Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына раіць Лябедзьку ня скардзіцца, а праводзіць больш пікетаў


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

У Цэнтральную выбарчую камісію ад пачатку збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта пакуль паступілі толькі тры афіцыйныя скаргі. Пра гэта Свабодзе 4 жніўня паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Паводле яе словаў, дзьве першыя заявы прыйшлі ад патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, яшчэ адна — ад старшыні чарнобыльскай камісіі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 13 скліканьня Віктара Хоміча, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна.

Лідзія Ярмошына сказала, што скаргі Анатоля Лябедзькі ня будуць выносіць на разгляд ЦВК:

«Мы ня будзем іх разглядаць. Няма для гэтага падставаў. Гэта, можна сказаць, высмактаныя з пальца скаргі. Там няма канкрэтных фактаў. Нібыта ў Гомелі прымушалі людзей на двух прадпрыемствах падпісвацца за кіраўніка дзяржавы. Ніякіх фактаў няма. Наш актыў з выбарчай камісіі параспытваў на прадпрыемствах. Ніхто нічога ня ведае. Таму і разглядаць няма чаго.

А другая скарга — пра тое, што на сайце Менскага гарвыканкаму занадта шмат інфармацыі пра ініцыятыўную групу Лукашэнкі, а пра іншыя групы мала. Таксама няма чаго разглядаць. Таму што кожны сайт сам вызначае сваю напаўняльнасьць. Больш пікетаў — больш інфармацыі пра групу».

Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што такі падыход у Цэнтравыбаркаме да ягоных скаргаў яму цалкам зразумелы:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Спадарыня Ярмошына сама зьяўляецца крыніцай розных правакацый. І я тут не перабольшваю. Таму што яе заява, што Аляксандар Лукашэнка сабраў 100 тысяч подпісаў, а Анатоль Лябедзька — толькі 500, і ёсьць сплянаваная правакацыя. Сёньня кіраўнік маёй ініцыятыўнай групы Віктар Карняенка ўсё ж дамогся, што і ў Цэнтральнай, і ў Менскай абласной камісіях яму мусілі сказаць, што насамрэч гэта быццам бы тэхнічная памылка. Ну якая ж гэта памылка альбо прафэсійная праца, калі яны выкідваюць у інфармацыйную прастору неправераную інфармацыю?! Ім патрэбна было паказаць, што галоўны кандыдат сабраў сотню тысяч подпісаў, а ягоныя апанэнты — з камароў нос. Калі людзі здольныя на такія правакацыі, яны ніколі ня будуць разглядаць скаргі апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі».

Інфармацыю пра тое, што Аляксандар Лукашэнка ўжо перадаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі на праверку 100 тысяч подпісаў, а Анатоль Лябедзька — толькі 500, прагучала ў відэазвароце Лідзіі Ярмошынай на афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі 31 ліпеня. Адтуль гэтую інфармацыю і ўзялі журналісты.

Такія відэазвароты старшыня ЦВК будзе рабіць кожны тыдзень. Таму Віктар Карняенка спадзяецца, што «праз пару дзён старшыня ЦВК публічна выправіць сваю памылку».

Спадар Карняенка патлумачыў, што ініцыятыўная група Лябедзькі наагул не здавала яшчэ ніводнага падпіснога ліста на праверку ў тэрытарыяльныя камісіі:

Віктар Каряненка
Віктар Каряненка

«Мы вырашылі правесьці гэтую працэдуру арганізавана пасьля самаправеркі подпісаў».

Віктар Хоміч скардзіцца, што яму не даюць зьбіраць подпісы на гомельскім гарадзкім рынку. Лідзія Ярмошына кажа, што ЦВК пачала вывучаць гэтую справу:

«Мы пакуль ня можам зразумець, каля рынку ён знаходзіўся альбо ўнутры. Адправілі скаргу нашым калегам у Гомель. Яны будуць правяраць і даваць адказ. Калі гэта было ўнутры рынку, то дзеяньні адміністрацыі правамерныя. Калі за межамі рынку, значыць, будзем дырэктара дакараць».

«Я пакуль таксама ня ведаю ўсіх акалічнасьцяў справы Хоміча», — сказаў Свабодзе Валеры Ўхналёў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Каляікна:

«Наша абласная партыйная арганізацыя рэкамэндавала Віктара Хоміча ў склад Гомельскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Але аблвыканкам і аблсавет нам адмовілі. Там палічылі, што старшыня камісіі беларускага парлямэнту ня мае...дастатковага досьведу для такой працы. Адзін гэты факт сьведчыць, як фармуюцца ў Беларусі выбарчыя камісіі.

Апанэнтаў улады ў тэрытарыяльных камісіях вельмі мала. Калі казаць пра нашу партыю „Справядлівы сьвет“, то з 39 вылучэнцаў у камісіях, прычым выключна раённага роўню, працуюць толькі 4».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG