Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін у Берасьці: Калі не павялічым тэмпы, то і не зьбяром подпісы


Сяргей Калякін каля помніка тысячагодзьдзю Берасьця

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта, лідэр партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін наведаў Берасьце, дзе адбываюцца пікеты па зборы подпісаў у яго падтрымку.

Палітык прайшоўся па пікетах, паагітаваў людзей падпісвацца за яго, пагутарыў з рабочымі каля прахадной «Газаапарату».

У інтэрвію Свабодзе Сяргей Калякін распавёў, што перадвыбарчая кампанія, на яго думку, ідзе ня вельмі актыўна:

«Кампанія ідзе досыць цяжка. Тое, што прымеркавалі яе на лета, ускладняе паход па кватэрах. У Менску быў выпадак, калі стокватэрны дом абышлі — і толькі ў трох кватэрах адчынілі. А другое — гэта абыякавасьць людзей да свайго жыцьця і сваёй будучыні. Скажу шчыра, я чакаў крыху іншай рэакцыі. Калі сацыёлягі паказваюць, што сёньня амаль дзьве траціны грамадзян выступаюць за перамены, а яшчэ больш людзей не задавальняе цяперашні стан рэчаў... Думалася, што гэтыя людзі адгукнуцца. На жаль, гэта ня так. І прахадныя заводаў гэта паказалі, што людзі праходзяць, проста мінаючы ўсіх, і не цікавяцца ні ўладамі, ні тымі, хто ў альтэрнатыве ўладзе...»

На пікеце ў падтрымку Сяргея Калякіна
На пікеце ў падтрымку Сяргея Калякіна

Карэспандэнт: «А вы ня думалі, што яны проста баяцца каля прахадной, каб ня страціць сваю працу?»

Берасьцейцы – дзіцяці: «Вось стане дзядзька прэзыдэнтам, а ў цябе ўжо і фота ёсьць»
Берасьцейцы – дзіцяці: «Вось стане дзядзька прэзыдэнтам, а ў цябе ўжо і фота ёсьць»

«Не, яны не баяцца, гэта нейкае такое статкавае пачуцьцё — ідуць усе разам калёнай і не спыняюцца. Некаторыя, праўда, спыняюцца. Зьмена „МАЗа“ калі выходзіць, то з 3–4 тысяч чалавек мы пяцьдзясят подпісаў атрымліваем. На мой погляд, гэта кажа пра тое, што людзі проста не разумеюць, што паўплываць на сваё жыцьцё можна толькі праз інстытут выбараў».

Выбаршчык гутарыць з патэнцыйным кандыдатам
Выбаршчык гутарыць з патэнцыйным кандыдатам

Карэспандэнт: «А можа, проста расчараваліся ў гэтым інстытуце як такім?»

Збор подпісаў за Сяргея Калякіна
Збор подпісаў за Сяргея Калякіна

Чаму страшна? Таму што другі мэханізм — гэта вайна, рэвалюцыя, зьвяржэньне, бунт і ўсё астатняе. Гэта ні да чога добрага не прыводзіць ні для краіны, ні для людзей.

«Ну, так, яны проста ня бачаць, што выбары — інстытут зьмены ўлады. Тады гэта вельмі страшна. Чаму страшна? Таму што другі мэханізм — гэта вайна, рэвалюцыя, зьвяржэньне, бунт і ўсё астатняе. Гэта ні да чога добрага не прыводзіць ні для краіны, ні для людзей. Але трэцяга проста не бывае. Таму, калі ўлада ўсё зрабіла, каб людзі ня верылі ў выбары, яна штурхае людзей на тое, што людзі будуць вырашаць гэтыя праблемы па-іншаму. У гэтым віна ўлады — што сваёй палітыкай яна ня выгадавала грамадзян краіны. Многія вераць, што прыляціць нейкі Бэтмэн і вырашыць усе іх праблемы. А самім удзельнічаць, каб зьмяніць сытуацыю — яны ня хочуць».

Некаторыя сябры пікетаў за Калякіна носяць майкі салідарнасьці з палітвязьнем Міколам Статкевічам
Некаторыя сябры пікетаў за Калякіна носяць майкі салідарнасьці з палітвязьнем Міколам Статкевічам

Карэспандэнт: «А якія посьпехі ў вас у зборы подпісаў? Ці ўдасца сабраць патрэбныя 100 тысяч?»

«На заўчорашні дзень у нас было 30 тысяч подпісаў. Сярэдні дзённы збор выходзіць, значыць, 2065. А трэба, для таго каб сабраць, — 3500 за дзень. Хоць штодзённы рост нейкі і ёсьць, але зь цяжкасьцю ідзе кампанія. І шанцы такія, што калі не павялічым тэмпы, то не зьбяром. І невядома, хто больш ад гэтага прайграе: я як кандыдат — або тыя людзі, якія ў выніку прыйдуць на выбары і там пабачаць прозьвішча аднаго чалавека...»

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Выказаўся Сяргей Калякін і наконт учарашняй заявы Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію незалежнымі СМІ, што «Лінія Сталіна» — «бязглузьдзіца сталінскіх часоў»:

«Справа ў тым, што „Лінія Сталіна“ сапраўды не была задзейнічаная. Яна нават не была дабудаваная, а часткова — дэмантаваная. Яна ніякага значэньня ваеннага ня мела. Але нашто яе тады [уладам сучаснай Беларусі. — РС] было адбудоўваць — я так і не зразумеў. Да гэтага казалі, што „Лінія Сталіна“ — гэта сымбаль мужнасьці нашых людзей у часе абароны. А ўчора ён сказаў, што гэта проста ў насьмешку над тым, што рабіў Сталін, ён пасьмяяўся і пабудаваў гэта, пабудаваў там Сталіну помнік. Я вось гэтага не разумею, бо зусім нядаўна, калі адкрывалі „Лінію Сталіна“, ён казаў адваротнае. Але гэта даволі часта бывае ў Аляксандра Рыгоравіча, ён па адных і тых жа пытаньнях можа казаць узаемна процілеглыя рэчы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG