Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схадзіць у банк для Лукашэнкі — «тэхнічная праблема»


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына скептычна паставілася да прапановы першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча правесьці грамадзкую праверку подпісаў, якія дэмакратычныя кандыдаты на прэзыдэнта зьбіраюць за сваё вылучэньне.

У камэнтары для Свабоды пасьля сёньняшняга паседжаньня ЦВК яна сказала. што, па-першае, не ўяўляе, як можна праверыць сапраўднасьць сотняў тысяч подпісаў. А па-другое, вынікі такой праверкі будуць «юрыдычна нікчэмнымі».

Падчас сёньняшняга паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі былі зацьверджаныя дакумэнты, якія тлумачаць, што канкрэтна павінны абнародаваць у сваіх дэклярацыях аб прыбытку і маёмасьці кандыдаты на прэзыдэнта. Цікава тут тое, што яны маюць права на 20% памылку пры прадстаўленьні сваіх прыбыткаў за 2014 год. Большая памылка будзе лічыцца істотнай і можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

3-га кастрычніка тэлеканал «Беларусь-1» пакажа ў жывым эфіры дэбаты прэтэндэнтаў. Калі іх будзе больш за пяць, то перадача будзе цягнуцца 90 хвілін, калі менш — толькі адну гадзіну.

І, урэшце, унесьлі папраўку наконт карыстаньня асабістымі фондамі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва. Ад сёньня яны могуць атрымліваць грошы ў банку наяўнымі, а ня празь пералічэньне.

На пытаньне «Свабоды», ці адкрыў нарэшце дзейны кіраўнік дзяржавы свой асабісты фонд, спадарыня Ярмошына дала адмоўны адказ і выказала сваё меркаваньне, чаму Лукашэнка дагэтуль гэтага ня робіць:

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Каб стварыць фонд у гэты час, пакуль яшчэ не прайшла афіцыйная рэгістрацыя, патрэбна абавязкова асабіста пайсьці ў банк. А ўжо пасьля рэгістрацыі гэтую справу можна даручыць свайму фінансаваму прадстаўніку. Я думаю, што менавіта гэтая тэхнічная праблема і стала перашкодай для асобы, якая працуе ў асаблівым рэжыме перасоўваньня, аховы і г.д. Так што, я думаю, гэты рахунак будзе адкрыты.

Пакуль на рахунках ня вельмі вялікія сумы. Так, на рахунку спадарыні Караткевіч шэсьць мільёнаў, на рахунку спадара Калякіна два мільёны».

Лідзія Ярмошына скептычна паставілася да прапановы першага намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча правесьці грамадзкую праверку подпісаў, якія дэмакратычныя кандыдаты на прэзыдэнта зьбіраюць за сваё вылучэньне. Яна сказала Свабодзе, што пры жаданьні прэтэндэнты могуць прайсьці праз гэтую працэдуру. Але ніякіх юрыдычных наступстваў гэта ня будзе мець: ні для іх саміх, ні для тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Да таго ж Ярмошына не ўяўляе, як можна праверыць такую вялікую колькасьць подпісаў. Пры гэтым яна нагадала, што выбарчыя камісіі правяраюць толькі 20% подпісаў.

Юрась Губарэвіч, аднак, лічыць, што правесьці такі аўдыт можна:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Гэта цалкам рэальна. Паводле нашых зьвестак, асноўны масіў подпісаў зьбіраецца ня болей чым у 30 гарадах па ўсёй Беларусі. Там ёсьць моцныя каманды, ёсьць ініцыятыўныя групы ўсіх трох кандыдатаў (Калякіна, Караткевіч, Лябедзькі). Там жа ёсьць прадстаўнікі структур грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікі структур, якія не задзейнічаныя ў выбарнай кампаніі. Адпаведна, яны нэўтральныя ў адносінах да ўсіх трох кандыдатаў. Зь іх ліку можна зрабіць такую камісію».

Кіраўнік выбарчага штабу Анатоля Лябедзькі Леў Марголін лічыць, што ініцыятыва Юрася Губарэвіча нарадзілася з-за тых спэцыфічных умоваў, у якіх апынуўся цяпер рух «За свабоду»:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Я думаю, што асабіста спадару Губарэвічу і наагул руху „За свабоду“ няма чаго рабіць у гэтай выбарнай кампаніі. Яны і за байкот не выказваліся, і падтрымаць Караткевіч адмовіліся. І таму ім хочацца неяк праявіць сябе ў гэтай сытуацыі.

Мы сёлета зьбіраем подпісы не за грошы. а на валянтэрскіх умовах. Таму няма ніякага сэнсу для кагосьці падрабляць гэтыя подпісы».

Дарэчы, сёньня 15-ты дзень збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Фактычна палова шляху ўжо пройдзена. На пытаньне журналістаў, колькі подпісаў сабралі ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў, старшыня ЦВК адказала, што такія зьвесткі можна атрымаць толькі ў саміх ініцыятыўных групах.

У тэрытарыяльныя камісіі для праверкі сапраўднасьці подпісаў, паведаміла Ярмошына, пакуль паступілі падпісныя лісты толькі ад двух прэтэндэнтаў — Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Гайдукевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG