходзіць да практыкі, то выяўляецца шмат падводных камянёў, калі грамадзянам беспадстаўна адмаўляюць ня тое што ў іх патрабаваньнях, а нават у разглядзе справы.

У Беларусі ўсе судовыя інстанцыі ў гэтай справе пройдзеныя. Наколькі я ведаю, актывісты нашага руху будуць рыхтаваць заяву у ААН — у камітэт па правах чалавека».

Такім чынам, з 63 вылучэнцаў апазыцыі ў тэрытарыяльных камісіях па-ранейшаму застанецца толькі 10 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG