Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія, кітайскія і турэцкія самалёты перахопліваюць усё часьцей


Брытанскі самалёт суправаджае расейскі самалёт-разьведчык над Балтыкай, 8 чэрвеня 2015.
Брытанскі самалёт суправаджае расейскі самалёт-разьведчык над Балтыкай, 8 чэрвеня 2015.

Сусьветныя дзяржавы паведамляюць пра павелічэньне колькасьці парушэньняў паветранай прасторы, а таксама пра выпадкі, калі зьнішчальнікі падымаюцца ў паветра па трывозе для перахопу замежных самалётаў, і ўсё гэта адбываецца на тле значнага ўзмацненьня геапалітычнай напружанасьці ў Эўропе і ў Азіі. Пра гэта — у артыкуле, апублікаваным у брытанскай The Guardian.

У Эўропе зьнішчальнікі краінаў НАТО былі вымушаныя падымацца па трывозе больш за 500 разоў у 2014 годзе, што ў чатыры разы больш, чым у 2013. Каля 85% вылетаў былі зробленыя для перахопу расейскіх самалётаў. Сёлета — паводле дадзеных, атрыманых газэтай Guardian ад НАТО, — зьнішчальнікі ўжо 300 разоў узьнімаліся па трывозе. Гэта самая вялікая колькасьць падобных вылетаў з моманту заканчэньня халоднай вайны.

Расея сьцьвярджае, што колькасьць палётаў авіяцыі НАТО ўздоўж яе межаў павялічылася летась у два разы. НАТО называе гэтыя сьцьвярджэньні «наўмысна нявызначанымі».

Японія таксама рэкордна часта ўзьнімае сваю авіяцыю ў паветра па трывозе з-за актыўнасьці Кітаю. Колькасьць парушэньняў паветранай прасторы Грэцыі з боку Турэччыны ў мінулым годзе павялічыліся ў тры з паловай разы ў параўнаньні з папярэднімі двума гадамі.

Хоць усе такога роду парушэньні адмыслоўцы называюць «амаль рутыннымі», некаторыя інцыдэнты сьведчаць пра рызыку эскаляцыі.

Нягледзячы на павелічэньне перахопаў, НАТО ў канцы сёлетняга году ўдвая скароціць колькасьць самалётаў, якія ўдзельнічаюць у патруляваньні паветранай прасторы ў раёне Балтыкі.


Расея супраць НАТО

Той факт, што самалёты падымаюцца ў паветра па трывозе, не азначае, што адбываецца парушэньне сувэрэннай паветранай прасторы. Летась было зафіксавана 10 ўварваньняў расейскіх самалётаў у паветраную прастору краінаў-чальцоў НАТО. Восем зь іх адбыліся над выспамі, якія належаць Эстоніі. Былі таксама парушэньні паветранай прасторы Нарвэгіі і Польшчы, адпаведна ў сакавіку і ў красавіку, і ў абодвух выпадках яны працягваліся некалькі сэкундаў.

Расейскі Су-34 у суправаджэньні нарвэскіх ВПС, 2014
Расейскі Су-34 у суправаджэньні нарвэскіх ВПС, 2014


У 2015 годзе краіны НАТО не зафіксавалі ніводнага ўварваньня ў паветраную прастору 28 сваіх чальцоў. Аднак адзін расейскі самалёт 26 чэрвеня ўварваўся ў паветраную прастору Фінляндыі, якая не зьяўляецца членам НАТО. Узброеныя сілы Швэцыі налічылі дзевяць ўварваньняў у сувэрэнную паветраную прастору сваёй краіны сёлета. У мінулым годзе паветраная прастора гэтай краіны была парушаная 12 разоў.

Адзін супрацоўнік НАТО ў гутарцы з карэспандэнтам газэты Guardian адзначыў, што ёсьць праблемы ў разуменьні матывацыі дзеяньняў Расеі. На яго думку, складана сказаць, ці зьяўляюцца падобныя інцыдэнты правакацыямі, або іх можна растлумачыць іншымі фактарамі, у тым ліку ўмовамі надвор’я.

Відавочна тое, што адбываецца павелічэньне актыўнасьці Расеі, піша Guardian. Калі параўноўваць цяперашні ўзровень актыўнасьці з ранейшым, то з 2006 па 2013 год было, напрыклад, усяго сем ўварваньняў расейскіх самалётаў у паветраную прастору Эстоніі.

Расейская актыўнасьць уключае ў сябе некалькі больш правакацыйных — хоць і ізаляваных — інцыдэнтаў. Гаворка ідзе аб некалькіх пралётах расейскіх самалётаў над ваеннымі караблямі, а таксама аб бамбавіках, якія выбіралі незвычайны курс паблізу межаў паветранай прасторы Злучаных Штатаў, Партугаліі і Брытаніі.

Але, паводле заяваў Расеі, усё гэта адбываецца з-за павелічэньня актыўнасьці «краінаў НАТО і іх партнэраў», якія ўрываюцца ў яе паветраную прастору.

Паводле дадзеных расейскіх уладаў, якія былі прадстаўленыя газэце Guardian, НАТО ў 2014 годзе зрабіла прынамсі 3 тысячы тактычных авіяцыйных вылетаў блізу расейскіх межаў, што ў два разы больш, чым у папярэднім годзе. Колькасьць вылетаў для патруляваньня ў паветранай прасторы Літвы, Латвіі і Эстоніі ўзрасла ў 3,5 разы.

Аднак, паводле падпалкоўніка Джэя Джэнсана, кіраўніка аддзелу мэдыйных апэрацыяў у штабе Вярхоўнага галоўнакамандаваньня НАТО ў Эўропе, «Расея рэгулярна выкарыстоўвае дэзінфармацыю і прапаганду для ўвядзеньня ў зман грамадзкасьці адносна падзеяў, якія адбываюцца».

«Самалёты падымаюцца на перахоп у адказ на актыўнасьць з боку Расеі. Адзіная мэта — захаваць недатыкальнасьць эўрапейскай паветранай прасторы НАТО і абараніць краіны НАТО ад нападаў з паветра», — падкрэсьліў Джэй Джэнсан.

Ён прызнаў, што НАТО павялічыла ў апошнія месяцы колькасьць разьведвальных вылетаў, аднак ён настойваў на тым, што яны робяцца «ў сотнях кілямэтраў ад расейскіх межаў».

На думку заходніх афіцыйных асобаў, адзіная і самая галоўная прычына велізарнай колькасьці вылетаў па трывозе палягае ў тым, што расейскія самалёты часта парушаюць міжнародныя дамовы.

Расейскія ваенныя самалёты часта выключаюць свае транспондэры, і ў выніку яны «не перадаюць сыгнал, дэзарыентуючы паветраных дыспэтчараў». Яны таксама не даюць інфармацыі пра свае палётныя пляны.

Арганізацыя Эўрапейская лідэрская сетка (European Leadership Network), правёўшы вывучэньне 66 інцыдэнтаў, прыйшла да высновы, што ў адным з трох інцыдэнтаў «з высокай ступеньню рызыкі», зафіксаваным у пэрыяд з сакавіка 2014 году па сакавік 2015 году, ледзь не адбылося сутыкненьне ляйнэра авіякампаніі Scandinavian Airlines (рэйс 737), што ляцеў з Капэнгагэну са 132 пасажырамі на борце, з расейскім разьведвальным самалётам. Гэта адбылося таму, што расейскі самалёт не перадаў дадзеных пра сваё месцазнаходжаньне.


Кітай супраць Японіі


Расея ажыцьцяўляе палёты ня толькі каля межаў эўрапейскіх дзяржаваў. У мінулым годзе Японія 943 разы падымала па трывозе ў паветра свае самалёты — гэта на адзін інцыдэнт менш за рэкордны паказчык (1984). Практычна ўсе яны зьвязаныя з расейскімі (473) і кітайскімі (464) ваеннымі самалётамі.

Расейскі бамбавік Ту-95 ляціць у паветранай прасторы блізу выспы Акінасіма ў заходняй частцы Японіі, 22 жніўня 2013
Расейскі бамбавік Ту-95 ляціць у паветранай прасторы блізу выспы Акінасіма ў заходняй частцы Японіі, 22 жніўня 2013


У 2000 годзе Японія зрабіла толькі 155 перахопаў. Большая частка росту актыўнасьці супала па часе са значным павелічэньнем выдаткаў на абарону ў Кітаі (з менш як 50 мільярдаў юаняў у 1990 годзе да 850 мільярдаў юаняў летась), з пашырэньнем магчымасьцяў і, у апошнія гады, з больш маштабнай прысутнасьцю і актыўнасьцю на сушы, на вадзе і ў паветры каля Японіі ў выніку спрэчкі з нагоды незаселеных выспаў ва Ўсходне-Кітайскім моры.

Са 173 перахопаў у першыя тры месяцы 2015 году 57 прыпадаюць на расейскія самалёты ў параўнаньні са 114 з удзелам кітайскіх самалётаў. На думку некаторых заходніх экспэртаў у галіне авіяцыі, адной з характэрных рысаў паводзінаў кітайцаў зьяўляецца тое, што іх самалёты вядуць сябе больш «агрэсіўна», чым расейскія.


Турэччына супраць Грэцыі


У 2014 годзе грэцкія ваенныя ўлады зафіксавалі 2244 парушэньняў паветранай прасторы Грэцыі турэцкімі самалётамі, што ў тры з паловай разы больш у параўнаньні з 2013 годам.

Сёлета генэральны штаб Грэцыі ўжо зафіксаваў 1204 парушэньні.

Большая частка перахопаў адбываюцца над паласой акваторыі Эгейскага мора, якая лічыцца спрэчнай з 1970-х гадоў. Грэцыя і Турэччына аспрэчваюць гэтую частку паветранай прасторы вакол астравоў — Атэны заяўляюць пра свае прэтэнзіі на дзесяць міляў, але Анкара прызнае толькі шэсьць.

Узмацненьне напружанасьці паміж Грэцыяй і Турэччынай з нагоды паветранай прасторы над Эгейскім морам мае прэцэдэнты. У 2006 годзе сутыкненьне ў паветры паміж грэцкім і турэцкім зьнішчальнікамі магло стаць прычынай канфлікту. Грэцкі пілёт загінуў у выніку гэтага інцыдэнту. А ў 1987 і ў 1996 гадах гэтыя дзьве краіны ледзь было не пачалі вайну адна супраць адной.

Тактычны транспартны самалёт А400М ВПС Турцыі
Тактычны транспартны самалёт А400М ВПС Турцыі

Расейскія самалёты ў Паўночнай Амэрыцы


Камандаваньне паветрана-касьмічнай абароны Паўночна-амэрыканскага кантынэнту (Norad) за апошнія пяць гадоў каля 25 разоў перахапіла і візуальна ідэнтыфікавала самалёты расейскай далёкай авіяцыі, гэта значыць у сярэднім каля пяці разоў у год. Гэтая колькасьць ў 2014 годзе ўзрасла ў два разы, а асаблівы ўсплёск адбыўся ў ліпені і напачатку жніўня. Прадстаўнікі Norad лічаць, што гэта было зьвязана з пытаньнямі падрыхтоўкі лётнага складу.

Адзін супрацоўнік Norad палічыў важным падкрэсьліць, што ў кожным выпадку расейскія самалёты ўвесь час знаходзіліся ў міжнароднай паветранай прасторы.

Усе прыведзеныя ў гэтым артыкуле дадзеныя адносна перахопаў у паветры пазначаныя прыблізна — зь меркаваньняў бясьпекі.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Іносмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG